Гімназія-каледж мастацтваў Маладзечна — адна з унікальных устаноў адукацыі Міншчыны. Аўра творчасці тут матэрыялізуецца ў выдатных творах музыкі, жывапісу, танца, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
У апошнія гады ў раённым конкурсе “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” названая ўстанова адукацыі — у ліку лідараў і лаўрэатаў у намінацыі “Лепшая гімназія”. Усё таму, што гімназісты не толькі паспяхова асвойваюць дысцыпліны эстэтычнай накіраванасці, але і дэманструюць высокі ўзровень ведаў па прадметах агульнаадукацыйнага цыкла, удзельнічаючы ў інтэлектуальных спаборніцтвах, конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях, алімпіядах. Сярэдні бал старшакласнікаў — 8,6 і вышэйшы. Працэнт паступлення выпускнікоў гімназіі ва ўстановы вышэйшай адукацыі — 95%. Як юныя харэографы, музыканты, танцоры і аматары тэатра сумяшчаюць любоў да мастацтва з глыбокімі ведамі па матэматыцы, хіміі, фізіцы, астраноміі, геаграфіі і біялогіі? Адказ на гэтае пытанне я вырашала знайсці ў сценах навучальнай установы.
У снежні мінулага года на XIII Міжнародным конкурсе выканальніцкага майстэрства “Санкт-Пецярбургскія асамблеі мастацтваў — 2021” ансамбль ударных інструментаў Presto заваяваў гран-пры.
Сёння ў гімназіі-каледжы мастацтваў Маладзечна больш за тысячу хлопчыкаў і дзяўчынак з 1 па 11 клас усебакова развіваюцца: вучацца музыцы і спевам, асвойваюць народны і класічны танец, знаёмяцца са светам выяўленчага мастацтва, узяўшы ў руку аловак ці пэндзаль, спасцігаюць майстэрства пераўвасаблення на сцэне. На чатырох аддзяленнях гімназіі — музычным, харэаграфічным, тэатральным, мастацкім — вучацца 1028 чалавек. Яшчэ 64 навучэнцы каледжа — тыя, хто пасля 9 класа вырашыў звязаць далейшае жыццё з прафесіяй мастака, танцора або акцёра. Дарэчы, усе будучыя гімназісты і навучэнцы каледжа праходзяць творчае выпрабаванне.
— Пры прыёме ў 1 клас дзеці праходзяць праверку здольнасцей у прысутнасці бацькоў, — расказвае дырэктар Іна Георгіеўна Рушук. — Камісія з ліку розных педагогаў вызначае іх узровень музыкальнасці і наяўнасць вакальных даных, ацэньвае прапорцыі цела, гнуткасць корпуса, пластыку рухаў, уменне імправізаваць і пераўвасабляцца. Таксама спецыялісты звяртаюць увагу на выразнасць і тэхніку малюнкаў, характар кампазіцыі. Часам жаданні дзяцей і бацькоў у выбары профілю не супадаюць. Здараецца, мара мамы аб дачцэ-музыкантцы застаецца толькі марай, якой не наканавана здзейсніцца з-за адсутнасці яркіх здольнасцей у дзіцяці. Тады мы доўга размаўляем з бацькамі, нацэльваючы іх на іншы профіль. У гэтым годзе 1-я і 5-я класы папоўняць па 100 вучняў. Творчыя выпрабаванні чакаюць дзяцей і пры паступленні ў 5 клас, а таксама пры прыёме на свабодныя месцы з 6 па 11 клас.
У далёкім 1988 годзе музычна-харавое аддзяленне паклала пачатак эстэтычнаму ўхілу ўстановы адукацыі, але ўжо праз некалькі гадоў творчыя адукацыйныя магчымасці значна пашырыліся.
Сёння свае музычныя навыкі 267 навучэнцаў з малодшага школьнага ўзросту адточваюць не толькі на занятках, але і ў дзясятках мастацкіх калектываў. На адным толькі музычным аддзяленні 22 творчыя калектывы. Пачынаючы з 3 класа хлопчыкі і дзяўчынкі іграюць у ансамблі цымбалістаў Ж.М.Бягун, потым у ансамблі цымбалістаў старшых класаў пад кіраўніцтвам А.Л.Бяляцкай, ансамблі акардэаністаў “Акардэон-mix” (кіраўнік І.У.Стасевіч), ансамблі гітарыстаў “Мажорчыкі” (кіраўнік Т.А.Жогла), ансамблі віяланчэлістаў (кіраўнік І.В.Папова), ансамблі ўдарных інструментаў Presto (кіраўнік А.М.Дамарацкі), ансамблі лыжачнікаў (кіраўнік А.Г.Розін), фальклорным ансамблі пад кіраўніцтвам Л.Ф.Траццяковай.
Удзельнікі ўсіх творчых калектываў штогод паспяхова прымаюць удзел у шматлікіх конкурсах і спаборніцтвах, фестывалях і выставах рознага ўзроўню. Пералік перамог толькі за апошні навучальны год зойме некалькі старонак.
Па словах педагогаў, перажыванне поспеху прыносіць дзецям маральнае задавальненне, дапамагае набыць упэўненасць ва ўласных сілах, дае штуршок для рэалізацыі творчага патэнцыялу і самаўдасканалення. Менавіта таму ў гімназіі-каледжы штогод праходзяць канцэртныя праграмы “Зорны капеж” і “Зорная палітра”.
Чатыры калектывы гімназіі-каледжа носяць званне “ўзорны”: ансамбль скрыпачоў (кіраўнік А.В.Старавойтава), канцэртны хор ESTRO (кіраўнік А.А.Важнік), аркестр народных інструментаў (кіраўнік А.Г.Розін), духавы аркестр (кіраўнік В.А.Кот). Ніводнае гарадское свята ў Маладзечне не абыходзіцца без інструментальнага ансамбля выкладчыкаў Liberty (кіраўнік І.У.Стасевіч), вакальнага ансамбля выкладчыкаў “Элегія” (кіраўнік Т.А.Грабянёк).
Больш за 230 навучэнцаў 1—11 класаў асвойваюць спецыяльны цыкл заняткаў па класічным і народна-сцэнічным танцы на харэаграфічным аддзяленні і займаюцца ў шасці танцавальных калектывах, дзе педагогі-харэографы ставяць народныя і сюжэтныя танцы, фантазіі на тэмы любімых казак, вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі.
Тэатральнае мастацтва, насычанае нясумным жыццём з феерыяй эмоцый і пачуццяў, спасцігаюць 259 гімназістаў, у тым ліку і ў тэатральных студыях “Чацвёртая сцяна” (кіраўнік В.Ю.Мурычын), “Аквамарын” (кіраўнік М.А.Дудко).
Дзеці малодшага школьнага ўзросту спасцігаюць акцёрскія сакрэты на ўроках, падчас музычна-тэатральных гульняў, а навучэнцы старшых класаў удасканальваюць веды на спецпрадметах, дзе выкладаюцца асновы акцёрскага майстэрства, сцэнічнага маўлення і сцэнічнага руху.
Сярод перамог юных акцёраў апошніх гадоў — дыплом II ступені ў намінацыі “Тэатральная творчасць” на VI Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе мастацкай творчасці “Прывітанне, свет!”, дыплом III ступені ў намінацыі “Тэатральная творчасць” на Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці навучэнцаў і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”, дыплом III ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Жывая класіка — 2022” і г.д.
На ўроках малюнка, жывапісу, кампазіцыі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва 270 навучэнцаў мастацкага аддзялення развіваюць назіральнасць і творчую фантазію, прасторавае мысленне пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў-мастакоў першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Сярод іх два педагогі — Мікалай Аўчыннікаў і Рыгор Мяжуеў — члены Саюза мастакоў Беларусі.
У сценах гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна раз за разам пацвярджаецца сцвярджэнне аб тым, што таленавітыя дзеці таленавітыя ва ўсім. Па назіраннях педагогаў, сярод дзяцей-музыкантаў, напрыклад, шмат тых, хто паспяховы ў матэматыцы і інфарматыцы. Дзеці, якія займаюцца маляваннем і лепкай, лепш размаўляюць і пішуць, лягчэй запамінаюць замежныя словы, хутчэй асвойваюць граматыку.
Цікава, што далёка не ўсе выпускнікі гімназіі звязваюць сваё далейшае жыццё з творчымі спецыяльнасцямі, затое многія становяцца айцішнікамі, урачамі, эканамістамі, педагогамі. У гэтым, безумоўна, вялікая заслуга педагогаў-прадметнікаў. Многія з іх больш за 15 гадоў працуюць ва ўстанове і з году ў год рыхтуюць дзяцей да алімпіяд і іншых інтэлектуальных спаборніцтваў. Сярод іх настаўнік хіміі А.В.Храмцэвіч, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта, настаўнік геаграфіі і біялогіі Д.М.Ганецкі, настаўнік гісторыі Л.К.Лагуцёнак, настаўнік інфарматыкі А.Л.Цярэшка, настаўнік фізікі В.В.Віць, настаўнік астраноміі В.Д.Усюкевіч. Дарэчы, у гэтым годзе вучні Уладзіслаў Семяняка і Раман Таўгень сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Сярод педагогаў творчых напрамкаў шмат выпускнікоў гэтай установы. Яны лепш за іншых ведаюць: як бы ні склалася далейшае прафесійнае жыццё, заняткі творчасцю не толькі развіваюць пэўныя мастацкія навыкі і фантазію, але і ўзбагачаюць духоўна. Акрамя таго, дзіця вучыцца дысцыплінаванасці, працавітасці і цярпенню, расце гарманічнай, усебакова развітой асобай, аматарам прыгожага. А калектыўная творчасць фарміруе яшчэ і адказнасць, вучыць дружбе і таварыству.
Марына КУНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.