Мары збываюцца

- 11:19Падзеі, Сацыяльны ракурс

Яркія паветраныя шары, ззяючыя ўсмешкі дзяцей, радасныя твары бацькоў і педагогаў. Так урачыста і святочна прайшло адкрыццё новага дзіцячага сада ў Шклове.

Урачыстасць стала чаканай падзеяй для гараджан. Дзіцячы сад з’явіўся ў мікрараёне, які зараз інтэнсіўна забудоўваецца. Жыллё атрымліваюць шмат маладых сем’яў з маленькімі дзеткамі. Дашкольная ўстанова была вельмі патрэбна.

Пабудавалі сад за даволі кароткія тэрміны. Ва ўстанове ёсць усё неабходнае для рознабаковага развіцця дзяцей. Арганізацыя ўсіх памяшканняў адпавядае санітарна-эпідэміялагічным правілам і нормам пажарнай бяспекі. Кожная група аснашчана неабходным гульнявым, спартыўным і вучэбным абсталяваннем, цёплай падлогай і рэцыркулятарамі паветра, асобнымі ўваходамі для забеспячэння магчымасці выйсці непасрэдна на вулічныя гульнявыя ўчасткі, электрычнымі шафамі, дзе можна прасушваць дзіцячае адзенне і абутак. Для аказання меддапамогі ёсць медыцынскі кабінет і ізалятар, усюды створана безбар’ернае асяроддзе. На прылеглай тэрыторыі размясцілася спартыўная пляцоўка.

Наведваць новы дзіцячы сад змогуць 50 выхаванцаў у трох групах рознага ўзросту, што дазволіць забяспечыць крокавую даступнасць дашкольнай адукацыі ў гэтай гарадской зоне. Новы сад асаблівы тым, што ён адзіны ў горадзе цалкам электрыфікаваны. Праект быў рэалізаваны ў адпаведнасці з абласной інвестыцыйнай праграмай. Тут усё будзе працаваць ад электрычнасці, у тым ліку і падчас ацяпляльнага сезона. Абаграванне плануюць ажыццяўляць з выкарыстаннем цёплай падлогі і электраканвектараў.

Павіншаваць дзетак, бацькоў і супрацоўнікаў дзіцячага сада прыйшло нямала ганаровых гасцей. Сярод іх намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Андрэй Заблоцкі і інш. Адметна, што яны завіталі на наваселле з патрэбнымі педагагічнаму калектыву і выхаванцам падарункамі.

Адкрыццё дашкольнай установы прайшло ў радаснай, душэўнай атмасферы. Новаспечаныя выхаванцы паспелі падрыхтаваць для прысутных выдатнае святочнае выступленне. Хлопчыкі і дзяўчынкі спявалі, танцавалі, чыталі вершы. Было бачна, што маленькія насельнікі ўжо адчуваюць сябе ў дзіцячым садзе як дома.

— Будаўніцтва ўстаноў адукацыі з’яўляецца найважнейшым складнікам дзяржаўных прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Нішто не прыносіць такія пазітыўныя эмоцыі, як магчымасць бачыць шчаслівыя твары бацькоў, дзіцячыя ўсмешкі. Няхай гэты новы сад стане пуцяводнай зоркай у выхаванні і развіцці дзяцей, дзе ім заўсёды будзе камфортна, утульна і цікава, — пажадаў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

Дарэчы, зараз праграму дашкольнай адукацыі ў Шклоўскім раёне ажыццяўляе 21 установа. Дзіцячыя сады наведваюць звыш 1000 хлопчыкаў і дзяўчынак. Усюды для іх створаны ўмовы для атрымання якаснай адукацыі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.