Аперытыў п’юць перад ежай для ўзмацнення апетыту, а дыжэстыў — пасля ежы для паляпшэння стрававання. Добры настрой, прыемная ажыўленая гутарка перад смачным абедам або вячэрай таксама паляпшаюць апетыт у чаканні падсілкавання. А ўжо пасля добрага пачастунку адно задавальненне працягнуць гутарку за дыжэстывам. У рэшце рэшт, ежа павінна прыносіць нам не толькі пачуццё насычэння, але і радасць — гэтаму якраз і спрыяюць аперытыў і дыжэстыў. Так і ўрок англійскай мовы павінен не толькі даваць новыя веды, але і дарыць радасць зносін. Толькі на ўроку англійскай мовы ролю аперытыву бяруць на сябе warm-ups і ice-breakers, а дыжэстыву — feedback і reflection.
Аперытывы і дыжэстывы можна “гатаваць” па-рознаму. Прапаную сваю падборку рэцэптаў цікавых warm-ups, якія сапраўды змогуць зарадзіць навучэнца на ўвесь урок.
1. General topic questions/Тэматычныя пытанні
Гэта самае распаўсюджанае практыкаванне для пераключэння на англійскую мову. Каб яно было цікавым для вучня, звяжыце яго з асноўнай тэмай заняткаў або тэмай, якую вашаму вучню будзе цікава абмяркоўваць. І, вядома ж, warm-up павінен адпавядаць узроўню і ўзросту.
Напрыклад: Internet
Do you often use the Internet?
When did you first use the Internet?
What is the best thing about the Internet?
Who uses the Internet most in your family?
2. Continue the word/Прадоўжы слова
Настаўнік піша любое слова, а задача навучэнца — прадоўжыць запіс словам, якое пачынаецца з апошняй літары папярэдняга. І так можна працягваць, пакуль не скончыцца час. Можна ўскладніць гульню, запісваючы словы толькі адной тэматыкі, або з вызначанай колькасцю літар, або адной часціны мовы.
3. Name as many as you can/Хто больш назаве
З дапамогай гэтай гульні можна прапрацаваць хуткасць мыслення навучэнцаў у стрэсавай сітуацыі. Задача вучня — назваць як мага больш слоў за 1 мінуту на пэўную тэматыку і не збіцца. Практыкаванне вельмі вясёлае менавіта з-за ліміту па часе і, напэўна, узбадзёрыць вучняў на ўвесь урок.
4. Two truths and a lie/ Праўда ці хлусня
Гэта выдатная гульня, каб даведацца больш пра сваіх вучняў. Задача кожнага — напісаць 3 цікавыя факты пра сябе з умовай, што два з іх будуць праўдзівымі, а адзін — ілжывым. Затым усе адгадваюць, што з гэтага праўда, а што хлусня.
5. Five fingers/Пяць пальцаў
Абвядзіце на дошцы сваю далонь і на кожным пальцы напішыце факты пра сябе. Для пачатку прапануйце навучэнцам адгадаць, як гэтыя фразы ці лічбы звязаны з вамі. Затым напішыце расшыфроўку для кожнага пальца:
• A number which is important to you.
• An important or personal place that you have visited.
• A name of a person who is important to you.
• The name of a sport or hobby that you enjoy.
• The name of a song that you enjoy listening to.
Пасля дэманстрацыі задання папрасіце навучэнцаў зрабіць тое ж самае ў адносінах да сябе і затым у міні-групах абмеркаваць атрыманую інфармацыю. Заахвочвайце іх задаваць пытанні і актыўна ўдзельнічаць у гутарцы.
Варыянт гэтага warm-up — Mind Map/ Разумная карта (у групе і індывідуальна). Кожны малюе сваю spider web, або mind map са словамі, што адносяцца да хобі чалавека, з узростам або колькасцю дзяцей, імёнамі блізкіх людзей, а таксама ўсім, што хочацца расказаць пра сябе іншым. Можна мяняцца малюнкамі ў парах, дзе кожны спрабуе адгадаць, што кожнае напісанае слова значыць для чалавека, а можна выступіць перад групай і ўсе будуць адгадваць гэтыя абазначэнні. Тут можна папрасіць вучняў выкарыстоўваць yes/no questions, накшталт “Is this the name of your pet?”. На сваім прыкладзе прадэманструйце, якія факты пра сябе можна ўключыць у інтэлектуальную карту: “Унізе прыклад маёй карты. Адгадаеце?”
6. m&m + Tell Us/ З’еш і раскажы
Праводзіцца ў групе і індывідуальна. Гэта самы салодкі ice-breaker. Трэба купіць m&m’s або skittles і ў залежнасці ад колеру скласці пытанні. Можна лёгка падзяліць навучэнцаў на групы, калі гэта неабходна для далейшай работы.
7. Stand Up or Sit Down/ Устань і сядзь
Пералічваем якія-небудзь цікавыя ice-breaker факты для групы. Калі факт пра кагосьці канкрэтнага, то гэты вучань устае. Можна задаць дадатковыя пытанні па гэтым факце або проста папрасіць вучня самому расказаць што-небудзь яшчэ.
8. Make the words/Складзі слова
А вы ведалі, што Pneumonoultramicroscopicsilicovolcanoconiosis — гэта адно з самых доўгіх слоў у англійскай мове? Яно складаецца з 45 літар і знаходзіцца на чацвёртым месцы па даўжыні. Напішыце на дошцы гэтае слова або любое іншае, а задача вучня — скласці з запісаных літар столькі слоў, колькі ён зможа, за пэўную колькасць часу.
9. Discuss an idiom/proverb /Абмяркуй ідыёму/прыказку
Гэта адно з самых тыповых практыкаванняў, але нават яго можна зрабіць вельмі займальным. Дастаткова падабраць цікавую ідыёму або прыказку і абмеркаваць яе са сваімі вучнямі. Лепш за ўсё выбіраць іх па тэме ўрока або па інтарэсах вашых вучняў. Тады такі warm-up дакладна пройдзе на ўра.
Цяпер падзялюся сваім вопытам па дыжэстывах.
1. “Tweet” or limit words/“Твіт”
Устаноўка: “Напішыце ў Твітар, пра што новае вы даведаліся на ўроку. Ваш твіт павінен змяшчаць не больш за 140 знакаў”. Або, каб ускладніць задачу: “Выкарыстайце роўна 15 слоў, каб апісаць, што вы засвоілі на гэтым уроку”.
2. What did we do + Create a sentence/ Што мы рабілі + складзі сказ
Папрасіце навучэнцаў назваць словы, якія былі важныя на гэтым уроку. Запішыце названыя словы на дошцы. Затым папрасіце вучняў сфармуляваць сказ, у якім яны павінны выкарыстаць як мінімум два словы з прапанаваных.
3. Challenge theTeacher /Кінь выклік настаўніку
Прапануйце навучэнцам скласці для вас пытанні аб сённяшнім уроку. У сваю чаргу, вы можаце задаваць ім больш складаныя пытанні, каб убачыць, ці змогуць яны перамагчы вас.
4. Exit Pass/Выхадны пропуск
Добры спосаб завяршыць урок — папрасіць навучэнцаў зрабіць што-небудзь у пісьмовай або вуснай форме, каб пакінуць кабінет. Гэта можна зрабіць рознымі спосабамі:
— папрасіце навучэнцаў сказаць вам вусна адно ці два новыя слоўнікавыя словы, якія яны вывучылі сёння на ўроку;
— папрасіце навучэнцаў самастойна ацаніць сваё разуменне і запісаць адну ці дзве рэчы, пра якія яны хацелі б даведацца больш на наступным уроку;
— напішыце пытанні ці слоўнікавыя словы на 10 стыкерах і схавайце іх пад партамі. Навучэнцы, якія сядзяць за імі, павінны адказаць на пытанні перад тым, як выйсці з кабінета.
5. Fingers/Усё ў мяне ў руках
На дошку прымацоўваецца плакат з выявай далоні. Для работы на ёй напісана некалькі фраз. Вялікі палец — “Над гэтай тэмай я хацеў бы яшчэ папрацаваць”, указальны — “Тут мне былі дадзены канкрэтныя веды”, сярэдні — “Мне тут зусім не спадабалася”, безыменны — “Псіхалагічная атмасфера”, мезенец — “Мне тут не хапала…” Вучні малююць на аркушах паперы сваю руку і ўпісваюць унутры контуру свае адказы на гэтыя пытанні. Затым аркушы вывешваюцца і абмяркоўваюцца вынікі работы.
6. Ball Toss/ Кідкі мяча
Навучэнцы перакідваюць мяч ад аднаго да другога. Навучэнец, які злавіў мяч, павінен хутка сказаць, што ён вывучыў сёння на ўроку. Іншы варыянт — перадаць мяч супраць гадзіннікавай стрэлкі падчас прайгравання музыкі. Той, хто трымае мяч, калі вы ставіце музыку на паўзу, вусна дзеліцца сваім меркаваннем пра ўрок.
7. Fishbowl/ Акварыум
Папрасіце навучэнцаў напісаць пытанне на паперы па тэме ўрока. Збярыце ўсе аркушы і складзіце іх у адзін кантэйнер. Папрасіце добраахвотніка ўзяць адзін аркуш, прачытаць і адказаць на пытанне.
8. 3—2—1
Папрасіце навучэнцаў падумаць, пра што (3) новае яны даведаліся, (2) што для іх было цікавым і (1) пра пытанні, якія ў іх узніклі.
9. Six Word Memoirs/Мемуары з шасці слоў
Гэта выдатны спосаб заахвоціць навучэнцаў задумацца над сваімі ведамі і вопытам. Выкарыстоўваю яго на ўроку і як спосаб абагульніць важныя ідэі. Напрыклад, трэба сказаць 6 слоў аб персанажы/тэме/праблеме, якую абмяркоўвалі на ўроку.
10. Debriefing Cube/Куб-апытальнік
Маюцца на ўвазе 6 граняў рэфлексіі: мэта, зносіны, працэс пазнання, эмоцыі, паводзіны, вопыт.
Гэта, вядома ж, далёка не ўвесь спіс практыкаванняў, але менавіта гэтыя гульні па-сапраўднаму ўцягнуць вашых вучняў ва ўрок і прымусяць адчуць яго смак. Спадзяюся, што гэтыя warm-ups і feedbacks дапамогуць вам пабудаваць больш эфектыўныя ўрокі і не дадуць засумаваць.
Алена ЧАЛ,
настаўнік-метадыст, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Навагрудка.