Рабочая раніца начальніка ўпраўлення дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Марыны Багданавай нязменна пачынаецца з нарады. На парадку дня важныя пытанні, звязаныя з арганізацыяй вучэбнага працэсу. Спіс задач заўсёды шырокі, мэта адна — якасць навучання. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У органах дзяржаўнага кіравання сістэмай адукацыі Марына Васільеўна не выпадковы чалавек. За яе плячыма больш за 20 гадоў плённай работы.
— Шлях у прафесію пачынаўся з педагогікі, настаўнічала ў абласным ліцэі № 3. На дзяржаўнай службе доўга займалася метадычнай работай, пасля перайшла да кіраўніцкай дзейнасці, — расказала Марына Багданава.
Спектр службовых абавязкаў Марыны Васільеўны істотны. Сумесна са сваёй камандай спецыялістаў яна курыруе ўсе аспекты работы дзіцячых садоў, школ, гімназій і каледжаў рэгіёна.
— Кожны рабочы дзень насычаны падзеямі. Праводзім выязныя маніторынгі праверкі якасці адукацыі, разглядаем звароты грамадзян, рыхтуем розныя мерапрыемствы для педагогаў і навучэнцаў, распрацоўваем лакальныя нарматыўныя дакументы, якія рэгламентуюць функцыянаванне навучальных устаноў, — паведаміла Марына Багданава.
Паводле яе слоў, дзяржаўная служба — вялікая адказнасць перад грамадствам. Гэтая работа патрабуе добрасумленнасці і прафесіяналізму.
— Радуе, што калектыў нашага ўпраўлення цалкам падзяляе маё меркаванне. Усе спецыялісты — прафесіяналы, якія выконваюць сваю справу, не лічачыся з асабістым часам. Кожны на сваім участку работы бачыць перспектыву і робіць максімум для дасягнення выніку, — адзначыла Марына Васільеўна.
Дарэчы, вынікі значныя. Сфера адукацыі Магілёўшчыны стабільна функцыянуе і развіваецца. Навучальныя ўстановы маюць неабходную матэрыяльна-тэхнічную базу і поўнасцю забяспечаны кваліфікаванымі педагагічнымі кадрамі. У вобласці аказваецца ўсебаковая падтрымка адораным навучэнцам, вырашаюцца праблемы малакамплектных школ і наяўнасці месцаў у дзіцячых садах.
— У нас амаль стапрацэнтны ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй. Навучэнцы выдатна спраўляюцца з ЦТ і ЦЭ, паспяхова выступаюць на рэспубліканскай і міжнародных алімпіядах. Аднак мы ацэньваем якасць адукацыі не толькі праз удзел у алімпіядным руху, высокія балы, атрыманыя на цэнтралізаваных экзаменах, і паступленне ва УВА. Першачарговым бачым жыццеўладкаванасць вучняў. Стараемся выбудоўваць вучэбны працэс так, каб, атрымаўшы адукацыю, усе выпускнікі змаглі рэалізаваць сябе, жыць і працаваць на карысць краіны, — падкрэсліла Марына Багданава.
На яе думку, якасць адукацыі — гэта паказчык, які пастаянна патрабуе ўдасканалення, бо свет вакол імкліва мяняецца.
— Адукацыя павінна адпавядаць рэаліям. Аднак удасканаленне трэба ажыццяўляць планамерна, з захаваннем лепшых традыцый. Сёння нашы намаганні накіраваны на задавальненне запытаў грамадзян у прадастаўленні якасных адукацыйных паслуг на ўсіх узроўнях, — заўважыла суразмоўніца.
На найбліжэйшую будучыню ва ўпраўлення, якое ўзначальвае Марына Васільеўна, мноства планаў. Калі больш канкрэтна, плануецца прадоўжыць аснашчэнне ўстаноў адукацыі сучасным абсталяваннем, укараняць перадавыя тэхналогіі ў навучанне, працаваць над павышэннем сацыяльнага статусу педагагічных работнікаў.
— Задачы няпростыя. Аднак, калі штодзень рабіць маленькія крокі да іх рэалізацыі, якасныя змяненні не прымусяць сябе чакаць, — упэўнена Марына Багданава.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара