«Месяц першакурсніка»: верасень ва ўсіх беларускіх універсітэтах быў насычаны разнастайнымі падзеямі

- 12:08Новости

Традыцыйна ў верасні акцыя “Месяц першакурсніка” праходзіць ва ўсіх беларускіх універсітэтах. На працягу першых 30 дзён восені пачаткоўцы знаёмяцца са сваёй альма­-матар і даведваюцца, якія гарызонты адкрываюцца для іх акрамя вучобы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Першы месяц ва ўніверсітэце — гэта час новых знаёмстваў і адкрыццяў, а таксама самавызначэння ў творчасці, навуцы, спорце і іншых грамадскіх актыўнасцях. Часта ў пачатку верасня ўчарашнія школьнікі збіраюцца на ўрачыстай лінейцы, прысвечанай Дню ведаў. У многіх УВА праходзяць канцэрты і святочны рытуал пасвячэння ў сту­дэнты.

Напрыклад, у Дзень ведаў новае папаўненне БарДУ чакала насычаная святочная праграма “Віват, БарДУ! Віват, першакурснік — 2024!” і выступленне такіх народных універсітэцкіх калектываў, як інструментальны ансамбль “Музычны гасцінец”, маладзёжны тэатр мініяцюр “Сафіт”, тэатр моды “Світа”, студыя эстраднай песні “Талент”, а таксама група сучаснага танца Stand out. Таксама юнакі і дзяўчаты азнаёміліся з усімі напрамкамі пазавучэбнай дзейнасці. У прыватнасці, даведаліся, што ў спартыўным клубе працуюць секцыі па армрэслінгу, паўэрліфтынгу, дзюдо і самба, плаванні, лёгкай атлетыцы, настольным тэнісе, баскетболе, валейболе, турызме. А яшчэ ўбачылі прэзентацыю дзясятка валанцёрскіх атрадаў.

А вось больш за 4 тысячы студэнтаў-пачаткоўцаў БДУ 13 верасня сталі ўдзельнікамі традыцыйнага тэатралізаванага шоу “Віват, студэнт БДУ!” у Палацы спорту, дзе іх вітаў рэктар Андрэй Кароль і ўручыў сімвалічны адзіны студэнцкі білет. Наваяўленыя студэнты пазнаёміліся з кіраўніцтвам сваіх факультэтаў на ўрачыстым пара­дзе дэканаў, атрымалі віншаванні ад творчых калектываў БДУ. Парадавалася моладзь лазернаму шоу і дыскатэцы з удзелам старшакурснікаў і выпускнікоў, а таксама зорак беларускай эстрады. Важным момантам мерапрыемства стала прамаўленне студэнцкай клятвы першакурснікаў, у якой гучалі словы адданасці выбранай прафесіі.

У гэтым навучальным годзе да вучобы ў 42 установах вышэйшай адукацыі нашай краіны прыступілі каля 50 тысяч першакурснікаў.

На працягу ўсяго верасня першакурснікі ўдзельнічаюць у розных дыялогавых пляцоўках, інтэрактыўных тэматычных квестах і майстар-класах, прэзентацыях маладзёжных грамадскіх арганізацый.

У першыя дні вучобы пачаткоўцы знаёмяцца з матэрыяльна-тэхнічнай базай універсітэта, распарадкам жыцця ў інтэрнатах, з дзейнасцю творчых і спартыўных калектываў, работай студсаветаў і студаб’яднанняў. Такім чынам юнакі і дзяўчаты даведваюцца, у якіх напрамках пазавучэбнай дзейнасці яны могуць развівацца, каб рэалізаваць свой патэнцыял.

9 верасня стартаваў Тыдзень прафілактыкі экстрэмізму ў маладзёжным асяроддзі “Моладзь супраць экстрэмізму”, на якім маладым людзям нагадалі пра адміністратыўную і крымінальную адказнасць за супрацьпраўныя дзеянні, асаблівую ўвагу надаючы формам і відам дэструктыўных праяўленняў, у тым ліку праз выкарыстанне месенджараў і сацсетак. На інфармацыйных пляцоўках першакурснікам расказалі ў дэталях пра расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. Многія з іх адправіліся на экскурсіі ў музеі, наведалі мемарыяльныя комп­лексы.

Падчас Тыдня патрыятычнага выхавання “Народнае адзінства”, які пачаўся 16 верасня, ва ўніверсітэтах працавалі тэматычныя выставы, прысвечаныя дзяржаўнай сімволіцы, дасягненням у сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Студэнты пабывалі на выязных музейных, бібліятэчных экспазіцыях. А таксама напісалі рэспубліканскі дыктант “Дзень народнага адзінства” і сустрэліся з палітыкамі, грамадскімі актывістамі, журналістамі, дзеячамі культуры і мастацтва.

Завяршае месяц першакурсніка Тыдзень прафілактыкі распаўсюджвання наркотыкаў, спа­жывання псіхаактыўных рэчываў у маладзёжным асяроддзі “Зрабі правільны выбар”. На сустрэчах з праваахоўнікамі, медыкамі, спарт­сменамі студэнтам прапануюць паразважаць над вырашэннем праб­лемы стагоддзя. Выказваючы сваё меркаванне аб праблеме, яны рыхтуюць тэматычныя інфармацыйныя стэнды “За ЗЛЖ”, сустра­каюцца са спецыя­лістамі.

На працягу першага месяца новага навучальнага года студэнты 1 курса БДЭУ паступова азнаёмі­ліся з жыццём універсітэта, паў­дзельнічалі ў дзясятках грамадскіх, інтэлектуальных, творчых мерапрыемстваў, у валанцёрскіх акцыях. На сустрэчах з першакурснікамі ўсіх факультэтаў прарэктар па выхаваўчай рабоце Сяргей Скрыба не раз падкрэсліў, што чатыры гады вучобы пройдуць хутка, і пажадаў правесці студэнцкае жыццё ярка, насычана і карысна, быць актыўнымі ўдзельнікамі ўніверсітэцкіх, гарадскіх і рэспуб­ліканскіх мерапрыемстваў, разві­ваць свае ўменні і таленты, імк­нуцца да лідарства ў грамадскім жыцці.

Што ні дзень, то падзея

Калейдаскоп мерапрыемстваў не толькі азнаёміў студэнтаў 1 курса МДЛУ з універсітэтам, але і дапамог ім хутчэй адчуць сябе часткай шасцітысячнай студэнцкай сям’і.

Першы тыдзень верасня стартаваў яркімі прэзентацыямі “Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што берагчы” і “Формула поспеху студэнта МДЛУ”, якія расказалі пра дасягненні краіны ў цэлым і паспяховых старшакурснікаў у прыватнасці, пра іх ініцыятывы як у вучобе, так і ў пазавучэбнай дзейнасці. Дасягненні ўніверсітэта за мінулы год і значэнне Года якасці першакурснікі абмеркавалі з прадстаўнікамі студэнцкага праектнага офіса на сустрэчы ў фармаце TED-Talks “Беларусь і я: што такое Год якасці?”. Наведваючы музей універсітэта, гледзячы на архіўныя фота, яны даведаліся пра важныя старонкі гісторыі ўніверсітэта, знакамітых выпускнікоў, навукоўцаў, выкладчыкаў-герояў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Жамчужынай першага тыдня стаў “Кірмаш талентаў — 2024”. У фае актавай залы падчас PR-акцыі творчых калектываў, спартыўных клубаў, грамадскіх арганізацый, студсавета і студэнцкага прэс-цэнтра першакурснікі азнаёміліся з іх дзейнасцю і папоўнілі іх шэрагі. Пасля сумесных майстар-класаў кафедры фізічнага выхавання і спорту са спартыўным клубам МДЛУ юнакі і дзяўчаты вызначыліся, якім відам спорту хацелі б займацца.

Падчас мерапрыемстваў другога тыдня азнаёміліся са студэнцкім побытам і шэрагам актыўнасцей у інтэрнатах, праявілі спартыўную актыўнасць на рэспубліканскім трохдзённым турзлёце ў Бярэзінскім раёне, а дзякуючы студсавету азнаёміліся з экспазіцыяй “Генацыд беларускага народа”.

Многія акцыі і сустрэчы прайшлі з нагоды Дня народнага адзінства. У іх ліку вела­прабег “Дарогамі памяці”, спартландыя “МДЛУ аб’ядноўвае”, прэзентацыя праекта “Мая малая радзіма: у асобах, фактах і лічбах”. Да рэалізацыі праекта першакурснікі падышлі з адказнасцю. Расказваючы пра кожную з шасці абласцей Беларусі, прадстаўнікі ўсіх шасці факультэтаў падрыхтавалі тэатралізаваныя пастаноўкі, квесты-вандроўкі, відэаальманахі. У цэнтры ўвагі былі знакамітыя беларусы: пісьменнікі, мастакі, прадстаўнікі культуры і навукі, грамадскія дзеячы.

Расказалі студэнты і аб вядомых славутасцях, помніках архітэктуры, унікальным прыродным асяроддзі. Здзяйсняючы экскурс у гісторыю, учарашнія школьнікі ўспомнілі гераічныя старонкі з мінулага нашай краіны.

— Гэты пазнавальны праект накіраваны на аб’яднанне намаганняў студэнтаў у папулярызацыі выдатных дасягненняў Беларусі і стымулюе моладзь да вывучэння гісторыі роднага краю, яго гераічнага мінулага і актуальных дасягненняў сучаснасці, — сказала рэктар МДЛУ Наталля Лап­цева. — Праект рэалізуецца трэці год. Кожны факультэт прэзентуе выдатныя дасягненні беларусаў, раскрывае каларыт кожнай з абласцей, здзіўляе незвычайнымі фактамі з гісторыі, паказвае ўсю прыгажосць нашай краіны. Важна сказаць, што гэта пачатак вялікага праекта “Мая краіна, мой універсітэт, мой факультэт”. Па выніках студэнцкіх выступленняў будзе выдадзена друкаванае выданне, якое папоўніць скарбонку маладзёжных праектаў універсітэта.

Скончыцца верасень беларуска-кітайскім адукацыйным форумам “Адзін пояс — адзін шлях”, кватэрнікам у інтэрнаце “Вечар знаёмстваў”, прэзентацыяй праекта “Мастацкiмi сродкамi супраць правапарушэнняў: ПРОСТА ЖЫЦЬ”, які прысвечаны супрацьдзеянню ідэалогіі тэрарызму і экстрэмізму. Яшчэ адна яркая падзея — універсітэцкі этап конкурсу “Студэнт года”.

Гаворачы пра важнасць месяца першакурсніка, Наталля Яўгенаўна адзначыла:

— На мой погляд, ва ўніверсітэце павінна быць мноства прапаноў для студэнтаў, каб кожны з іх мог паспрабаваць сябе ў розных напрамках і сферах пазавучэбнай дзейнасці, і гэтыя магчымасці мы прадастаўляем. Пры гэтым старшакурснікі становяцца галоўнымі памочнікамі для 1200 першакурснікаў падчас іх адаптацыі.

Першакурснік Іван Хаміцэвіч:

— Першы месяц вучобы яшчэ не скончыўся, але мноства цікавых мерапрыемстваў, якія правялі выкладчыкі і студэнты ўніверсітэта, натхнілі на вучобу і прадэманстравалі, што студэнцкае жыццё абяцае быць запамінальным і цікавым. Сам я таксама паспеў праявіць актыўнасць: з задавальненнем прымаю ўдзел у тэатралізаваных пастаноўках, паколькі ў школьныя гады наведваў тэатральную студыю, ужо запісаўся ў прэс-цэнтр, актыў прафсаюза.

Першакурсніца Мая Кураўлёва:

— Перажыванні з нагоды новага месца вучобы і новых знаёмстваў былі марнымі. Куратар, аднакурснікі і старэйшыя студэнты вельмі ветлівыя і прыязныя. Пасля першага тыдня вучобы запомнілася экскурсія па ўніверсітэце, канцэрт “МДЛУ — мой універсітэт”. Калі мне прапанавалі быць старастай групы, я ахвотна згадзілася, бо і ў школе была актывісткай: пастаянна ўдзельнічала ў акцыях БРСМ, ШДК-квізах, добра вучылася. Ва ўніверсітэце запісалася ў студсавет, дзе адказваю за арганізацыю мерапрыемстваў і з задавальненнем прымаю ў іх удзел. Мы ўжо сталі ўдзельнікамі мноства патрэбных і важных сустрэч. Напрыклад, на дыялогавай пляцоўцы “Мы супраць наркотыкаў” са спецыялістамі абмеркавалі не толькі праблемы наркаманіі і гандлю наркотыкамі, але і даведаліся, як не трапіць у рукі інтэрнэт-ашуканцаў.

Марына КУНЯЎСКАЯ