Мацнее давер і павага

- 10:10Актуально, Апошнія запісы

У Міністэрстве адукацыі нашай краіны адбылася сустрэча міністра адукацыі М.А.Жураўкова з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Вялікабрытаніі ў Беларусі Брусам Бакнэлам.

— Я ведаў вас і раней, — паведаміў у пачатку сустрэчы Міхаіл Анатольевіч. — Мы не адзін раз сустракаліся на многіх мерапрыемствах, але такая афіцыйная сустрэча ў нашым галіновым міністэрстве адбываецца ўпершыню, і я гэтаму вельмі рады. Магчыма, гэта добры знак для нашага далейшага супрацоўніцтва.
Міністр адукацыі прызнаў, што сёння з Вялікабрытаніяй адносіны развіваюцца вельмі дынамічна і плённа. У першую чаргу на гэта ўплывае той факт, што Вялікабрытанія — носьбіт англійскай мовы, якая з’яўляецца асноўнай замежнай мовай у навучанні студэнтаў у вышэйшых навучальных установах. Таму ў нашай краіне ўдзяляецца асаблівая ўвага наладжванню кантактаў з установамі адукацыі Вялікабрытаніі. Але, як адзначыў Міхаіл Анатольевіч, на сённяшні дзень толькі 9 універсітэтаў Беларусі маюць дамоўленасці аб супрацоўніцтве з універсітэтамі Вялікабрытаніі, і гэтага, безумоўна, недастаткова. Каб палепшыць сітуацыю, міністр плануе сустрэцца з рэктарамі айчынных універсітэтаў з мэтай пашырэння супрацоўніцтва з універсітэтамі Вялікабрытаніі. Гэты крок цалкам апраўданы, таму што студэнты, аспіранты і магістранты нашых навучальных устаноў маюць вялікую патрэбу ў стажыроўцы ва ўніверсітэтах Вялікабрытаніі і часта выкарыстоўваць для гэтага асабістыя кантакты. Таму найбліжэйшай задачай павінна стаць наладжванне ўсё новых і новых сувязей з установамі вышэйшай адукацыі Вялікабрытаніі, пашырэнне маладзёжных кантактаў і кантактаў паміж прафесарска-выкладчыцкім складам.
— Канечне, нам хацелася б пашырыць сумесныя адукацыйныя і навуковыя праграмы, разнастаіць тэматыку навуковых праектаў, — адзначыў Міхаіл Анатольевіч. — Але іх на сённяшні дзень не так многа, хаця ёсць некаторыя даволі цікавыя. Так, у апошні час актыўна развіваюцца праграмы ў галіне прыродазнаўчых навук, і, безумоўна, такія кантакты трэба развіваць і па іншых напрамках. У айчыннай адукацыі ёсць што паказаць замежным калегам, ёсць цікавыя здабыткі і навуковыя даследаванні, і мы гатовы гэтым падзяліцца.
Міністр агучыў тыя задачы, якія ставіць наша сістэма адукацыі ў кантэксце Балонскага працэсу. Як вядома, гэты год стаў для Беларусі знамянальным: наша краіна з’яўляецца паўнапраўным членам Балонскага працэсу, што, безумоўна, адкрывае новыя перспектывы да развіцця вышэйшай школы. З улікам умоў Балонскага працэсу стаіць задача па гарманізацыі, збліжэнні адукацыйных праграм паміж краінамі еўрапейскай адукацыйнай прасторы з улікам нацыянальных асаблівасцей кожнай з іх. Нашай краіне цікавы вопыт Вялікабрытаніі, асабліва на ўзроўні выкладання і вывучэння англійскай мовы, у тым ліку на магістарскім узроўні.
М.А.Жураўкоў узняў тэму развіцця прафесійнай адукацыі ў нашай краіне, якая ахоплівае ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Цяпер частка каледжаў уключана ў склад УВА, што забяспечвае працэс бесперапыннасці прафесійнай адукацыі, павышэння яе якасці і ўздымае статус гэтых навучальных устаноў. Такі ж вопыт існуе і ў сістэме адукацыі Вялікабрытаніі, таму ўзаемадзеянне з установамі гэтай краіны дазволіць вывучаць замежны вопыт і выкарыстоўваць лепшыя напрацоўкі ў сябе.
Міністр адукацыі звярнуў увагу на неабходнасць распрацоўкі новай сістэмы кваліфікацый, якая павінна быць сугучнай з той, што выкарыстоўваецца ў краінах-партнёрах.
— У межах еўрапейскай адукацыйнай прасторы краіны павінны выкарыстоўваць адзіныя рамкі кваліфікацый, гаварыць на адной мове, калі гэта тычыцца атрыманай адукацыі, яе ўзроўню і якасці, — адзначыў Міхаіл Анатольевіч. — Таму зразумела, што сёння гэтая работа вельмі актыўна вядзецца ў нашай краіне, да яе далучаны як органы кіравання сістэмай адукацыі, так і прадстаўніцтва навучальных устаноў.
Пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Брус Бакнэл ухвальна выказаўся наконт адносін паміж Вялікабрытаніяй і Беларуссю і прызнаў імклівае развіццё цесных кантактаў паміж краінамі, асабліва ў адукацыйнай сферы.
— Менавіта адукацыйная галіна, культурная сфера з’яўляюцца тым трывалым правадніком паміж краінамі, які спрыяе ўзмацненню сувязей і па іншых напрамках, — заявіў Брус Бакнэл. — Я аб’ездзіў амаль усю Беларусь, наведаў шмат навучальных устаноў, выступаў перад педагогамі і студэнтамі. Гэта дазволіла мне бліжэй пазнаёміцца з Беларуссю, з яе народам, традыцыямі і менталітэтам. Па сабе знаю, што з такіх непасрэдных зносін складваецца агульнае ўражанне пра краіну, і, безумоўна, яно станоўчае. Таму хацелася б і далей ствараць такую атмасферу даверу і павагі паміж нашымі краінамі.
Пасол прызнаў, што Беларусь пасля ўступлення ў Балонскі працэс становіцца ў адзін рад з іншымі краінамі ў фарміраванні еўрапейскай адукацыйнай прасторы, і яе вопыт у развіцці адукацыі, безумоўна, будзе карысным.
М.А.Жураўкоў пацвердзіў гэтую выснову тым, што ў лістападзе ў Мінску плануецца правесці на базе РІВШ Міжнародны семінар па развіцці вышэйшай школы з удзелам міжнародных экспертаў, дзе будуць прадэманстраваны тыя здабыткі, што напрацаваны ў нашай сістэме вышэйшай адукацыі.
Плануецца, што па запрашэнні пасла Вялікабрытаніі М.А.Жураўкоў прыме ўдзел у Сусветным адукацыйным форуме, які адбудзецца ў другой палове студзеня 2016 года ў Лондане. Гэтае мерапрыемства з’яўляецца штогадовым найбуйнейшым у свеце форумам міністраў адукацыі і экспертаў па пытаннях развіцця адукацыі ва ўмовах сусветнай глабалізацыі. Яго мэтай стане абмеркаванне будучыні адукацыйнай палітыкі, а таксама стратэгій развіцця рэгіянальных і нацыянальных адукацыйных сістэм. Плануецца, што ў рабоце форуму прымуць удзел кіраўнікі і прадстаўнікі сістэм адукацыі больш як 80 краін свету, міжнародных арганізацый АЭСР, ЮНЕСКА, ЮНІСЕФ, вядучых універсітэтаў і кампаній, якія прадстаўляюць праграмныя прадукты і тэхніка-тэхналагічныя інавацыі для сістэмы адукацыі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.