На ўроку англійскай мовы Святланы Міхайлаўны яе вучні былі сацыяльна-актыўнымі, свабоднымі і рознымі. Іх погляды і меркаванні сведчылі пра цэласнасць і гарманічнасць развіцця асобы, а таксама пра індывідуальнасць у думках. Седзячы за партай, не раз успомніла метадычныя матэрыялы настаўніцы, якія мы друкавалі на старонках нашай газеты, бо на ўласныя вочы пераканалася: іх змест — гэта рэальнасць.
А рэальнасць заключаецца ў тым, што перад урокам, падчас яго і пасля дзевяцікласнікі былі спакойнымі, упэўненымі, жыццярадаснымі і задаволенымі вынікамі сваёй працы.
Урок англійскай мовы ў 9 “Б” класе пачынаўся ў 10 гадзін раніцы. У цёплы прасторны клас мы разам з настаўніцай зайшлі на перапынку, перад пачаткам урока. І пакуль я аглядалася, вучні рыхтаваліся да ўрока. Усё неабходнае ўжо было пад рукой: перад кожным ляжалі падручнікі, сшыткі, ручкі, алоўкі. Святлана Міхайлаўна прадставіла мяне юнакам і дзяўчатам, а потым пачала расказваць пра новы мульцік, які да гэтага ўрока павінны былі адкаменціраваць дзевяцікласнікі.
Справа ў тым, што настаўніца з’яўляецца стваральніцай кагнітыўнай камп’ютарнай графікі — невялікіх тэматычных мультфільмаў. У яе метадычнай скарбонцы ўжо больш за 150 такіх мультфільмаў. У інтэрнэце яна стварыла закрытую групу для сваіх вучняў, дзе і размяшчае мульцікі. Кожны мультфільм нясе ў сабе пэўную праблему, вырашэнне якой накіравана на выхаванне асобных якасцей індывідуальнасці. Напярэдадні ўрока дзецям трэба паглядзець мультфільм і напісаць да яго свой каментарый. Прычым каментарыі ні ў якім разе не павінны паўтарацца. І да гэтага ўрока дзевяцікласнікам трэба было адкаменціраваць пэўны мультфільм. Да званка Святлана Міхайлаўна паспела мне толькі паказаць некаторыя інтэрнэтныя запісы, і мы дамовіліся, што вернемся да гэтай тэмы пасля ўрока.
Празвінеў званок. Вучні павіталі настаўніцу, а настаўніца — вучняў. Пачаўся ўрок. Святлана Міхайлаўна не агучвала яго тэму загадзя дзеля інтрыгі, якая была неабходна для стварэння камунікатыўнай сітуацыі і вырашэння галоўнай задачы ўрока. Інтрыга раскрылася, калі ў клас зайшла дзяўчына з дзвюма скрыначкамі і паведаміла, што гэта для дзевяцікласнікаў. Падарункі.
“О, падарункі! — сказала Святлана Міхайлаўна, — давайце адгадаем, што там унутры”. Колькі было неверагодных варыянтаў! А ўнутры былі дзве рэчы: пачак ад цыгарэт і скакалка, якія дапамаглі вучням вызначыць мэту ўрока, прысвечанага здароваму ладу жыцця і абмеркаванню шкодных звычак. Адметная камунікатыўная сітуацыя была створана, імпульс дыялогам, маналогам і адпаведным заданням быў дадзены.
Пачалася праца. Слайды прэзентацыі яшчэ больш зацікавілі вучняў, бо яны дэманстравалі не проста малюнкі, а садзейнічалі больш глыбокаму асэнсаванню тэмы ўрока. Вучні адказвалі на пытанні настаўніцы, дыскутавалі паміж сабой, уступалі ў палеміку з настаўніцай, вызначыўшы шэраг пытанняў, якія патрабавалі адказу падчас урока. Паэтапная рэфлексія на ўроку дапамагла дзецям вызначыць свой узровень валодання матэрыялам і спрыяла яго актывізацыі ў зададзенай камунікатыўнай сітуацыі ўрока. Зразумела, уся гаворка вялася толькі на англійскай мове. І за 45 хвілін урока я не пачула ніводнага рускага слова. Але гэта не здзівіла. І мне зусім не хочацца пісаць, што патрабаванні да камунікатыўнага рэжыму на ўроку бездакорна выконваліся, хоць гэта насамрэч так і было. Хочацца сказаць пра іншае: англамоўная гаворка на ўроку была нязмушанай. Дзеці не намагаліся гаварыць, а гаварылі і думалі на англійскай мове, іначай не было б той лёгкасці, тых эмоцый, якія ўзнікаюць пры здзіўленні, тых усмешак і той зацікаўленасці, якія бываюць толькі ў цёплым сяброўскім асяроддзі.
Так, гэта быў урок — спланаваныя і арганізаваныя заняткі, але ён праходзіў так лёгка і з такім уздымам, што не пакідала адчуванне знаходжанне ў гасцях у вялікай дружнай сям’і. Вельмі ўразіла і сама Святлана Міхайлаўна, дзякуючы якой я ўбачыла, што такое мабільны настаўнік. Яна не проста была ў руху (дарэчы, яе міміка і жэсты таксама служылі вучням арыенцірам да дзеяння), а задавала тэмп уроку, прапаноўваючы сваім дзевяцікласнікам розныя віды дзейнасці, калі гаворка, напрыклад, змянялася работай з карткамі, прэзентацыяй, кагнітыўнай камп’ютарнай графікай, а затым — стварэннем міні-праектаў. Яна пераходзіла ад інтэрактыўнай дошкі да звычайнай і наадварот, дэманстравала мультфільм пра атлусценне. А яшчэ яна з бляскам у вачах слухала сваіх вучняў і ўвесь час усміхалася, што, натуральна, дадавала працоўнай атмасферы ў класе пазітыву і лёгкасці. 45 хвілін прайшлі непрыметна, бо яны былі шчаслівымі для вучняў і іх настаўніцы. Сапраўдны матывацыйны ўзлёт.
Званок з урока стаў толькі фармальным сімвалам яго заканчэння. Урок быццам закончыўся, але ніхто не спяшаецца разыходзіцца — англамоўная гаворка працягваецца. І толькі мая прысутнасць вымушае вучняў скласці рэчы і развітацца з настаўніцай. Мы са Святланай Міхаўлаўнай застаёмся ў пустым класе.
— Сённяшні ўрок, можна сказаць, быў выніковым па здаровым ладзе жыцця. Ідучы на любы ўрок, я ўяўляю сабе, што ад уводзін у камунікатыўную сітуацыю ўрока залежыць і яго змест, і крэатыўны практычны вынік. А зместавае напаўненне карэкціруецца ў адпаведнасці з ходам урока. Уводзінамі ў камунікатыўную сітуацыю, як вы правільна здагадаліся, сталі падарункі — пусты пачакам ад цыгарэт і скакалка. Гэтыя падарункі былі своеасаблівымі сімваламі шкодных звычак і здаровага ладу жыцця і паспрыялі стварэнню камунікатыўнай сітуацыі на ўроку. Такім чынам, мы адразу прыйшлі да таго, пра што гаварылі на працягу заняткаў і ў канцы: што неабходна рабіць, каб быць здаровым. Гаворка ішла пра тое, што калі ты пазбаўляешся шкодных звычак і займаешся спортам, то зможаш спасцігнуць законы даўгалецця. Гэтая думка стала скразной для міні-праектаў. Іх было тры. Клас быў падзелены на тры падгрупы, кожная з якіх працавала асобна, — адзначыла святлана Міхайлаўна.
Для стварэння міні-праектаў настаўніца прапанавала вучням раздатачны матэрыял, які дапамог не толькі праверыць веды мінулага ўрока — правілы ўжывання прыназоўнікаў, але і стаў узорам тэматычнага выказвання. Вынікі праверкі работы з раздатачным матэрыялам былі падведзены з дапамогай інтэрактыўнай прэзентацыі. Дзеці падыходзілі да інтэрактыўнай дошкі і выбіралі правільны прыназоўнік.
— Так я правярала дамашняе заданне. І мяне парадаваў той факт, што памылак амаль не было. Карткі раздатачнага матэрыялу былі адзначаны трыма літарамі: S (smoking), F (fast food), D (drinking), якія абазначалі тэму задання (“Шкодныя звычкі”) і сталі асновай для дзялення вучняў на групы.
— Святлана Міхайлаўна, зноў хачу вярнуцца да кагнітыўнай камп’ютарнай графікі, бо на ўроку яна таксама прысутнічала.
— Так, кагнітыўную камп’ютарную графіку, альбо па-просту мультфільмы, мы выкарыстоўваем практычна на кожным уроку. Такая графіка адкрывае прынцыпова новыя магчымасці навучання на ўроках англійскай мовы, бо ўяўляе сабой найбольш даступную для ўспрымання форму падачы вучэбнага матэрыялу.
Яна стварае асаблівае прадметна-матывацыйнае асяроддзе, якое па сваёй змястоўнай сутнасці спрыяе развіццю пазнавальнай актыўнасці, творчых здольнасцей навучэнцаў і ў выніку фарміраванню іх кампетэнцый. Кагнітыўная камп’ютарная графіка дазваляе ў простай нагляднай форме данесці інфармацыю да навучэнцаў, зацікавіць іх, спрыяе дасягненню камунікатыўнай свабоды. Важна, што цікавасць да мультфільмаў не слабее пры шматразовых праглядах. Гэта дапамагае падтрымліваць увагу да паўтарэння вывучанага матэрыялу і забяспечвае эфектыўнасць успрымання.
Не заўсёды ў нас на ўроку ёсць камп’ютар ці ноўтбук, але сэнсарныя мабільныя тэлефоны ёсць і ў мяне, і практычна ва ўсіх вучняў. Мы, як я ўжо гаварыла, стварылі закрытую групу на базе знакамітага рэсурсу “УКантакце”, і раз-два на тыдзень там з’яўляецца новы мультфільм для абмеркавання. Ён вельмі кароткі — 30—35 секунд. Дзеці з задавальненнем глядзяць гэтыя мультфільмы, а пасля пакідаюць свае каментарыі, прычым кожны наступны не павінен паўтараць папярэдні. Спісваць у аднакласнікаў нельга, але прачытаць іх думкі трэба. Выказванне павінна быць арыгінальным, з выкарыстаннем новай лексікі.
У групу ўваходзяць не толькі дзевяцікласнікі, тут ёсць і васьмікласнікі, якія, дарэчы, больш актыўныя. Гэта частка дамашняга задання, і дзецям вельмі падабаецца запамінаць прапанаваныя метафары, ідыёмы. Сёння на ўроку прагучалі ўсе ідыёмы і метафары, якія былі ў каментарыях да папярэдніх мультфільмаў. Камп’ютарная графіка абавязкова звязана з тэмай урока. Як вы бачылі, на ўроку быў прадэманстраваны мультфільм пра атлусценне. Яго дзеці напярэдадні адкаменціравалі, таму ў ход пайшоў увесь іх каментатарскі матэрыял. У мяне нават было заданне на праверку ўважлівага чытання каментарыяў аднакласнікаў. Гэтую лексіку вучні маглі выкарыстаць падчас выканання міні-праектаў, але яны выказвалі новыя думкі, якія з’явіліся падчас урока. Вынік урока — свабоднае валоданне тэматычным матэрыялам і ўменне прымяняць яго ў зададзеннай камунікатыўнай сітуацыі, якую яны звязалі з тэмай наступнага ўрока — “мода”.
Як гавораць, крэатыўны настаўнік — крэатыўныя дзеці, таму іншым разам свой каментарый пасля мультфільма пакідаю і я. Гэта бывае тады, калі бачу, што дзіця выказала цікавую ідэю, і, каб яе падтрымаць і развіць, уступаю ў палеміку. А са мной у палеміку з гэтага класа ўступаюць Улад Катоўскі, Ангеліна Савіцкая, Лера Рыбчак. Дарэчы, разам з Уладам мы стваралі мультфільмы і ўдзельнічалі ў абласным конкурсе даследчых работ школьнікаў, дзе заваявалі дыплом І ступені.
Створаныя мною мультфільмы лёгка грузяцца і працуюць у мабільным тэлефоне. Аднак нельга забываць пра тое, што кагнітыўная камп’ютарная графіка — толькі дапаможны тэхнічны сродак навучання, для дасягнення аптымальных вынікаў неабходна інтэграваць яе выкарыстанне ў працэс урока не толькі пасіўна, але і актыўна. Мае навучэнцы спрабуюць сябе ў ролі відэааператараў, ствараючы ўласныя мультфільмы ў рэжыме анлайн.
Такім чынам, са спажыўцоў інфармацыі яны ператвараюцца ў яе пастаўшчыкоў. Пры гэтым кардынальна мяняецца мая роля як настаўніка. Я станаўлюся кансультантам, кіраўніком, да якога звяртаюцца як да аўтарытэтнай крыніцы інфармацыі, эксперта. Такія заняткі спрыяюць свабоднаму развіццю асобы і больш поўнай яе рэалізацыі: вучні працуюць з цікавасцю, ахвотна кантактуюць, засвойваюць даволі вялікі аб’ём матэрыялу, праяўляюць фантазію, вынаходлівасць, крэатыўнасць. Навучанне англійскай мове з дапамогай кагнітыўнай камп’ютарнай графікі спрыяе стварэнню пазітыўнага вучэбнага моўнага асяроддзя і валодае велізарным матывацыйным патэнцыялам.
Тое, што гэта абсалютная праўда, я пераканалася падчас урока Святланы Міхайлаўны. З гэтага, дарэчы, і пачаўся мой рэпартаж. Святлана Міхайлаўна Каляда верыць у сваіх вучняў і не баіцца імправізаваць. Безумоўна, педагагічнай і жыццёвай веры спрыяюць людзі, якія акружаюць. Побач са Святланай Міхайлаўнай заўсёды сябры і аднадумцы, якія ўмеюць падтрымаць і суперыжываць, таму напрыканцы нашай сустрэчы яна выказала шчыры дзякуй гарадскому аддзелу адукацыі, адміністрацыі школы і ўсім калегам, якія дапамагалі ёй рухацца па лесвіцы поспеху на конкурсе “Настаўнік года-2014”. Шмат цёплых слоў прагучала ў адрас адміністрацыі і супрацоўнікаў Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Асабістую падзяку Святлана Міхайлаўна выказала начальніку вучэбна-метадычнага аддзела замежных моў Наталлі Казіміраўне Радзевіч і метадысту Ілоне Уладзіміраўне Шыльцавай за метадычную падтрымку, надзею і веру ў настаўніка.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.