Мары спраўджваюцца

- 11:00Сацыяльны ракурс

Юныя артысты з Сенненшчыны сталі пераможцамі Х Міжнароднага фестывалю творчасці выхаванцаў дамоў-інтэрнатаў для дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю “Мары спраўджваюцца”.

Фестываль праводзіцца па ініцыятыве дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Свет без межаў” пры падтрымцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Гэта ўнікальнае інклюзіўнае творчае мерапрыемства для дзяцей з асаблівасцямі, якія жывуць у 10 інтэрнатных установах сістэмы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Разам з імі падчас папярэдніх фестываляў, што адбыліся ў Мінску, Брэсце і Лідзе, выходзілі на сцэну дзеці з Расіі, Латвіі і Польшчы. Сёлета на маштабным творчым форуме з поспехам прадставіла сваё выступленне каманда з Адэсы. Выхаванцы дамоў-інтэрнатаў маюць складаныя парушэнні функцыянальнага характару, практычна кожнаму трэцяму з іх неабходна пастаянная дапамога. З мэтай сацыяльнай абілітацыі дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю іх запрашаюць у творчыя аб’яднанні па інтарэсах, для іх арганізавана танцавальна-рухальная і музычная тэрапія. Фестываль дазваляе ўдзельнікам прэзентаваць сваю творчасць вялікай аўдыторыі і выступіць у адной праграме з эстраднымі зоркамі, стварае спрыяльныя ўмовы для зносін паміж артыстамі, гледачамі, валанцёрамі. Яго галоўная мэта — інтэграцыя ў грамадства дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю.

Поўная назва юбілейнага свята — “Мары спраўджваюцца — 2017”. Арганізатары прапанавалі ўдзельнікам паразважаць пра будучыню і памарыць, якім ім бачыцца жыццё на Зямлі ў наступным тысячагоддзі. Праграма ўключала адборачны тур, які праходзіў у абласной філармоніі, і гала-канцэрт у Летнім амфітэатры. Упершыню пазыўныя фестывалю прагучалі на вядучых сцэнічных пляцоўках “Славянскага базару ў Віцебску”. У гала-канцэрце разам з фіналістамі прынялі ўдзел Аляксандр Саладуха, Дзмітрый Калдун, Ян Маерс і іншыя вядомыя выканаўцы. За галоўны прыз — права прадстаўляць нашу краіну на міжнародным конкурсе ў Швецыі і гастрольны тур па гарадах гэтай краіны — змагаліся 90 канкурсантаў і іх групы падтрымкі, валанцёры і суправаджаючыя асобы, усяго больш за 140 чалавек. Яркай і разнастайнай была жанравая палітра выступленняў: вакал, харэаграфія, тэатральныя мініяцюры, арыгінальны жанр. Як адзначыла старшыня журы конкурсу, тэлевядучая, актрыса, пасол добрай волі ЮНЭЙДС у Беларусі Святлана Бароўская, усе творчыя калектывы вельмі пераканаўча паказалі, што іх мары вартыя ажыццяўлення. А пераможцам і ўладальнікам гран-пры фестывалю журы аднагалосна прызнала каманду з Багушэўскага дома-інтэрната Сенненскага раёна. Сваю ўстанову і Віцебшчыну прадстаўлялі восем артыстаў ва ўзросце ад 14 да 30 гадоў.

— Чалавеку не дадзена ведаць, колькі часу будзе ён жыць, але дадзена выбіраць адно, як яму з гэтым часам быць — жыць! Гэта галоўная думка нашага спектакля-мюзікла, — расказала кіраўнік творчага калектыву выхавальнік Ірына Міронава. — Як бы ні мяняўся час, але і праз тысячу гадоў асноўнай каштоўнасцю застанецца жыццё. Мы не ўпершыню ўдзельнічаем у міжнародных фестывалях. Тройчы прадстаўлялі Беларусь на вядомых “Кракаўскіх сустрэчах” і тройчы атрымлівалі прыз глядацкіх сімпатый, адзін раз заваявалі гран-пры. У гастрольным туры, які стаў магчымым дзякуючы падтрымцы шведскага дабрачыннага фонду “Дапамога Эрыка”, збіраемся паказаць замежным гледачам свае новыя творчыя дасягненні. І вельмі спадзяёмся, што ў Швецыі журы конкурсу дастойна ацэніць наша выступленне.

Сярод спонсараў творчага форуму былі многія прадпрыемствы і арганізацыі нашай краіны. Цікава, што ўпершыню ў іх лік увайшлі ўстановы сацыяльнай абароны, Дунілавіцкі дом-інтэрнат Пастаўскага раёна і Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Бешанковіцкага раёна, якія падрыхтавалі свае прызы — шэзлонгі і камплект драўлянай садовай мэблі для адпачынку.

Для ўдзельнікаў і гасцей фестывалю была арганізавана святочная выстава — продаж сувенірнай прадукцыі, вырабленай у майстэрнях для людзей з інваліднасцю.

1-е месца па выніках конкурсных выступленняў атрымала каманда з Івянецкага дома-інтэрната, 2-е — у прадстаўнікоў Гомельскага дома-інтэрната, 3-й у лідарскую тройку ўвайшла каманда Чэрвеньскага дома-інтэрната. Прыз глядацкіх сімпатый на гэты раз адправіўся ў Гомель. Акрамя таго, асобным выканаўцам журы ўручыла ўзнагароды ў намінацыях. Так, “Лепшае танцавальнае выкананне” прадэманстравалі выхаванцы Гарадзішчанскага дома-інтэрната. Андрэй Жмут з Івянецкага дома-інтэрната адзначаны дыпломам у намінацыі “Лепшае вакальнае выкананне”. Арцём Аліксіенка з Адэсы стаў уладальнікам узнагароды ў намінацыі “Нацыянальны каларыт”.

— Ацэньваць выступленні было досыць складана, таму што агульны ўзровень выканаўцаў быў высокі, — падкрэсліла член журы начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Вера Астапенка. — Кожны з удзельнікаў фестывалю варты самага шчырага захаплення і пашаны. Гэта людзі не з абмежаванымі, а з сапраўды бязмежнымі магчымасцямі.

Таццяна БОНДАРАВА.