Малюю — значыць існую

- 12:22Псіхалогія +, Рознае партфолiо

Усе мы розныя, валодаем індывідуальнымі асаблівасцямі. Адным лягчэй даюцца дасягненні, другім — складаней. Аднак шанс дабіцца жаданага ёсць у кожнага. Трэба толькі знайсці менавіта свой стыль, спосаб, шлях пераадолення трывогі, скаванасці, закрытасці, страху і няўпэўненасці. Напярэдадні сезона прадметных алімпіяд будзем рыхтавацца загадзя, шукаць правільны настрой, абапірацца на станоўчыя эмоцыі, вывучаць сябе, прымяняючы асаблівы, неверагодны, сучасны, эстэтычны і проста прыемны спосаб — маляванне. Мы будзем не проста ствараць творчы прадукт, а зоймемся выяўленчай дзейнасцю для набыцця ўпэўненасці, для расшыфроўкі слабых месцаў, для пошуку лепшай матывацыі, натхнення, працаздольнасці. Іншымі словамі ўсяго таго, што вядзе да поспеху глабальнага, абсалютнага або прамежкавага.

ДЫЯЛОГ З ЧЫТАЧОМ

Свабоднае маляванне дасць волю ўяўленню і фантазіі, дапаможа разняволіцца і адкрыць у сабе новыя магчымасці, выяўленчая дзейнасць дазволіць чалавеку не толькі паказаць сябе, але і глыбей зразумець праз створаныя вобразы. Выяўленчыя практыкаванні адновяць баланс паміж рацыянальным і эмацыянальным, а тэрапеўтычны эфект не прымусіць сябе доўга чакаць. Маляванне паляпшае эмацыянальны і фізічны стан, павышае самаацэнку, спрыяе развіццю ўзаемаадносін з навакольнымі. Выяўленчыя практыкаванні можна праводзіць індывідуальна і ў групе. Важна стварыць у навучэнцаў творчы настрой і атмасферу псіхалагічнай бяспекі.
Практыкаванне “Вокны” дапаможа навучэнцам упэўніцца ў каштоўнасці сваёй індывідуальнасці, павысіць упэўненасць у сабе, стаць больш энергічным, актыўным, згуртавацца, адчуць падтрымку групы.

Аўстрыйскі архітэктар і жывапісец Ф.Хундэртвасэр лічыў, што “дамы складаюцца не са сцен, а з вокнаў”. Ён быў упэўнены, што кожны, хто жыве ў доме, меў права высунуцца са свайго акна, размаляваць або як-небудзь інакш змяніць сцяну вакол яго. У працэсе творчай гульні папрасіце навучэнцаў уявіць, напрыклад, алімпіяду — домам, а сябе, яе ўдзельнікаў, вокнамі ў гэтым доме. Паколькі кожны з нас не падобны да другога, значыць, і вокны дома будуць самымі разнастайнымі. Заданне ўдзельнікам: адцягнуцца ад рэалій штодзённасці і на лісце паперы стварыць сваё акно. Вітайце самыя смелыя эксперыменты з формай і зместам. Калі акно будзе гатова, яго трэба выразаць і змясціць у любое месца падрыхтаванай раней сцяны дома. У кожнай групы атрымаецца свой дом. Прымалюйце дому дах. Прапануйце дзецям апісаць уражанні ад кожнага акна. Кожны можа расказаць сваю гісторыю стварэння акна. Размовы і разважанні на тэму вокнаў могуць шмат чаму навучыць удзельнікаў і прынесці ім сапраўднае задавальненне.

Практыкаванне “Праблема і яе вырашэнне”. Ліст белай паперы дзелім на дзве часткі лініяй. На адной палове ліста будуць перададзены ўсе негатыўныя думкі і перажыванні, на другой — іх супрацьлегласці. У сваёй рабоце чалавек можа відазмяняць зыходныя колеры, надаваць ім якія-небудзь формы, выкарыстоўваючы любыя мастацкія матэрыялы. Галоўнае — дабіцца кантрасту дзвюх палавін аднаго ліста. Немагчыма ўявіць жыццё без праблем і няўдач, але недзе побач заўсёды знаходзіцца радасць і ўдача. У працэсе выканання гэтага практыкавання важна сканцэнтравацца менавіта на супрацьлеглых станах. Калі работа будзе скончана, адрэжце “негатыўную” палавіну і знішчыце яе. А “пазітыўная” палавіна можа стаць асновай для калажу. Для яго стварэння трэба выразаць з часопісаў аб’екты, якія выклікаюць прыемныя эмоцыі, перадаюць імкненні і мары. Калажу можна прыдумаць назву. Вельмі цікавым будзе абмеркаванне творчага працэсу і выніку.Практыкаванне “Пірог” дапаможа ацаніць свой асобасны вынік, які спрыяе дасягненню запланаванай мэты.

Асоба кожнага чалавека шматгранная, у кожнага ёсць розныя здольнасці, уменні, асобасныя якасці. Прапануйце вучню стварыць выяву, падобную да абаранка. Гэты абаранак разам з дзіцем раздзяліце на часткі-сегменты, выключаючы цэнтр. Папрасіце вучняў намаляваць на частках-сегментах пірага выявы, якія адлюстроўваюць такія бакі сваёй асобы, якія дапамогуць, напрыклад, паспяхова выступіць на прадметнай алімпіядзе. Свабодная прастора, што засталася ў сярэдзіце выявы пірага, уносіць некаторую інтрыгу ў выкананне практыкавання. Дзіця абавязкова спытае, што намаляваць у цэнтры. Адкажыце яму, што гэта будзе “вока” пірага. Намалюйце яго разам з вучнем і растлумачце, што ў кожнага чалавека ёсць “унутранае вока”, якое дазваляе нам убачыць, усвядоміць усе бакі сваёй асобы, разумець, што мы адчуваем, перажываем, што робім. Парэкамендуйце навучэнцам успомніць пра гэтае “вока”, як толькі яны адчуюць хваляванне з якой-небудзь нагоды, каб запомніць свае пачуцці і абмеркаваць з педагогам. Можна папрасіць падлетка намаляваць пірог, які адлюстроўвае ўспрыманне яго навакольнымі: бацькамі, сябрамі, настаўнікамі. Або адлюстроўвае яго адчуванні на ўроках, дома, на алімпіядзе.

Другім варыянтам выканання задання можа быць стварэнне двух малюнкаў пірага: першы з выявай таго, якім падлетак хацеў бы сябе бачыць, а другога — што ёсць на сёння. Педагог можа задаваць дадатковыя пытанні, каб высветліць, наколькі вучань успрымае гэтыя вобразы такімі, што адрозніваюцца адзін ад аднаго, і здольнымі да збліжэння.

Практыкаванне “Пуантылізм. Дыван маіх думак” карысна для эмацыянальнага і фізічнага развіцця навучэнцаў. Пуантылізм — гэта мастацкі прыём у жывапісе, які ўяўляе сабой пісьмо раздзельнымі выразнымі мазкамі ў выглядзе кропак або дробнымі квадрацікамі. Працэс малявання ў такой тэхніцы можа быць вельмі цікавым, пазітыўным, дапамагае сканцэнтравацца і адначасова расслабіцца. Вазьміце лісты невялікага фармату, наносьце мазкі на паверхню самастойнымі кропкавымі мазкамі. Змешваць колеры можна толькі з белым, але не паміж сабой. Маляваць пажадана адразу абедзвюма рукамі. Напрыклад, пэндзаль у правай руцэ адказвае за цёплыя колеры, у левай — за халодныя. Выява можа сфарміравацца ў мудрагелісты ўзор, вобраз, а можа застацца абстрактнай. Выкладзіце работы на стол для агульнага прагляду. Усе работы будуць мець розны характар, нягледзячы на тое, што выкананы будуць у адной тэхніцы. Абмяркуйце работы.

Адна з самых сучасных тэхнік візуалізацыі — дудлінг. Дудлы — спантанныя меткі, якія дапамагаюць думаць, усведамляць, запамінаць. Выкарыстоўваючы дудлінг як выяўленчы спосаб або інструмент, мы актывізуем работу абодвух паўшар’яў мозга, адкрываем доступ да інсайту (азарэння). Здольнасцей да малявання пры гэтым не патрабуецца. Можна пачаць з сапраўдных крамзоляў, а гэта атрымліваецца ва ўсіх. Дарэчы, маляванне крамзоляў знімае эмацыянальнае напружанне. Маляванне ў стылі дудлінг дапамагае арганізаваць і структураваць думкі. Візуалізуйце свой мінулы дзень і ўбачыце, дзе можна знайсці рэзерв часу на важныя справы. Візуалізуйце свае справы і правілы, вядзіце дзённік у карцінках. Візуалізуйце свае планы, мэты, мары — гэта дапаможа зразумець, чаму вы робіце тое, што робіце. З дапамогай дудлінга можна аформіць спіс задач. Малюйце тое, пра што марыце, малюйце дзеля забавы, а свет няспынна будзе прапаноўваць мноства новых тэм і выклікаў.

Толькі папрактыкаваўшыся, мы знойдзем найбольш прыдатны дадатковы педагагічны інструмент для набыцця нашымі вучнямі больш упэўненага кроку да поспехаў і высокіх дасягненняў.

“ПСІХАЛАГІЧНАЕ ЛЮСТЭРКА”

Ацаніце сваю трывожнасць, рыгіднасць і экстравертаванасць

Карысныя ці шкодныя такія “інгрэдыенты” нашай асобы, як трывожнасць, рыгіднасць, экстравертаванасць? Адкажам пытаннем на пытанне? А наколькі ярка яны выяўлены? Даследуйце сябе з дапамогай методыкі Д.Моўслі, прачытайце характарыстыкі і зрабіце высновы.

1. Ці бывае ў вас так, што вы настолькі ўсхваляваны нейкімі думкамі, што не можаце ўседзець на адным месцы?

2. Вас калі-небудзь непакоіла “бескарысная думка”, якая ўвесь час круцілася ў галаве?

3. Ці хутка вас можна пераканаць у нечым?

4. Ці лічыце вы, што вашым словам можна давяраць?

5. Ці можаце вы забыць пра ўсе справы і пайсці павесяліцца ў добрай кампаніі?

6. Ці бывае ў вас часта так, што вы прынялі рашэнне вельмі позна?

7. Ці лічыце вы тое, чым займаецеся, нечым само сабой зразумелым?

8. Ці любіце вы работу, якая патрабуе значнай засяроджанасці, увагі?

9. Ці любіце вы весці размовы пра ваша мінулае?

10. Ці цяжка вам забыць пра вашы справы, пра ўсё, нават на ажыўленай вечарынцы?

11. Ці не даюць вам спакою думкі і вобразы так, што вы не можаце спаць?

12. Калі вы заняты сваёй асноўнай работай, то ці цікавіцеся ў той жа час работай сваіх сяброў?

13. Ці часта бываюць выпадкі, калі вам неабходна застацца аднаму?

14. Ці лічыце вы сябе шчаслівым чалавекам?

15. Ці саромеецеся вы ў прысутнасці асоб іншага полу?

16. Ці непакоіць вас пачуццё віны?

17. Вы спазняліся калі-небудзь на заняткі або сустрэчу?

18. Ці цяжка вам пераключыцца з аднаго экзамену на другі?

19. Ці часта вы адчуваеце сваю адзіноту?

20. Ці многа часу вы праводзіце ва ўспамінах пра лепшыя часы свайго мінулага?

21. Ці лічыце вы за лепшае заставацца непрыметным на вечарынах, у гасцях?

22. Ці правільна, што вас даволі цяжка ўсхваляваць?

23. Ці часта вы адчуваеце незадаволенасць?

24. Ці схільны вы давесці да канца папярэднюю работу, калі вас чакае іншая, больш цікавая?

25. Ці бывае ў вас такое адчуванне, што ваша работа для вас — справа жыцця і смерці?

26. Ці цяжка вам адмовіцца ад звычак, якія вам не даспадобы?

27. Ці любіце вы разважаць пра сваё мінулае?

28. Ці лічыце вы сябе шчасліўчыкам, чалавекам, якому ў жыцці ўсё лёгка ўдаецца?

Апрацоўка і інтэрпрэтацыя вынікаў тэста

Трывожнасць вызначаецца сумай балаў за:

* адказы “Так” на пытанні — 1, 2, 4, 10, 16, 23, 25, 29, 31, 34;

* адказы “Не” на пытанні — 5, 7, 14, 15, 17, 22, 28.

За кожны адказ, які супадае з ключом, ставіцца 1 бал.

ЛТ = (сума “Так” + сума “Не”)*(60/17) + 20

Рыгіднасць вызначаецца сумай балаў за:

* адказы “Так” на пытанні — 18, 24, 26;

* адказы “Не” на пытанні — 3, 12, 32, 35.

За кожны адказ, які супадае з ключом, ставіцца 2 балы.

Р = (сума “Так” + сума “Не”)*(60/14) + 20

Экстравертаванасць вызначаецца сумай балаў за

* адказы “Так” на пытанні 6, 8, 9, 13, 19, 20, 21, 27, 33;

* адказы “Не” на пытанне 30.

За кожны адказ, які супадае з ключом, ставіцца 2 балы.

Э = (сума “Так” + сума “Не”)*(60/20) + 20

Формулы выведзены, каб нарміраваць вынікі па шкалах трывожнасці, рыгіднасці і экстравертаванасці адносна адна адной.

Максімальная колькасць балаў — 80

* 20—30 балаў — нізкі ўзровень выяўленасці паказчыка;

* 31—45 балаў — сярэдні;

* 46 балаў — высокі.

Трывожныя асобы характарызуюцца цяжкасцямі ў абароне сваёй пазіцыі, лёгка адступаюць перад націскам праціўніка або акалічнасцей. Трывожны чалавек часта нясмелы. Трывожнасць робіць цяжкім дасягненне пастаўленых мэт. Перажыванне трывожнасці стварае эмацыянальны дыскамфорт.

Рыгіднасць — уласцівасць псіхікі і характару чалавека да трывалага захавання, стойкасці псіхаэмацыянальнага стану, свядомай устаноўкі, прыхільнасць да звычайных спосабаў дзейнічаць. У сярэдняй выяўленасці рыгіднасць як псіхалагічная характарыстыка асобы праяўляецца ва ўстойлівасці інтарэсаў, накіраванне на абарону свайго меркавання; практычнасць, цвярозасць поглядаў на жыццё; імкненне асноўвацца на сваім вопыце; акуратнасць, педантычнасць, вернасць сваім прынцыпам, прамалінейнасць і ўпартасць у іх абароне.

Экстравертаваны чалавек выдатна адчувае сябе ў ажыўленай кампаніі, дзе атрымлівае ўражанні і інфармацыю, з задавальненнем бавіць час з людзьмі ў зносінах. Сярод любімых заняткаў экстравертаў такія, у якіх можна быць актыўным удзельнікам.

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.