Матэматычная аўра Ірыны Немец

- 15:11Людзі адукацыі, Рознае

Чым больш паглыбляешся ў размову з Ірынай Іосіфаўнай, чым больш даведваешся пра ее жыццё, тым ярчэй бачыцца “матэматычная аўра”, якая ззяе над лёсам гэтай жанчыны і яе сям’і.

Ірына Немец, настаўніца матэматыкі вышэйшай катэгорыі, загадчык кафедры дакладных навук Гродзенскай гарадской гімназіі, — чалавек вельмі сціплы. Размова з ёй раз-пораз зводзіцца да прапановы расказаць пра гімназію, а не пра сябе, бо менавіта створаныя тут умовы і традыцыі адданасці справе, павагі да вучняў, на думку Ірыны Іосіфаўны, дапамаглі ёй адбыцца ў прафесійным плане.
Аб спалучэнні высокага прафесіяналізму, высакароднасці і сціпласці гаворыць і дырэктар гімназіі Ганна Дулуб: “Ірына Іосіфаўна — высокапрафесійны педагог, глыбока адданы дзецям і навуцы матэматыцы. Вучні гэта добра адчуваюць і праяўляюць вялікую цікавасць да прадмета”.
Ірына Немец яшчэ ў школе праявіла выдатныя матэматычныя здольнасці. Яна скончыла школу № 10 Слоніма і з вялікай удзячнасцю ўзгадвае сваю настаўніцу матэматыкі Людмілу Барысаўну Уласаву. Так атрымалася, што зараз Людміла Барысаўна працуе ў Гродне, і былая вучаніца дагэтуль падтрымлівае з ёй зносіны.
Працягвала адукацыю на матэматычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Педагагічную практыку праходзіла ў трох гродзенскіх школах, у тым ліку № 1 (так раней называлася гімназія). Школа славілася сваімі матэматычнымі традыцыямі: першыя класы з паглыбленым вывучэннем матэматыкі і фізікі былі адкрыты яшчэ ў 1965 годзе. Ірыне тут вельмі спадабалася, і ўжо тады з’явілася думка-мара аб рабоце менавіта ў гэтай установе. Мара здзейснілася, праўда, не адразу. І ўжо 20 гадоў Ірына Іосіфаўна працуе ў гімназіі. І хоць час ад часу з’яўляюцца прапановы новых месцаў работы, больш нідзе сябе яна не бачыць.

Пашанцавала Ірыне Іосіфаўне і на калег. Яўген Калеснікаў вучыў распазнаваць і падтрымліваць у вучняў нестандартнае мысленне, Галіна Капыцкая — дакладнай арганізацыі ўрока, выразнаму выкладанню матэрыялу, уменню шмат зрабіць за кароткі час. Вялікую ролю адыгралі і выкладчыкі Гродзенскага ўніверсітэта, якія працавалі ў матэматычных класах. Іван Мартынаў, Юрый Вавунікян, Аляксандр Мятліцкі дапамагалі з дадатковымі матэрыяламі, вучылі ісці ў нагу з вучнямі, але на крок наперадзе. Па словах Ірыны Іосіфаўны, так працуюць усе выкладчыкі кафедры дакладных навук ГрДУ імя Янкі Купалы.
Ірына Іосіфаўна ўзгадвае, што ў трыганаметрыі ёсць формулы абавязковыя і неабавязковыя. Дык вось добры настаўнік павінен так зацікавіць вучняў, каб яны ведалі і неабавязковыя формулы.
“Я выкладаю ў 10 і 11 класах з паглыбленым вывучэннем матэматыкі і лічу, што ўсе мае вучні — асобы, — гаворыць Ірына Іосіфаўна. — Мне вельмі цікава з імі працаваць. Кожны раз перад пачаткам навучальнага года, калі павінна адбыцца сустрэча з новымі дзецьмі, я думаю, якімі яны будуць, як з імі працаваць. Здавалася б, ёсць вопыт, але ўсё роўна хвалююся, нават не сплю начамі. Лічу, што лёгкіх класаў не бывае. Да кожнага дзіцяці трэба знайсці асабісты падыход — і пахваліць, і паўшчуваць. А калі ў маіх вучняў штосьці не атрымліваецца, то гэта ў першую чаргу мая недапрацоўка. Я не вельмі шчодрая на “дзясяткі”, але і нізкія адзнакі, на маю думку, не спрыяюць вучобе. Лепш даць шанс, навучыць працаваць, зацікавіць. Мы, дарослыя, павінны мець больш цярпення, мудрасці, быць патрабавальнымі да дзяцей, але яшчэ больш — патрабавальнымі да сябе. Мне падабаюцца дзеці з нестандартным матэматычным мысленнем. Не толькі я даю ім заданні, а і яны прымушаюць мяне не адну гадзіну правяраць рашэнні, бо ход іх думак — нестандартны, але ж таксама правільны! Вось гэта мне вельмі падабаецца! Хоць часу на праверку работ таленавітых дзяцей патрабуецца больш, але вынікі радуюць”.

Дасягненні вучняў Ірыны Іосіфаўны — гэта і перамогі на алімпіядах усіх узроўняў, і 100-бальныя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні па матэматыцы, і амаль 100-працэнтнае паступленне ва ўніверсітэты, і тое, што яе вучні становяцца настаўнікамі матэматыкі. Яна падтрымлівае сувязь з імі, радуецца іх поспехам.
Наша сустрэча адбылася напярэдадні 8 Сакавіка. І тут не абышлося без “жаночых” пытанняў: як дома ставяцца да ненармаванага працоўнага дня, як родныя дапамагаюць настаўніцы заставацца такой прыгожай і аптымістычнай?
“Дома заўсёды было разуменне і падтрымка. Можа, таму, што мой муж Уладзімір Стэфанавіч — таксама матэматык, кандыдат фізіка-матэматычных навук, выкладае ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Некаторыя мае вучні пераходзяць ва ўніверсітэце пад яго крыло, — усміхаецца Ірына Іосіфаўна. — Мой муж — мне падтрымка і ў прафесійных пытаннях, і ў жыццёвых. Я вельмі яму ўдзячна за гэта. У нашай кватэры адзін пакой адведзены пад бібліятэку, дзе вельмі шмат матэматычнай літаратуры. Можа, гэтая абстаноўка паспрыяла таму, што і нашы дочкі звязалі жыццё з матэматыкай. Старэйшая — Настасся — скончыла факультэт матэматыкі і інфарматыкі ГрДУ імя Янкі Купалы, малодшая — Лізавета — таксама не адышла далёка ад гэтай навукі: яна студэнтка другога курса Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Муж старэйшай дачкі Вадзім і яго бацькі — таксама матэматыкі”.
Усе гэтыя факты і ствараюць своеасаблівую матэматычную аўру вакол сям’і Немец. Я спытала ў Ірыны Іосіфаўны, што значыць матэматыка ў яе жыцці.
“Гэта любімы прадмет, любімая работа і жыццёвы парадак, якому яна вучыць, — сказала настаўніца. — Калі часам здараецца вялікае напружанне і нападае стомленасць, я вып’ю кубачак кавы і скажу сабе і сваім вучням-матэматыкам: усё будзе добра!”

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Юліі АНІКЕВІЧ.