Мерч «Пад крыламі белага бусла». Якія яшчэ праекты прэзентавалі ўстановы адукацыі на дзіцячым эканамічным форуме

- 10:14Новости

Дзіцячы эканамічны форум адбыўся ў Магілёўскім раёне. Мерапрыемства сабрала разам прадстаўнікоў выканаўчай улады, інвестараў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, педагогаў і навучэнцаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Пяты раз у рамках раённага інвестыцыйнага форуму мы ладзім платформу, дзе творчыя напрацоўкі могуць на шырокую аўдыторыю паказаць настаўнікі і вучні, — паведаміла начальнік аддзела па адукацыі Магілёўскага райвыканкама Наталля Колас.

Педагагічныя калектывы прэзентавалі шмат цікавых ідэй. Так, выхавальнікі дзіцячага сада аграгарадка Раманавічы распрацавалі і апрабавалі серыю наглядных гульнявых дапаможнікаў патрыятычнай накіраванасці. У Дашкаўскай сярэдняй школе ствараюць дэкаратыўнае пано з выявай знакавых мясцін рэгіёна, у Мяжысецкай — старадаўніх беларускіх лялек, у Княжыцкай — тэматычныя памятныя календары, а ў Кадзінскай — унікальныя арт-аб’екты са старых кніг.

Адметную ініцыятыву ажыццяўляюць у Махаўскай сярэдняй школе. Тут вырошчва­юць саджанцы лаванды, туі, розных гатункаў вярбы. 

— Праект узнік са штодзённых клопатаў. У нас вялікі прышкольны ўчастак плошчай 2 гектары, штогод прыўносім нешта новае ў яго доб­раўпарадкаванне, удасканальваем ландшафтны дызайн. Расліны для азелянення вырошчваем самастойна. Потым з кветак, дрэў і кустоў ствараем яркія кампазіцыі. Як аказалася, гэта вельмі актуальна і для насельніцтва аграгарадка. Вясковыя жыхары таксама імкнуцца ўпры­гожыць свае сядзібы. Лішкі саджанцаў выстаўляем на продаж, на бязвыплатнай аснове перадаём мясцоваму сельсавету. Попытам карыстаюцца таксама сувеніры з лаванды, — расказаў дырэктар Алег Сёмкін.

Незвычайны праект прыдумалі і ва Усходаўскай сярэдняй школе. У навучальнай установе распрацавалі мерч “Пад крыламі белага бусла”.

— Настаўніца абслуговай працы Валянціна Тарасюк з вучнямі наладзіла вытворчасць брэндзіраванай прадукцыі, якая адлюстроўвае самабытнасць беларускіх традыцый. З тканіны, нітак, дрэва яны робяць эксклюзіўныя значкі, бутаньеркі, бірулькі, шоперы, абярэгі, прадметы інтэр’ера. Усе вырабы створаны ў народным стылі, з выкарыстаннем на­цыянальных узораў і тэхнік. У многіх акцэнтная выява — тэма 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Рэалізацыя праекта дапамагае не толькі развіваць патэнцыял дзяцей і вучыць іх працаваць рукамі. Ініцыятыва мае істотны выхаваўчы складнік — навучэнцы спасцігаюць гісторыю, культуру, каштоўнасці Радзімы, раскрываюць свой патрыятызм, — падзялілася намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Надзея Сямёнава.

Падчас форуму ішоў дэталёвы абмен вопытам і меркаваннямі, былі вызначаны лепшыя ідэі. Пераможцамі сталі вучаніца Рэчкаўскай сярэдняй школы Лілія Акулава, навучэнка Усходаўскай сярэдняй школы Ксенія Рабцава і вучаніца Сідаравіцкай базавай школы Кацярына Грамыка. Дзяўчынак заахвоцілі дыпломамі і спе­цыяльнымі прэміямі райвыканкама.

— Галоўныя інвестыцыі — інвестыцыі ў нашых дзяцей, таму падобныя форумы будзем праводзіць і ў далейшым, — падкрэс­ліла Наталля Колас. — Для моладзі гэта сапраўдная тэрыторыя магчымасцей, спосаб гучна заявіць пра сябе, унесці ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё роднага раёна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота з архіва Магілёўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета