Метафарычныя асацыятыўныя карты дапамагаюць дашкольнікам перадаць тое, што яны адчуваюць і перажываюць

- 17:14Новости, Психолог в школе

Апошнім часам у рабоце педагога-­псіхолага такі інструмент, як метафарычныя асацыятыўныя карты (МАК), становіцца ўсё больш папулярным. МАК у рабоце з дзецьмі дашкольнага ўзросту — інструмент эфектыўны, варыятыўны і даступны.

Калі не хапае слоў

Метафарычныя асацыятыўныя карты — гэта набор малюнкаў велічынёй з ігральную карту ці паштоўку, на якіх адлюстраваны людзі, іх узаемадзеянні, жыццёвыя сітуацыі, пейзажы, жывёлы, прадметы побыту, абстрактныя карціны. Іх можна выкарыстоўваць у індывідуальным кансультаванні, групавой і індывідуальнай карэкцыйнай, развіццёвай і псіхапрафілактычнай рабоце з дзецьмі, у трэнінгах з дарослымі, у якасці праектыўнага дыягнастычнага інструментарыю.

Дзецям вельмі часта не хапае слоў, каб выказаць свае пачуцці і перажыванні. Ім складана сфармуляваць, апісаць і перадаць іншаму чалавеку тое, што турбуе. І вось тады на дапамогу прыхо­дзяць метафарычныя карты, якія выкліка­юць у дзяцей цікавасць і цікаўнасць. Малыя з задавальненнем расказваюць пра тое, што бачаць на малюнку, адказваюць на пытанні, дзеляцца пачуццямі. Метафарычныя карты дазваляюць арганізаваць такую гульнявую прастору, у якой дзіця адчуе сябе і героем, і чараўніком, і стваральнікам.

Для дзяцей дашкольнага ўзросту карткі выкарыстоўваю ў першую чаргу як стымульны матэрыял для навучання распазнаванню і перадачы асноўных эмоцый, для вывучэння ўяўленняў аб сабе і сваёй сям’і.

Асаблівую значнасць метафарычныя карты набываюць, калі выступаюць у якасці дыягнастычнага інструментарыю дзіцяча-бацькоўскіх, сямейных узаемаадносін. З аповеду дзіцяці можна праса­чыць, як яно ўспрымае сябе: ахвярай ці героем, гледачом або дзеючай асобай. Такім чынам педагог-псіхолаг можа ўбачыць, якія перашкоды стаяць у дашкольніка на шляху і як ён іх пераадольвае. Карты вельмі прывабныя, дзейнічаюць заспакаяльна на трывожных дзяцей, дапамагаюць засяродзіцца хлопчыкам і дзяўчынкам з парушэннямі ўвагі, ствараюць агульную дзіцяча-дарослую прастору для гульні.

Свабоднае фантазіраванне

Існуе мноства калод метафарычных карт для работы з дашкольнікамі. Калоды могуць быць розных відаў: партрэтныя, сюжэтныя, рэсурсныя, казачныя. Падбіраю тэхнікі і адпаведныя калоды МАК у залежнасці ад узросту, пастаўленай мэты і індывідуальных асаблівасцей дзіцяці. Выкарыстоўваю практыкаванні ў фармаце свабоднага фантазіравання і гульні.

У рабоце з дзецьмі прымяняю некалькі камплектаў метафарычных асацыятыўных карт: “Персаніта”, “Я і ўсё-ўсё-ўсё”, “Кактусы”, “Робаты”, “Монстрыкі пачуццяў”, “Мама, тата, я”, “Эмацыянальны свет дзіцяці”, “Дружок”, “Пра сям’ю”, “Мама і я. Вобраз маці”, “Пра тату”, “Мама і тата”, “Сямейка Гномс”, “Сямейныя псікрэты”.

Калода “Эмацыянальны свет дзіцяці” прадстаўлена сюжэтнымі карцінкамі, на якіх адлюстраваны панды і іх дзіцяняты. Як вядома, выява жывёл дазваляе беражліва абысці псіхалагічную абарону дзіцяці і выявіць яго ўнутраны эмацыянальны змест. Дзіцяці больш бяспечна і спакойна гаварыць пра жывёлу, праецыруючы на яе ўласныя пачуцці і думкі. Галоўнай асаблівасцю набору з’яўляецца адсут­насць твараў дзіцянят пандаў на сюжэтных карцінках. Менавіта гэта дазваляе дзецям даследаваць свае ўяўленні аб эмацыянальных рэакцыях у пэўных сітуацыях. Такія карты выкарыстоўваю ў якасці методыкі, якая вызначае эмацыянальныя рэакцыі ў тыповых сітуацыях навакольнага свету і ўзаемадзеяння з іншымі. Гэтая методыка падобная да тэста трывожнасці (Р.Тэмпл, В.Амен, М.Доркі).

Выкарыстоўваючы калоду МАК “Дружок”, дзіця можа праецыраваць падзеі свайго жыцця на героя карт. На картах Дружок трапляе ў розныя жыццёвыя сітуацыі, адчувае розныя перажыванні, узаемадзейнічае з іншымі персанажамі: мамай, татам, маленькім братам, дзядулем, бабуляй, сябрамі і чужымі людзьмі. Дзіцяці можна прапанаваць выбраць некалькі карт і скласці па іх аповед. З дапамогай гэтай калоды можна выкарыстоўваць практыкаванні “Добра — дрэнна”, “Добрае шчаня — дрэннае шчаня”, “Раскажы казку”.

Я мамін, я татаў, я непаўторны

У рабоце з дзіцяча-бацькоўскімі адносінамі інфарматыўнымі лічу калоды сюжэтных карт “Мама, тата, я”, “Пра сям’ю”, “Мама і тата”, “Мама і я. Вобраз маці”, “Пра тату”. Прывяду прыклад некалькіх тэхнік — варыянтаў работы з картамі, якія прымяняю ў рабоце з дзецьмі: “Адзін дзень з майго жыцця”, “Я вачамі маіх баць­коў”, “Я і мая сям’я”, “Сацыяграма”, “Хто ў доміку жыве?”, “Калі б я быў (была) чараўніком”.

Работа з калодамі карт “Робаты” і “Маё дзіця” дазваляе не толькі прыдумляць і фантазіраваць, але і вельмі глыбока і эфектыўна працаваць з рознымі праблемамі, такімі як унутраныя канфлікты, уяўленне аб блізкіх і ўзаемаадносіны з імі, вобраз сябе ў цэлым, адаптацыя да новых умоў. Дзіцяці прапануецца сабраць робата, які быў бы да яго падобны, але ў яго павінна быць нешта ад мамы, штосьці ад таты і нешта абсалютна ні да каго не падобнае (практыкаванне “Я мамін, я татаў, я непаўторны”). Інфарматыўнымі з’яўляюцца тэхнікі “Падобны да мяне”, “Партрэт сям’і, калектыву, групы”.

Такім чынам, выкарыстанне асацыятыўных карт як эфектыўнага інструменту ў рабоце педагога-псіхолага ўстановы дашкольнай адукацыі дазваляе вырашаць задачы забеспячэння псіхалагічнага здароўя дзяцей, дзіцяча-бацькоўскіх адносін.

Незалежна ад напрамкаў работы праектыўныя карты садзейнічаюць узнікненню пачуцця даверу і бяспекі, прычым як у дзіцяці, так і ў дарослага, стварэнню агульнай метафарычнай мовы пры абмеркаванні той ці іншай сітуацыі з жыцця дзіцяці і дарослага, рэалізацыі магчымасцей вырашэння праблем на сімвалічным узроўні, задзейнічанню неўсвядомленых рэсурсаў псіхікі, развіццю творчых здольнасцей.

 Наталля МАТУК,
педагог-псіхолаг дзіцячага сада № 2 Дзятлава