Педагог Святлана Новікава — аб першым месцы працы, выхаванцах і сваім хобі відэографа і мантажора, якое ў дашкольнай установе атрымала новы віток развіцця. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
На хвалі тэхналогій
У маладога спецыяліста ёсць чаму павучыцца, упэўніваюць старэйшыя калегі. Два гады назад па размеркаванні Святлана Дзмітрыеўна трапіла ў дружны калектыў — і жыццё ў садку стала яшчэ больш займальным.
— У рабоце час праляцеў непрыметна. Радуюся кожнаму дню, праведзенаму сярод цудоўных калег і дапытлівых малышоў, — гаворыць выхавальніца. — З радасцю працягну свой прафесійны шлях у гэтым творчым калектыве. Смела гавару: тут я знайшла сябе. Чаму выбрала педагогіку? Мне заўсёды гаварылі, што працаваць з дзецьмі — адно задавальненне. І з гэтым не паспрачаешся. Але ў той жа час займацца развіццём, выхаваннем дзяцей — вялікая адказнасць. Мне падабаецца мая прафесія, маленькія чамучкі прымушаюць рухацца наперад, яны зараджаюць сваёй энергіяй, пазітывам. Разумею, што перада мной стаіць важная задача, трэба многаму іх навучыць. Аднак гэта мяне не палохае, хутчэй наадварот, натхняе на працу, матывуе да стварэння новых праектаў і ўласнага развіцця. Працягваю ўдасканальвацца ў прафесіі, атрымліваю другую вышэйшую адукацыю ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна.
Педагог зарэкамендавала сябе не толькі як выдатны спецыяліст, які знайшоў падыход да малышоў, выбудаваў работу з бацькамі, але і як наватар і ідэйны чалавек — выдатны відэограф і мантажор. Так, дзякуючы новаму праекту і навыкам праграмавання Святланы Дзмітрыеўны, у дзіцячым садзе з’явіўся галаграфічны 3D-вентылятар, які стварае аб’ёмную выяву GIF-карцінкі або трохвымерныя мадэлі птушак. Аб’ёмная выява бусла прыцягвае ўвагу дзяцей, а рэалістычны выгляд крылатых насельнікаў Палесся выклікае ў малых захапленне.
— Захацелася зрабіць нешта незвычайнае і крэатыўнае. Так і ўзнікла думка стварыць лятаючага бусла, — дадае педагог. — Перада мной стаяла задача ажывіць птушку, здзівіць дзяцей трохвымернай выявай, і ўсё атрымалася: выглядае сапраўды вельмі рэалістычна. Каб рэалізаваць задуманае, трэба было пасекундна выразаць бусла (і іншых птушак) з відэасюжэта і загрузіць атрыманыя даныя ў галаграфічны вентылятар. Яго датчыкі на лопасцях свецяцца і перадаюць дэталізаваную карцінку.
Калі ўключаецца галаграфічны вентылятар, можна прасачыць за кожным рухам птушак. Такая рэалістычная карцінка здзіўляе нават дарослых, можна толькі ўявіць радасць і захапленне малых ад усяго ўбачанага.
Увага, матор, камера!
Захапленне мантажом і ўменне перадаць яркую і якасную карцінку, выбраць правільны ракурс, працаваць з асвятленнем і гукам дазволілі педагогу навучыць дзяцей заўважаць прыгажосць навакольнага свету. Так, пад кіраўніцтвам Святланы Дзмітрыеўны выхаванцы пачалі ствараць мультфільмы.
— Адзін з самых яркіх праектаў гэтага года — работа ў мультстудыі “Вжик”, адзін з галоўных персанажаў — пчолка, — расказвае суразмоўніца. — У нас ёсць неабходнае абсталяванне для здымак, герояў з пластыліну лепім разам з выхаванцамі. Ужо зняты тры мультфільмы. Мае хлопчыкі і дзяўчынкі з радасцю прыдумлялі сюжэты, агучвалі персанажаў і адначасова развівалі сваё маўленне, пачуццё рытму і музыкальнасць. А яшчэ праз відэа і заняткі ў студыі імкнуся дзяліцца з дзецьмі сваім захапленнем гэтым дзіўным светам, паказваць ім яго прыгажосць і ўнікальнасць. Спадзяюся, гэта дапаможа дашкалятам адчуць сувязь з прыродай, сфарміруе ў іх паважлівае стаўленне да навакольнага асяроддзя і натхніць на даследаванне і ахову прыроды.
Акрамя таго, наш дзіцячы сад далучыўся да творчай групы Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі “Белы караблік”, якая сёлета працуе над стварэннем серыі мультфільмаў. Ідэі абласной творчай групы натхнілі на арганізацыю на базе нашай установы раённай мультстудыі. Так, на раённым метадычным аб’яднанні метадыстам вучэбна-метадычнага кабінета Святланай Асіпенка было агучана гэтае рашэнне, а мультстудыя атрымала назву “Вжик”. Для калег правялі майстар-клас, падзяліліся вопытам, расказалі пра тое, як здымаць мультфільмы. Радасна, што прадстаўнікі кожнай дашкольнай установы праявілі цікавасць і нават выбралі свой напрамак — зараз самі малююць яркіх герояў або лепяць персанажаў з пластыліну разам з дзецьмі. Усё створанае збіраем у адзіны банк мультфільмаў.
Птушыныя гісторыі
Дзіцячы сад № 5 — скарбніца крэатыўных ідэй па экалагічным выхаванні дашкалят. Нядаўна каманда педагогаў распрацавала кнігу, прысвечаную птушкам Тураўскага лугу.
— Каб развіць пазнавальную цікавасць у дзяцей, нам трэба было стварыць нешта ўнікальнае. Так з’явілася энцыклапедыя “Крылатыя насельнікі Палесся”, з якой мы толькі-толькі пачынаем знаёміць хлопчыкаў і дзяўчынак, — працягвае Святлана Новікава. — У стварэнні кнігі ўдзельнічалі ўсе. Кожны педагог працаваў над пэўнай старонкай выдання. Скажам, калі гэта аповед пра шпака, значыць выхавальнік прыдумаў тэкст, знайшоў біялагічную характарыстыку гэтай птушкі, выбраў цікавыя факты. Кніга ўмоўна дзеліцца на дзве часткі: у першай расказваецца аб птушках, якіх мы вывучаем у межах вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, у другой — аб крылатых жыхарах Тураўскага лугу. На старонках прадстаўлена сапраўднае пяро кожнай птушкі. Самы цікавы, па меркаванні дзяцей, раздзел — падборка мультфільмаў пра птушак. Таксама ў матэрыялах ёсць QR-код, па якім можна знайсці дадатковую інфармацыю. Дарэчы, створаны спецыяльны ўкладыш да выдання — стравы для шпака, ластаўкі і іншых птушак. Цяпер дзеці дакладна ведаюць, чым можна і чым не варта іх карміць. Напрыклад, нельга іх частаваць салодкімі прысмакамі. А яшчэ вялікая праблема для птушак — жавальная гумка, калі дзеці кідаюць яе не ў сметніцу, а на дарогу. Птушкі прымаюць яе за ежу, з’ядаюць, а пасля, на жаль, гінуць. Таму выхаванцы сталі больш пільна сачыць за тым, каб смецце апыналася ў кантэйнеры. Гэта адзін з урокаў, якому вучыць выданне.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара