Метадычная работа: крокі да якасці. Агляд чэрвеньскага нумара часопіса «Народная асвета»

- 17:00Журнал "Народная асвета", Новости

З чаго пачынаецца якасць адукацыі? Лічу, што з якасці ўрока. А якасны ўрок можа падрыхтаваць і правесці толькі кампетэнтны настаўнік. Аднак, згадзіцеся, нельга распрацаваць “самы лепшы” ўрок: колькі настаўнікаў, столькі і ўрокаў. І ў кожнага ён будзе свой. Але паправіць, зрабіць іншым, лепшым можна любы ўрок, нават самы дасканалы. На гэта і накіравана метадычная работа — і самога настаўніка, і з настаўнікам.

Як арганізаваць метадычную работу найлепшым чынам, каб прафесійны кругагляд педагогаў пашыраўся, каб сумесная праца нас­таўнікаў давала найбольшы плён? На гэтае пытанне спрабуюць адка­заць нашы аўтары — удзельнікі праекта “Педагагічная асамблея”.

Першым крокам да якасці метадычнай работы з’яўляецца выяўленне крытэрыяў, па якіх можна ацаніць выніковасць работы з настаўнікамі. Так, у цэнтры ўвагі А.У.Гелясінай — метадычная работа як аб’ект педагагічнай кваліталогіі і як мнагамерны феномен. Аўтар падкрэслівае неабходнасць комп­лекснага падыходу да ацэнкі якасці метадычнай работы, прыняцця пад увагу яе вынікаў, ходу і ўмоў. Крок другі — вызначэнне форм і метадаў мэтанакіраванай метадычнай работы. С.Р.Рачэўскі і І.Г.Матыцына разглядаюць такую эфектыўную форму арганізацыі работы з педкалектывам, як праблемны семінар. Па меркаванні аўтараў, семінар з’яўляецца дзейсным інструментам удасканалення прафесійнай культуры настаўніка і выпрацоўкі абгрунтаваных рашэнняў па праблемных пытаннях навучання і выхавання школьнікаў. У артыкулах іншых аўтараў вы знойдзеце апісанне методыкі правядзення педсавета ў форме сусветнага кафэ, паспрабуеце выступіць у ролі школьнікаў і ацаніць, наколькі эфектыўная такая форма ўзаемадзеяння, як квест. А яшчэ паспытаеце свае сілы ў распрацоўцы метадычных прадуктаў, накіраваных на развіццё ў дзяцей навыкаў функцыянальнага чытання. Як бачыце, цікавых ідэй у нашых аўтараў многа, і ўсе іх можна рэалізаваць. У наступных нумарах часопіса будуць друкавацца матэрыялы ў працяг гэтай тэмы. Далучайцеся і вы да нашага праекта — дасылайце свае распрацоўкі па арганізацыі метадычнай работы. Мы будзем разам удасканальваць школьныя ўрокі і разам ісці да якасці адукацыі.

Акунуцца ў атмасферу актыўнага супрацоўніцтва і азнаёміцца з эфектыўным вопытам работы запрашаюць педагогі сярэдняй школы № 31 Брэста ў межах нашага праекта “Энцыклапедыя “Школы Беларусі”. У школе дзейнічаюць адзінае ў рэспубліцы ваенна-патрыятычнае аб’яднанне “Брэсцкі пагранічны ваенна-патрыятычны атрад” і мемарыяльны атрад, працуюць музей баявой славы і этнаграфічны куток “Спадчына”, рэалізуюцца разнастайныя выхаваўчыя праекты, наладжана эфектыўнае супрацоў­ніцтва са шматлікімі рэспубліканскімі і гарадскімі сацыякультурнымі ўстановамі. Удзельнікі дзіцячай школьнай арганізацыі “Рэспубліка палымяных сэрцаў” з’яўляюцца ініцыятарамі дабрачынных акцый у дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і вайны ў Афганістане, праводзяць шматгранную даследчую работу. Усе мерапрыемствы шостага школьнага дня праходзяць у рамках праекта “Школьная краіна — 31”. І гэта далёка не ўсе яркія справы, якімі захоплены і дзеці, і дарослыя. Так што запрашаем да карыснага чытання.

Тэме сям’і і сямейных каштоў­насцей прысвечаны чэрвеньскі выпуск інтэрактыўнага праекта “Баць­коўскі сход”. На жаль, некаторыя сучасныя падлеткі прытрымліваюцца, так бы мовіць, неканструктыўных поглядаў на сямейнае жыццё. Для гэтага, напэўна, ёсць глеба, на якой выспяваюць такія погляды: асабістыя назіранні за адносінамі паміж бацькамі, іх уменнем збалансаваць свае службовыя і сямейныя абавязкі, размовы за сямейным сталом, спосабы арганізацыі сямейнага вольнага часу або ўвогуле адсутнасць такой практыкі… Не ўсе баць­кі могуць на ўласным прыкладзе прадэманстраваць надзейныя шляхі да сямейнага шчасця. Менавіта таму так важна сучаснай школе выпрацоўваць паслядоўную і прадукцыйную стратэгію ўзаемадзеяння з баць­камі навучэнцаў па падрыхтоўцы маладых людзей да сямейнага жыцця. Больш падрабязна — у матэрыялах нашых аўтараў.

З нагоды 100-годдзя часопіса “Народная асвета” мы працягваем рэтраспектыўны агляд артыкулаў. І новая падборка прысвечана пытанням развіцця педагагічнай культуры і прафесійнай чуйнасці. “Удасканальванне педагагічнай работы заўсёды было, ёсць і будзе справай актуальнай. Асабліва неабходна павысіць педагагічную культуру, вышэйшым выяўленнем якой з’яўляецца такт настаўніка”, — зазначае кандыдат педагагічных навук Н.Барысава ў артыкуле “Аб педагагічным уздзеянні на вучня” (1958 г.). Вельмі цікавыя назіранні аўтара за працай педагогаў, а таксама яго парады: калі настаўніку трэба “ўклю­чаць” маўчанне, калі — гумар, а калі — нават гнеў. Самай жа галоўнай якасцю пры выбары меры ўздзеяння на вучня Н.Барысава лічыць педагагічную чуй­насць: “Чуй­насць неабходна педагогу ўсюды і заўсёды, адараваны ёю заўсёды мацней таго, у каго яна выяўляецца ў недастатковай меры, бо ён умее трапіць у цэль, напоў­ніць плённай работай кожны момант сваёй дзейнасці”. Працягвае рэтраспектыву артыкул А.Панамаровай (1950 г.) аб ролі метадычных устаноў і арганізацый (інстытутаў удасканалення настаўнікаў, педкабінетаў, метадычных куставых аб’яднанняў) у барацьбе за павышэнне пісьменнасці вучняў. Праводзячы паралель з сучаснасцю, зазначым: і сёння перад настаўнікамі востра стаіць пытанне павышэння ў вучняў функцыянальнай пісьмен­насці. Аўтар прапануе спосабы дзейснай і карыснай праверкі работы настаўніка, разважае, якой павінна быць дапамога педагогу з боку метадычных устаноў і інспектараў: “Метадыст ці інспектар сваімі паводзінамі павінны ўнушаць давер’е к сабе, каб настаўнік адчуў, што ў іх няма і ценю злараднасці, жадання “злавіць”, паставіць у няёмкае становішча, падмеціць адны недахопы. Такт і пачуццё справядлівасці не павінны ніко­лі пакідаць асоб, якія правяраюць працу настаўніка. Не трэба рабіць хуткіх і мала абгрунтаваных вывадаў”. Шчыра прызнаюся, што гэтыя артыкулы я перачытала некалькі разоў, і мне вельмі цяжка было вызначыць у іх галоўныя думкі, бо ўсе думкі там — галоўныя. Зазначу, што артыкулы больш чым за 60 гадоў ніколькі не страцілі сваёй актуальнасці і вартыя асэнсавання сучаснымі настаўнікамі.

Паважаныя сябры! У чэрвені спаўняецца 100 гадоў з дня выхаду ў свет першага нумара “Народнай асветы”. Як вы маглі заўва­жыць, у гонар юбілею чэрвеньскі нумар 2024 года выходзіць у новай “воп­ратцы”. Мы спадзяёмся, што часопіс будзе запатрабаваны яшчэ шмат гадоў, што ён і далей будзе мець сваіх прыхільнікаў, а мы разам з вамі будзем назапашваць лепшы педагагічны вопыт лепшых педагогаў краіны!

Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар