«Формула поспеху» – пад такой назвай прайшла школа маладых педагогаў у Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Тут сабраліся каля 50 настаўнікаў-прадметнікаў са стажам работы да двух гадоў з розных куткоў рэгіёна. Яны азнаёміліся з сучаснымі тэндэнцыямі праектавання і правядзення навучальных заняткаў, псіхолага-педагагічнымі падыходамі да арганізацыі адукацыйнага працэсу, інавацыямі ў сферы. У праграме былі круглыя сталы, майстар-класы, якія правялі настаўнікі-метадысты і ўдзельнікі конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь».
– Стала добрай традыцыяй напярэдадні навучальнага года знаёміцца з маладымі настаўнікамі, аказваць ім метадычную і прадметную дапамогу, трансліраваць вопыт лепшых педагогаў вобласці і перадаваць эфектыўныя педагагічныя знаходкі тым, хто толькі пачынае шлях у прафесіі, – адзначыла начальнік цэнтра агульнай сярэдняй адукацыі ГрАІРА Алена Хаменя. – Гэта ўжо 15-я школа. Сёлета яна прайшла ў больш шырокім фармаце. Кожны год мы дадаём нешта новае, але заўсёды робім акцэнт на некалькіх фундаментальных для гэтай школы кірунках.
Псіхолага-педагагічны напрамак прадугледжваў агульныя трэнінгі на знаёмства, згуртаванне, зняцце стрэсу. Такія заняткі карысныя не толькі для маладых педагогаў, потым яны могуць выкарыстоўваць іх у сваёй рабоце. Абавязковая частка тычыцца ўрока. У гэтым годзе прайшло некалькі майстар-класаў: «Урок ад А да Я», «Урок як маленькае жыццё», а таксама метапрадметны ўрок.
Яшчэ адным важным складнікам заняткаў у школе стала прэзентацыя сучасных педагагічных тэхналогій, актуальных прыёмаў і метадаў. Цікавымі, напрыклад, былі практычныя заняткі «Лічбавы фрэш, ці Сеткавыя дадаткі да ўрокаў». Маладым спецыялістам паказалі, што сучасны ўрок можа быць інтэрактыўным, з сеткавымі і лічбавымі дадаткамі, дзе наладжана камунікацыя настаўніка з навучэнцамі. Для тых, каму ўжо даверылі класнае кіраўніцтва, карыснымі былі практычныя заняткі на тэму «Інтэрактыўныя метады ў рабоце класнага кіраўніка як фактар згуртавання дзіцячага калектыву і развіцця камунікатыўных уменняў вучняў».
Запамінальнай для ўдзельнікаў стала сустрэча з начальнікам галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Русланам Абрамчыкам. Гутарка закранула і палітыку дзяржавы ў сферы адукацыі, і магчымасці самарэалізацыі на прафесійным шляху, і многія актуальныя пытанні, якія хвалююць сучасных маладых педагогаў. Рэалізацыю асноўных падыходаў маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь абмеркавалі на пасяджэнні круглага стала з удзелам старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Лелы Шпак. Начальнік цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы ГрАІРА Алена Акімава правяла лекцыю-дыялог па арганізацыі адзінага першага школьнага ўрока «У гістарычнай памяці сіла і адзінства беларускага народа», а таксама зрабіла акцэнты на асаблівасцях ідэалагічнага, грамадзянскага і патрыятычнага выхавання ў гэтым навучальным годзе.
Маладыя педагогі не толькі набылі новыя веды, але і добра адпачылі. Гродзенская абласная арганізацыя галіновага прафсаюза арганізавала паездку па Гродзенскім раёне, у прыватнасці, на Аўгустоўскі канал, у музей пісанкі.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота прадастаўлены ГрАІРА