“Сям’я — гэта маё сэрца, а школа — душа”, — гаворыць Марыя Шавель, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 імя І.Ю.Філідовіча ў Дзятлаве. Гэтыя словы адлюстроўваюць сутнасць чалавека, чыё імя сёлета ўпрыгожвае раённую Дошку гонару. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Занясенне партрэта на раённую Дошку гонару — высокая ацэнка работы. Што для вас яна значыць?
— Для мяне гэта, у першую чаргу, прызнанне заслуг усяго нашага калектыву. Памятаю, у той урачысты дзень мяне падтрымалі практычна ўсе калегі, і такая згуртаванасць, пачуццё пляча неацэнныя. Канечне, гэта вялікі гонар і адказнасць. Разумееш, што твая праца бачная не толькі ў школе, але і на ўзроўні ўсяго раёна. Гэта натхняе на новыя здзяйсненні.
Дагэтуль з хваляваннем успамінаю яго. Пасля ўсіх афіцыйных віншаванняў я раптам убачыла з букетам кветак сваю дачку, якая вучыцца ў Гродне і прыехала да мяне сюрпрызам. У той момант я не змагла стрымаць слёз. Сям’я — мая галоўная падтрымка і значыць для мяне вельмі шмат.
— Як захоўваеце баланс паміж сям’ёй і работай?
— Стараюся не грэбаваць інтарэсамі кожнага з бакоў (усміхаецца). Але дачка часта жартуе, што “хатніх” фота ў мяне ў тэлефоне амаль няма. Калі ты жывеш сваёй справай, цяжка падзяліць працоўнае і асабістае. Школа для мяне — не проста работа. Я часта гавару: сям’я — гэта маё сэрца, а сярэдняя школа № 3 — мая душа. Яны звязаны непарыўна.
— Якімі прынцыпамі кіруецеся ў рабоце?
— Пасада намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце — гэта пастаянны кругаварот спраў. Плануючы адно, нярэдка даводзіцца перайначваць свой працоўны дзень і брацца за іншыя задачы.
Галоўны прынцып, якім заўсёды кіруюся ў любой справе, — любі тое, што ты робіш, і рабі гэта з верай у поспех. Настройваю на гэта і калег, і навучэнцаў.
— Па адукацыі вы настаўнік гісторыі, і ведаю, што вельмі захапляецеся гісторыяй роднага краю. А што дапамагае зацікавіць дзяцей гісторыяй?
— Сакрэт просты: нельга прапаноўваць дзецям сухія даты. Трэба даць ім магчымасць дакрануцца да гісторыі літаральна рукамі. Нашай пастаяннай практыкай сталі інсцэніроўкі падзей мінулага.
Летам разам з дзецьмі паставілі імерсіўны спектакль у лясах Ліпічанскай пушчы. Выехалі на месца, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся партызанскі шпіталь. Дзеці не проста ігралі ролі — яны дыхалі тым паветрам, па той зямлі хадзілі, дзе разгортваліся рэальныя трагічныя і гераічныя падзеі. У такія моманты гісторыя перастае быць абстракцыяй, яна становіцца часткай асабістага вопыту.
Імерсіўную экскурсію ў Дзятлаве сёлета арганізавалі і каля помніка Іосіфу Юр’евічу Філідовічу — ліпічанскаму Сусаніну, імя якога носіць наша школа. Стала модным з дапамогай штучнага інтэлекту рабіць “жывымі” гістарычныя здымкі. У нашай школе пры падтрымцы педагогаў такую функцыю бяруць на сябе дзеці: яны ўжываюцца ў ролі гістарычных дзеячаў, лёс якіх звязаны з нашым краем, і прапускаюць праз сябе падзеі мінулага. Гэта і ёсць самая дзейсная форма патрыятычнага выхавання.
— Ваш партрэт упрыгожвае Дошку гонару. Ці змянілася штосьці ў вашым жыцці і рабоце пасля гэтай падзеі?
— Жыццё стала яшчэ больш насычаным! З’явілася больш ідэй і энтузіязму для рэалізацыі новых праектаў. Разуменне таго, што твая праца цэніцца, дае крылы. Сёння ў мяне ёсць новая мэта — натхніць сваіх калег і вучняў на здзяйсненні, каб іх партрэты таксама занялі ганаровае месца на Дошцы гонару. Бо найлепшая ўзнагарода для педагога — гэта поспехі яго выхаванцаў.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара





