Сучасны педагагічны, метадычны, кіраўніцкі вопыт абмеркавалі на навукова-­практычнай канферэнцыі

- 9:51Актуально, Новости

Сучасны педагагічны, метадычны, кіраўніцкі вопыт быў у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў рэспубліканскай навукова-­практычнай канферэнцыі “Эфектыўны педагагічны вопыт: ад тэорыі да практыкі”, якая прайшла на базе БДПУ, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Канферэнцыя прайшла пад эгідай Беларускага педагагічнага таварыства і сабрала больш за 100 удзельнікаў — прадстаўнікоў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дадатковай адукацыі дарослых, вышэйшай школы. Акрамя таго, сярод гасцей былі прадстаўнікі сістэмы адукацыі Расійскай Федэрацыі.

Вітаючы ўдзельнікаў форуму, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі — начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіна Давідовіч адзначыла, што эфектыўны педагагічны вопыт з’яўляецца асновай майстэрства кожнага педагога. А лепшыя прадстаўнікі экспертнай педагагічнай грамадскасці ўвайшлі ў склад Беларускага педагагічнага таварыства, актыўна ўдзельнічаюць у рабоце, якая вызначае стратэгічныя кірункі развіцця айчыннай сістэмы адукацыі (пішуць, рэцэнзуюць падручнікі, распрацоўваюць вучэбныя і выхаваўчыя праграмы). 

Рэктар БДПУ, старшыня Беларускага педагагічнага таварыства, доктар педагагічных навук, прафесар Аляксандр Жук звярнуў увагу на задачы нацыянальнай сістэмы бесперапыннай педагагічнай адукацыі, адна з якіх — комплексная арганізацыя сістэмнага, планамернага вывучэння і абагульнення эфектыўнага педагагічнага вопыту, распаўсюджванне і ўкараненне лепшых узораў педагагічнай дзейнасці ў практыку ўстановы адукацыі. І тут значная роля адводзіцца ўсім структурным падраздзяленням педагагічнага таварыства — асацыяцыям інавацыйных устаноў адукацыі, педагагічных класаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, настаўнікаў-метадыстаў “Імкненне”, клубу “Крыштальны журавель” і інш.

Ужо зараз у скарбонцы эфектыўнага педагагічнага вопыту можна знайсці шмат практыка-арыентаваных матэрыялаў — адметных распрацовак нашых педагогаў, якія можна смела выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе. Напрыклад, сеткавым хабам Асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў з’яўляецца рэсурс, прысвечаны стварэнню індывідуальнага інфармацыйна-­адукацыйнага асяроддзя педагогаў. Кожны каляндарны год арганізуюцца і праходзяць вучэбныя семінары, канферэнцыі, рэалізуюцца шматлікія праекты з модульнымі семінарамі-практыкумамі для педагогаў. Уся гэтая дзейнасць накіравана на распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту, які будзе выкарыстоўвацца ў мэтах удасканалення кампетэнцый сучаснага педагога.

Сярод іх, па меркаванні Аляксандра Іванавіча, здольнасць забяспечыць выхаванне асобы з гуманістычным светапоглядам, крытычным, сацыяльна і экалагічна арыентаваным мысленнем, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, нацыянальнай самасвядомасцю ва ўмовах адкрытага полікультурнага грамадства; навыкі работы ў лічбавым адукацыйным асяроддзі; здольнасць прадбачыць сацыяльную сітуацыю развіцця сучаснага лічбавага дзіцяці; гатоўнасць да работы ва ўмовах інклюзіі ў адзіным адукацыйным працэсе; уменні праектаваць сваю жыццёвую і прафесійную траекторыю, развівацца і самаадукоўвацца на працягу ўсяго жыцця, знаходзіць аптымальныя рашэнні ў нестандартных прафесійных сітуацыях.

Механізмамі кіравання развіццём прафесійных кампетэнцый педработнікаў ва ўстанове адукацыі падзялілася дырэктар гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны, старшыня Асацыяцыі інавацыйных устаноў адукацыі, кандыдат педагагічных навук Наталля Бушная. Па меркаванні Наталлі Уладзіміраўны, галоўны механізм кіравання — гэта матывацыя. Але і эмацыянальны клімат мае вырашальнае значэнне. Яе кіраўніцкая стратэгія ўключае матывацыю дасягнення педагога і матывацыю афіляцыі (уключэнне педагогаў у калектыўную дзейнасць, значную для ўстановы адукацыі).

У праблемнае поле канферэнцыі былі ўключаны пытанні ак­туальных праблем педагагічных даследаванняў, мадэлі індывідуальнай траекторыі прафесійнага самаразвіцця на аснове аналізу эфектыўнага педагагічнага вопыту, актуальныя кіраўніцкія практыкі па ўдасканаленні прафесійных кампетэнцый педагогаў, эфектыўныя адукацыйныя практыкі выкладання вучэбных прадметаў, інтэнсіфікацыя адукацыйнага працэсу з дапамогай выкарыстання ІКТ, метадычнае суправаджэнне прафесійнага росту маладых педагогаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара