Маляванне валокнамі воўны: чаму ім так захапілася настаўніца з Рагачова Інеса Кучко

- 14:20Увлечения

Акварэль ёй замянілі рознакаляровыя валокны натуральнай воўны. І пэндзлік не патрэбен, каб ствараць унікальныя карціны. А час, праведзены ў лодцы з вудай, стаў лепшай крыніцай натхнення для Інесы Кучко, настаўніцы гімназіі з Рагачова. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З правам на памылку     

Ужо больш за дзесяць гадоў яна захапляецца маляваннем воўнай. Узяўшы ў рукі аднойчы гэты натуральны матэрыял, разлучацца з ім больш не захацела.

— Памятаю сваю першую работу. Колькі я з ёй намучылася! Здавалася, маленечкая кветка нарцыса, што яе там ра­біць?! (Усміхаецца.) Гэта сёння, маючы вопыт, разумею: чым меншы памер карціны, тым складаней. А тады мне так не хапала аб’ёму, і, калі нарэшце работа спадабалася, зверху палажыла шкло. А яно трэснула. Ледзь не расплакалася. Хутчэй узяла лак для валасоў і запырскала кветку. Зараз яна вісіць у маім кабінеце. Не саромеюся, паказваю дзяўчынкам, якія робяць першыя крокі ў такім мастацтве, — дзеліцца настаўніца.

Пачынаюць юныя майстрыхі з фармату А4. А іх вопытная настаўніца, калі прыйдзе натхненне, здольна ўсяго за пару гадзін намаляваць карціну 30 на 40 або нават 50 на 60 сантыметраў.

— Асаблівасцю акварэлі з воўны з’яў­ляецца ўніверсальнасць. Займацца стварэннем такіх вырабаў можа хто заўгодна, незалежна ад полу і ўзросту, — пераканана Інеса Аляксандраўна. — Тэхніку мо­гуць асвоіць і дзеці, і дарослыя. Галоўная ж прычына, чаму я выбрала гэты матэ­рыял, — магчымасць эксперыментаваць, не баючыся, што сапсуеш карціну, як часта гэта бывае пры маляванні фарбамі. За кошт таго, што воўна выкладваецца пластамі, адначасова атрымліваецца і аб’ёмнасць, і фактурнасць, і каляровы эфект, падобны да таго, які назіраецца ў тэхніцы акварэлі з характэрнымі разводамі.

У самым пачатку творчага шляху палітра мастачкі налічвала каля 70 адценняў. Зараз іх нават нельга злічыць. Яна раскладвае валокны на вялікім стале, ходзіць вакол і выбірае неабходныя.

— З дапамогай каляровай воўны можна ствараць па-сапраўднаму маляўнічыя карціны — пейзажы, нацюрморты, абстракцыі і нават партрэты. Чым больш адценняў валокнаў, тым больш магчымасцей. Валокны цудоўна змешваюцца, таму можна атрымаць патрэбны колер. Пры гэтым нават для адной карціны неабходна выкарыстоўваць розныя тэхнікі. І ўсе яны простыя і даступныя. Скручванне, наразанне, адрыванне валокнаў, калі выкладаем фон. Каб быў мяккі пераход ад аднаго колеру да другога, лепш іх выцягваць. Каб правесці рэзкую мяжу, адразаем нажніцамі. І так паступова нараджаецца карціна. Колькасць пластоў можа даходзіць да дзесяці. Некаторыя майстры рэкамендуюць карыстацца пінцэтам, у мяне ж пад рукой толькі нажнічкі, — тлумачыць настаўніца.

У сакавіку прайшла персанальная выстава работ мастачкі пад назвай “Карціны без фарб і пэндзліка”. Творы настолькі прыйшліся даспадобы наведвальнікам, што амаль усе знайшлі свайго пакупніка. А потым з’явіліся прапановы зрабіць на заказ.

— Прасілі паўтарыць некаторыя карціны з серыі: “Лаванда”, “Макі”, “Валошкі” і не толькі. Аднак гэта немагчыма. Ніколі не атрымліваецца такая ж работа, — прызнаецца мастачка.

Сярод усіх карцін па стылістыцы вылучаецца серыя з жанчынамі. Гэта не партрэты, аднак у створаных аўтарам вобразах можна пазнаць героя па сілуэце, жэстах, інтэр’еры і прадметах, якімі ён любіць карыстацца.

— Пры гэтым выглядаюць яны ўніверсальнымі, і кожны можа ў тым ці іншым вырабе ўбачыць сябе — свой настрой, свае эмоцыі, адлюстраванне свайго ўнутранага свету, — адзначае настаўніца.

Любімая тэма Інесы Кучко — кветкі, пейзажы, нацюрморты. Яна заўважае прыгажосць наваколля і перадае яе ў сваіх карцінах. Каб напоўніць сябе новымі ўражаннямі, адпраўляецца на рыбалку.

— У мяне ёсць нават пасведчанне рыбака. Люблю тролінг, калі з вудай ся­дзіш не на беразе, а ў лодцы, якая рухаецца. Праплываем шмат кіламетраў па рацэ, увесь час мяняюцца пейзажы, вакол птушкі, расліны, водная роўнядзь — прыгажосць! Вельмі люблю сініх стракоз. Яны часта прысутнічаюць побач з кветкамі на маіх карцінах. Мне падабаецца за імі назіраць. Калі яны садзяцца на маю вуду, мне ўсё роўна, ці злаўлю я рыбу, — з усмешкай расказвае Інеса Аляксандраўна.

Яна знаходзіць час і для правядзення майстар-класаў. Марыць падзяліцца сваімі навыкамі з жадаючымі ў розных гарадах краіны.

— Часцей за ўсё робім карціну з выя­вай лаванды. Самае прыемнае для мяне тое, што работа атрымліваецца ў кожнага і, канечне, што мае вучні рознага ўзросту адчуваюць радасць і задавальненне, — падкрэслівае настаўніца.

У гімназіі яна кіруе аб’яднаннем па інтарэсах “Каларыт”. Створаныя яго ўдзельнікамі вырабы з натуральнай воўны ўжо праславілі ўстанову адукацыі на ўсю краіну. Займаюцца ў асноўным дзяўчаты, аднак і хлопчыкам тут таксама рады.

У імкненні да арыгінала

Валокнамі воўны можна не толькі маляваць, але і ствараць цацкі, розныя аксесуары да адзення, аб’ёмныя пано. Дапамагае ў гэтым спецыяльная тэхніка — фелцінг, ці сухое валенне. Нараджаецца выраб шляхам шматразовага пратыкання воўны спецыяльнай іголкай са шчарбінай, якая зблытвае валокны, утвараючы мяккі, пухнаты матэрыял. Інеса Аляксандраўна валодае і гэтым майстэрствам і вучыць гімназістак.

Праўда, яна адзначае, што рабіць цацкі ёй не вельмі даспадобы. А вось ства­раць аб’ёмныя пано з выявамі жывёл заўсёды рада. Часцей за ўсё на іх прысутнічаюць сабакі, якія нібыта выглядваюць з-за вугла, паклаўшы лапкі на раму карціны. За кожнай такой работай цэлая гісторыя.

— Аднойчы мне напісала жанчына і папрасіла намаляваць яе хатняга любімца, абапіраючыся на фотаздымак. Здарылася бяда — гадаванец загінуў на вачах гаспадароў. Пагадзілася, зрабіла, а ёй не спадабалася. Канечне, я знервавалася. Параіла звярнуцца да іншага майстра. Аднак жанчына не захацела. Тады я яшчэ раз паспрабавала. І сабака на барэльефе атрымаўся вельмі падобным на іх гадаванца, — успамінае настаўніца.

А калі яна зрабіла карціну з выявай рыжага спаніэля, уласны гадаванец Інесы Аляксанд­раўны прыняў яго за сапраўднага. 

— Творчыя праекты маіх навучэнцаў, выкананыя ў гэтай тэхніцы, два гады запар атрымліваюць высокую ацэнку журы рэспубліканскага конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія”. Такія работы патрабуюць шмат часу, стараннасці і ўмення праца­ваць у камандзе. Таму нарыхтоўкі мы пачынаем рабіць ужо летам у аздараўленчым лагеры для высокаматываваных навучэнцаў “ЗнаниУМ”, — расказ­вае настаўніца.

Яе дзяўчаты таксама з’яўляюцца пастаяннымі ўладальнікамі дыпломаў раённых і абласных этапаў рэспубліканскіх конкурсаў “Калядная зорка”, “Ратавальнікі вачыма дзяцей”, велікоднага фестывалю “Божая
ласка”.

Сіла калектыўнага розуму

Асобнай увагі заслугоўваюць урокі, якія праводзіць Інеса Аляксандраўна. Зараз яна выкладае прадметы “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)” і “Працоўнае навучанне”. Здаецца, гэта далёка ад той яе мары, якая нарадзілася яшчэ ў дзяцінстве, — быць настаўніцай малявання. Дзеля яе здзяйснення Інеса Кучко, адпрацаваўшы каля дзесяці гадоў выхавальніцай у дзіцячым садзе, паступіла ў БДПУ. Калі ж педагог прыйшла працаваць у гімназію, ёй прапанавалі часова замяніць настаўніцу працы, якая пайшла ў дэкрэтны водпуск.

— Нездарма, відаць, людзі кажуць: няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. Нечакана для сябе я так загарэлася гэтай работай, што пачалі з дзяўчатамі ўдзель­нічаць у алімпіядным руху. І дасягнулі поспеху — выйшлі на рэспубліканскі этап з вучаніцай. Разам стварылі ляльку з саломы, нават абутак сплялі з гэтага прыроднага матэрыялу. Атрымалася вельмі прыгожа. Я засталася і не шкадую, — запэўнівае настаўніца.

Мара Інесы Кучко здзейснілася — яна працуе з дзецьмі, раскрывае іх творчыя здольнасці. Педагог пераканана, што яны ёсць у кожнага. Дапамагае ёй у гэтым асаблівы падыход, які грунтуецца на наступных прынцыпах.

— Я супраць шаблонаў. Сама іх не люб­лю і не дапускаю падчас урокаў. Паказваю дзецям работу, якую трэба выканаць, мы разам абмяркоўваем і пачынаем тва­рыць. І дзякуючы такому калектыўнаму розуму, вырабы атрымліваюцца цікавымі і непаўторнымі. Дазваляю вучням фантазіраваць — чым больш, тым лепш. Ніколі не крытыкую іх, бо ў творчым працэсе ў кожнага сваё бачанне. Заўважыла, што школьнікі баяцца маляваць пэндзлікамі, таму замест іх мы выкарыстоўваем паветраныя шарыкі, скамечаную паперу — усё, што трапляе пад рукі. І атрымліваюцца шэдэўры! — тлумачыць Інеса Аляксандраўна.

На ўроках прадмета “Мастацтва” яна прапаноўвае дзецям канвеерную тэхналогію работы. Напрыклад, верш С.Ясеніна падзяляецца на чатыры часткі і раздаецца адпаведнай колькасці груп. У кожнай пад рукой свой матэрыял — фарбы, кавалачкі тканіны, скуры, фанцікі, 3D-ручкі. Вучні робяць ілюстрацыі да паэтычных радкоў, потым збіраецца агульная кампазіцыя — цікавы калаж. Яшчэ настаўніца актыўна выкарыстоўвае міжпрадметныя сувязі. Напрыклад, дзеці малююць каляндар прыроды да ўрока біялогіі, раздрукоўва­юць яго. Тыя, хто захапляецца інфарматыкай, дапамага­юць з афармленнем. У творчым узаемадзеянні ствараюцца ўнікальныя рэчы!

Марына ЖДАНАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА