Марына Лашкоўская: сёння важна забяспечыць высакаякасную падрыхтоўку інжынерных кадраў

- 12:11Планерка

Начальнік аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Марына Лашкоўская на сваёй пасадзе працуе год. Для яе гэта быў час назіранняў, знаёмства з калектывамі ўстаноў адукацыі, час ідэй, планаў і перспектыў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дзятлаўскі раён невялікі. У ім усяго 12 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і 8 устаноў дашкольнай адукацыі. За парты сёлета селі 2209 навучэнцаў, з іх 164 першакласнікі.

— Асаблівая ўвага ўдзяляецца мэтаваму паступленню выпускнікоў, — адзначае Марына Яўгенаўна. — У новым навучальным годзе на Дзятлаўшчыну прыбылі 15 маладых спецыялістаў, 6 з іх — ураджэнцы раёна, чацвёра — мэтавікі. А па мэтавым накіраванні сёлета паступілі 6 выпускнікоў. Лепшы вынік у Дварэцкай сярэдняй школы, дзе ўсе трое навучэнцаў педагагічнай групы паступілі па мэтавым накіраванні на адпаведныя спецыяльнасці. Павялічыўся працэнт замацавальнасці маладых спецыялістаў з 33 працэнтаў да 66.

Мы з годнасцю справіліся з новаўвядзеннямі выпускной і ўступнай кампаній. Нашы вучні па выніках ЦЭ пацвердзілі свой узровень ведаў, у тым ліку 12 залатых медалістаў. Ёсць тры стабальныя вынікі. На 10—20 балаў больш атрымалі выпускнікі профільных класаў у параўнанні з тымі, хто вучыўся ў базавых класах. Таму будзем актывізаваць работу па арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі на ўзроўні 8—9 класаў і профільнай падрыхтоўкі на ўзроўні 10—11 класаў. У раёне дзейнічаюць профільныя класы педагагічнай, спартыўна-педагагічнай, аграрнай, ваенна-патрыя­тычнай накіраванасці. Але ж сёння важна забяспечыць высакаякасную падрыхтоўку інжынерных кадраў. Вучням патрэбна базавая падрыхтоўка па матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі, чарчэнні. Пакуль толькі гімназія № 1 Дзятлава з новага навучальнага года арганізавала работу профільнай групы інжынерна-тэхнічнай накіраванасці.

У раёне атрымаў развіццё новы напрамак работы па прафесійным самавызначэнні адораных навучэнцаў. У мінулым навучальным годзе ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку прайшлі навучанне 16 вучняў з Дзятлаўшчыны, з іх тры выпускнікі атрымалі права паступлення ва ўніверсітэты без уступных экзаменаў, толькі па субяседаванні. Сярод іх Данііл Івашэвіч, выпускнік сярэдняй школы № 3 Дзятлава, якому згодна з заключэннем наглядальнага савета тэхнапарка прапанавалі паступіць у сталічныя ўніверсітэты па 10 групах спецыяльнасцей. Акрамя таго, выпускнікі сёлета скарысталіся магчымасцю паступлення ў рэгіянальныя вышэйшыя навучальныя ўстановы па выніках універсітэцкіх алімпіяд.

Усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі раёна ахоплены інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасцю, маюць адпаведны праект на ўзроўні рэспублікі. Сярод іх дзіцячы сад № 2 Дзятлава, дзе рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне методыкі фарміравання асноў эканамічнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту”. Па выніках мінулага года 2-і дзіцячы сад прызнаны лепшай гарадской установай да­школьнай адукацыі Гродзенскай вобласці. 

Ганарыцца раён сваімі прызёрамі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспуб­лікі Беларусь — 2023”. Гэта настаўнік фізічнай культуры і здароўя Вензавецкай сярэдняй школы Сяргей Карнелік і настаўніца матэматыкі Казлоўшчынскай сярэдняй школы Жанна Цяцерына. На рэспубліканскім фестывалі “Педагагічны дэбют” Гродзенскую вобласць сёлета прадстаўляла дырэктар сярэдняй школы № 1 Дзятлава Марына Нечай. 

Сярод значных падзей 2023 года на Дзятлаўшчыне — адкрыццё ў Казлоўшчынскай сярэдняй школе раённага рэсурснага цэнтра па ваенна-патрыятычным выхаванні і прысваенне Новаяльнянскай сярэдняй школе звання “Школа міру”.

У 12 установах агульнай сярэдняй адукацыі Дзятлаўскага раёна сёння функцыянуе 17 музеяў і 3 музейныя пакоі. Сярод іх народны гісторыка-краязнаўчы музей “Дзеці ліхалецця” ў Новаяльнянскай сярэдняй школе, музей “Вытокі” і музей дзяцінства ў сярэдняй школе № 3, “Гісторыя і культура народаў Дзятлаўшчыны” ў гімназіі № 1, музей “Памяць” і музей ільну ў Дварэцкай сярэдняй школе, музей “Літаратурная Дзятлаўшчына” ў Жукоўшчынскай базавай школе.

Вопыт правядзення інтэрактыўных экскурсій ёсць ва ўсіх школьных музеях раёна, — адзначае Марына Яўгенаўна. — Гэта і персаніфікаваныя экскурсіі з элементамі тэатралізацыі, квест-экскурсіі, анлайн-квесты, майстар-класы, анлайн-праекты. У кожным музеі створаны экспазіцыі “Генацыд на Дзятлаўшчыне”. У рамках праекта “Генацыд — наша па­мяць і боль” вядзецца аднаўленне спіса загінуўшых жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці у г.п.Наваельня. Вучні Новаяльнянскай школы сталі сведкамі раскопак ахвяр генацыду мірнага насельніцтва на тэрыторыі пасёлка і ўдзель­нікамі перапахавання астанкаў загінуўшых людзей.

Якасна вырашаць пытанні выхавання моладзі дазваляе праектна-­даследчая дзейнасць. У межах работы турыстычна-­краязнаўчага клас­тара Regionalis удалося прыцягнуць моладзь да распрацоўкі
турыстычна-­краязнаўчага і гісторыка-­культурнага брэнда свайго рэгіёна праз рэалізацыю праектаў “Топ-10 турыстычных аб’ектаў Дзятлаўшчыны ў фармаце ЗD”, “Гістарычны хранограф Дзятлаўшчыны”, гастранамічнага квеста “Бабка едзе ў госці!”, якія былі прадстаўлены на раённым фестывалі музеяў устаноў адукацыі.

— Самай яркай і значнай ініцыя­тывай удзельнікаў маладзёжнага парламента пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў у 2023 годзе стаў праект “Дадатковая адукацыя, дзіцячыя і маладзёжныя грамадскія аб’яднанні Дзятлаўшчыны ў датах, падзеях, асобах” па стварэнні раённага музея піянерскага руху, — працягвае мая сураз­моўніца. — Праект увайшоў у лік 20 лепшых на Рэспубліканскім конкурсе маладзёжных ініцыятыў, што атрымалі гранты на фінансаванне іх рэалізацыі са сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Адкрыццё музея запланавана да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара