Мэтанакіраванай прафарыентацыйнай работай вылучаецца сістэма адукацыі Калінкавіцкага раёна

- 13:10Пресс-тур «Настаўніцкай»

У Калінкавіцкім раёне працуюць натхнёныя, творчыя, неабыякавыя педагогі, здольныя закласці трывалы падмурак для старту навучэнцаў у дарослае жыццё. У гэтым змаглі пераканацца журналісты “Настаўніцкай газеты” падчас нядаўняга прэс-туру па Гомельшчыне. 

Каб вярталіся на малую радзіму

— Мы рыхтуем выпускніка, здольнага зрабіць усвядомлены прафесійны выбар, прычым на карысць спецыяльнасцей, запатрабаваных эканомікай рэгіёна, выпускніка, які пасля вучобы вернецца на малую радзіму, каб прыносіць карысць роднай зямлі, — адзначыла начальнік аддзела адукацыі Калінкавіцкага райвыканкама Валянціна Яскавец.

Значная ўвага ў раёне ўдзяляецца развіццю сеткі класаў і груп прафесійнай накіраванасці. Так, сёлета на базе гімназіі адкрыты клас медыцынскай накіраванасці, які супрацоўнічае з Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам і Мазырскім дзяржаўным медыцынскім каледжам, актыўна дзейнічаюць класы педагагічнай (на базе гімназіі арганізаваны міжшкольны факультатыў), спартыўна-педагагічнай (сярэдняя школа № 6 Калінкавіч), інжынернай (Малааўцюкоўская сярэдняя школа, сярэдняя школа № 7 і гімназія Калінкавіч) і ваенна-патрыятычнай (сярэдняя школа № 6 і гімназія Калінкавіч) накіраванасці.

У 2024/2025 навучальным годзе ў трох установах адукацыі раёна — сярэдняй школе № 1 Калінкавіч, Азарыцкай і Дудзіцкай сярэдніх школах — адкрыты класы і групы аграрнай накіраванасці, дзе вучацца 44 дзіцяці.

Наладжана ўзаемадзеянне гэтых школ з установамі вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі сельскагаспадарчага профілю, заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з сельгасарганізацыямі раёна, у прыватнасці СВК “Дружба-Аўцюкі”, КСУП “Беразнянскі”. На базе Калінкавіцкага дзяржаўнага каледжа меліярацыі, Палескага дзяржаўнага аграрнага каледжа імя В.Ф.Міцкевіча арганізуюцца практычныя заняткі для навучэнцаў. Дарэчы, на базе каледжа меліярацыі ў межах працоўнага навучання старшакласнікі раёна атрымліваюць спецыяльнасці бармена, слесара, цырульніка.

Сёлета 140 дзевяцікласнікаў устаноў адукацыі раёна выбралі ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі сельскагаспадарчага профілю, 4 выпускнікі 11-х класаў  — УВА. Скарысталіся мэтавымі накіраваннямі для паступлення 13 выпускнікоў.

Я ў аграрыі б пайшоў

У сярэдняй школе № 1 Калінкавіч ужо 6 гадоў дзейнічаюць класы аграрнай накіраванасці. За гэты час з іх выпусцілася больш за 100 чалавек.

У гэтым навучальным го­дзе ў групах аграрнай накіраванасці вучацца 35 школьнікаў. Яны на павышаным узроўні вывучаюць фізіку і матэматыку, хімію і біялогію, наведваюць заняткі факультатыўнага курса “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”.

Як расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Людміла Вяргей, з мэтай прафарыентацыі і аказання дапамогі вучням ва ўсвядомленым выбары прафесіі праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы, сярод якіх важнае месца займаюць экскурсіі на вытворчасці і прадпрыемствы (ААТ “Тураўскі малочны завод”, УП “Калінкавіцкая зверагаспадарка Белкаапсаюза”, калінкавіцкі мясакамбінат), дзе ўвага дзяцей факусіруецца на ўмовах працы і вытворчасці. Да таго ж вучні наведваюць УВА сельскагаспадарчага профілю, удзельнічаюць у анлайн-сустрэчах, кірмашах прафесій, прафарыентацыйных сустрэчах з прадстаўнікамі кіраўніцтва раёна і прадпрыемстваў (УП “Эксперыментальная база “Ліпава”, калінкавіцкі лясгас і інш.), у праполцы пасеваў у гадавальніку калінкавіцкага лясгаса.

Навучэнцы школы — удзель­нікі аграрна-педагагічнага адукацыйнага мерапрыемства “Аграгіяда”. У 2022 годзе па яго выніках школьнікі заваявалі дыплом ІІІ ступені ў конкурсе камандных лагатыпаў марафону “СИТИ+ ФЕРМА” і дыпломы ІІ і ІІІ ступені на аграалімпіядзе.

— Навучанне ў профільных групах аграрнай накіраванасці дазваляе дзецям атрымаць уяўленне аб аграрнай вытворчасці, ацаніць свае магчымасці і вызначыцца з выбарам прафесіі, а заказчыкам кадраў — адаб­раць для навучання ва УВА аграрнай накіраванасці на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі прафесійна арыентаваных выпускнікоў, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Марына Маркіна.

У многім выбар дзіцем далейшага прафесійнага шляху залежыць ад пазіцыі бацькоў, іх уцягнутасці ў адукацыйна-выхаваўчы працэс. Таму цеснае супрацоўніцтва з бацькамі педагогі школы імкнуцца наладзіць пачынаючы з 1 класа. Настаўніца пачатковых класаў Таццяна Мятлушка прадставіла журналістам сістэму работы па ўзаемадзеянні з бацькамі. Педагог лічыць, што сэнс педагагічнага супрацоўніцтва сям’і і школы заключаецца ў стварэнні ўмоў для камфортнага, радаснага і шчаслівага жыцця дзіцяці. Настаўніца праводзіць бацькоўскія сходы ў нетрадыцыйных формах (круглы стол,  гульня, трэнінг, гутарка і інш.), арганізоўвае бацькоўскія ўніверсітэты, на якія запрашае прадстаўнікоў службы СППС, інспектараў ДАІ, ІСН, медыкаў і інш., праводзіць індывідуальныя кансультацыі, актыўна супрацоўнічае з бацькамі ў са­цыяльных сетках, запрашае іх на адкрытыя ўрокі і пазакласныя мерапрыемствы. Часта бацькі самі становяцца ініцыятарамі і арганізатарамі шматлікіх мерапрыемстваў. Так, сёлета да Дня міру мама адной з навучэнак правяла майстар-клас “Галубка міру”. Пад кіраўніцтвам Наталлі Уладзіміраўны вучні вырабілі галубак і напісалі пасланне ўсім людзям Зямлі з заклікам спы­ніць войны і захаваць мір на планеце.

— Мамы і таты заўсёды радуюцца поспехам свайго дзіцяці. Чым больш класны кіраўнік стварае сітуацый, у якіх дзіця можа быць шчаслівым, тым больш ён прыцягвае бацькоў да сумеснай дзейнасці, — пераканана Таццяна Мятлушка. — Дзякуючы такой рабоце, я, мае вучні і бацькі — адна сям’я! У нас ёсць агульная мэта — выхаваць добрых, сумленных грамадзян і патрыётаў сваёй Радзімы.

Тэорыя на практыцы

У Дудзіцкай сярэдняй школе вялікая ўвага ўдзяляецца працоўнаму выхаванню. Як расказаў дырэктар установы Вадзім Крэк, значная роля ў гэтым належыць урокам працоўнага навучання. Прадмет у школе выкладае Іван Брыцун.

— Нам неабходна пад­рыхтаваць выпускніка, які будзе ў стане забіць цвік, укруціць лямпачку, спілаваць старое і пасадзіць маладое дрэва,  адрамантаваць разетку, прышыць гузік і г.д., — падкрэ­сліў Іван Пятровіч. — Сучасны вучань не так высока цэніць веды, бо яны даступныя і адкрытыя: трэба толькі зайсці ў інтэрнэт. Ды і веды зараз важныя толькі тады, калі іх можна прымяніць. Доўга сядзець за кнігай ці думаць над адной задачкай навучэнцам вельмі цяжка: яны носьбіты кліпавага мыслення і ўспрымаюць інфармацыю кароткімі фрагментамі, хочуць атрымліваць яе ў выглядзе жывой карцінкі ці зразумелай схемы. І мы, настаўнікі, павінны гэта ўлічваць і шукаць падыход да кожнага.

У сваёй рабоце педагог робіць акцэнт на практычнай дзейнасці. Ужо на першым уроку ў 5 класе ён прапаноўвае вучням зрабіць разгортку дома. І тут добра ві­даць, як у дзяцей развіта дробная маторыка, прасторавае мысленне, уяўленне, як спрацоўва­юць міжпрадметныя сувязі (як школьнік карыстаецца лінейкай, будуе прамы вугал і інш.). Нават тэорыю Іван Пятровіч тлумачыць праз практыку. Педагог стварае на занятках праблемныя сітуацыі. Напрыклад, падчас вывучэння тэмы “Зборка вырабу на цвіках” ён прапаноўвае дзецям паспрабаваць забіць цвік вялікага дыяметра ў тоненькую дошчачку. Дзеці бачаць, што яна раколваецца. Узнікае пытанне: на якой адлегласці трэба забіць цвік, каб не раскалоць дошчачку? Хтосьці прапаноўвае прасвідраваць дзірку, хтосьці — прытупіць цвік і г.д. Вучні ўключаюцца ў работу, і тады настаўнік абагульняе іх адказы і дабаўляе тэорыю.

Часта ў госці да педагога прыходзяць яго былыя выпускнікі. І гэта таксама павышае матывацыю сённяшніх  школьнікаў да навучання. Эфектыўнай з’яўляецца тэхналогія “роўны ву­чыць роўнага”, якую выкарыстоўвае настаўнік, бо часам равесніка ці старэйшага таварыша дзеці ўспрымаюць лепш, чым настаўніка.

Па словах І.П.Брыцуна, працоўнае навучанне — спосаб выцягнуць дзяцей з гаджэтаў. Акрамя ўрокаў, гэтаму садзейнічаюць заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах па пачатковым тэхнічным мадэляванні, якія ахвотна наведваюць вучні з 2 па 9 клас па суботах.

Пасля заканчэння школы выхаванцы настаўніка выбіраюць спецыяльнасці, звязаныя з працоўным навучаннем, фізікай і чарчэннем. Ёсць сярод іх педагогі, работнікі лясгаса, чырванадрэўшчыкі.

Няма канкурэнцыі — няма руху наперад

20 гадоў паспяхова рыхтуе вучняў да ўдзелу ў алімпіядным руху настаўнік працоўнага навучання і фізікі Бабровіцкай сярэдняй школы Віктар Савіцкі.

За гэты час навучэнцамі педагога заваяваны 43 дып­ломы на трэцім этапе рэс­публіканскай алімпіяды і 13 дыпломаў — на заключным. За сваю працоўную дзейнасць настаўнік удастоены нагруднага знака “Выдатнік адукацыі”.

— Самае складанае ў рабоце — адабраць вучняў да ўдзелу ў алімпіядзе, — прызнаўся Віктар Мікалаевіч. — Мне ў гэтым дапамагае музей дзіцячай творчасці, адкрыты ў нашай школе. У ім сабраны больш за 50 экспанатаў, створаных рукамі дзяцей: вырабы з дрэва, кухонныя наборы, сервіровачныя і часопісныя столікі і інш. І вось калі прыводзіш туды пяцікласнікаў, адразу бачыш, у каго загараюцца вочы, хто пачынае задаваць шмат пытанняў. Прыглядаюся да гэтых дзяцей і паступова пачынаю ўцягваць іх у творчы працэс. Перавага аддаецца тым, хто сябруе з матэматыкай, любіць чытаць, мае шырокі кругагляд.

Зараз, дарэчы, педагог рыхтуе трох навучэнцаў да ўдзелу ў раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды. В.М.Савіцкі вучыць сваіх падапечных не толькі працаваць з драўнінай, жалезам, шклом, але і бачыць у падручным матэрыяле будучы твор мастацтва. Ён імкнецца не даваць дзецям гатовыя веды, а робіць усё магчымае, каб кожны вучань раскрываўся як асоба. Педагог вучыць школьнікаў узаемадзейнічаць, выказваць сваю думку, слухаць субяседніка і ўлічваць розныя меркаванні. Ён арганізоўвае работу на ўроку так, што вучні разам выконваюць заданні, супрацоўнічаюць і прыходзяць да сумеснага рашэння.

Віктар Мікалаевіч шчодра дзеліцца сваім вопытам з калегамі раёна, вобласці.

— Калі-нікалі ад калег даводзіцца чуць словы: “Ты ж там не раскрывай усіх сакрэтаў педагогам з іншых рэгіёнаў, бо яны нам потым ствараюць канкурэнцыю”. Я ж лічу, што калі няма канкурэнцыі, то і няма руху наперад, а таму раскрываю, як гаворыцца, усе карты, — заўважыў В.М.Савіцкі.

Вучні Віктара Мікалаевіча паступаюць на тэхнічныя спецыяльнасці УВА. А выпускнік Улад Пінчук вырашыў пайсці па слядах настаўніка і сёлета паступіў на педагагічную спе­цыяльнасць. Ёсць вучні, для якіх работа з драўнінай стала заняткам для душы. А гэта значыць, што  сілы і энергія настаўніка былі ўкладзены ў выхаванцаў недарэмна.

Цэнтр кампетэнцый

Чатыры гады назад у Калінкавіцкім дзяржаўным каледжы меліярацыі, які сёлета прызнаны лепшай установай прафесійна­тэхнічнай адукацыі на Гомельшчыне, быў створаны адзіны ў вобласці цэнтр кампетэнцый сучасных тэхналогій у сельскай гаспадарцы і меліярацыі.

Прызначэнне цэнтра — падрыхтоўка кваліфі­каваных спецыялістаў з дапамогай інавацыйных форм і метадаў вытворчага навучання. Цэнтр мае 6 лабараторый, сярод якіх — “Будова і эксплуатацыя трактароў”, “Сельскагаспадарчыя машыны”, “ТА і рамонт машын” і інш. Яны аснашчаны дынамічнымі трэнажорамі сучасных самаходных трактароў, зернеўборачных камбайнаў, бульдозераў, экскаватараў-пагрузчыкаў, на якіх будучыя аграрыі адпрацоўва­юць практычныя навыкі кіравання сельскагаспадарчай і прамысловай тэхнікай, вучэбнымі стэндамі па электраабсталяванні, паліўнай і гідрасістэме і дыягнастычнымі комплексамі. У якасці спонсарскай дапамогі былі атрыманы 4 трактары. Ёсць там і ўласная слясарна-рамонтная станцыя і найноўшая камп’ютарная тэхніка.

— Наша задача — навучыць маладых лю­дзей карыстацца органамі кіравання сельскагаспадарчай тэхнікі. І калі навучэнцы сядуць на рэальны трактар альбо камбайн, у іх не будзе страху, што яны штосьці не тое націснуць. Яны будуць разумець, што ад іх патрабуецца, — патлумачыла майстар вытворчага навучання Надзея Галіцкая. — На экскаватары яны вучацца карыстацца не толькі каўшом, але і гідрамолатам, і вібрапаглыбляльнікам. На трэнажоры па кіраванні камбайнам закладзены тры культуры з рознай ураджайнасцю: пшаніца, кукуруза і сланечнік, з рознай забруджанасцю палёў і рознымі ўхіламі. Навучэнцы адпрацоўва­юць навыкі правільнага карыстання жняяркай, рэгулююць частату кручэння малацільнага барабана і частату вентыляцыі чысткі, каб былі найменшыя страты пры ўборцы зерня. На ўсіх трэнажорах мяняецца пара года, час сутак і ўмовы надвор’я. Напрыклад, зімой рана цямнее, вільготнасць павышаная. Навучэнцам на рэальнай тэхніцы неабходна ўклю­чыць печку, каб вокны не пацелі, блізкае альбо далёкае святло фар. Як паказвае практыка, каб асвоіць адзінку тэхнікі на трэнажоры, у сярэднім хапае 8 гадзін.

Як расказаў дырэктар каледжа Мікалай Федарук, вытворчае навучанне праходзяць у цэнтры не толькі навучэнцы каледжа (ва ўстанове рыхтуюць трактарыстаў, вадзіцеляў, машыністаў бульдозера,
электрагазазваршчыкаў, повараў і прадаўцоў), але і навучэнцы іншых устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці (за гады работы цэнтра навучанне прайшлі 1447 чалавек). Для вопытных спецыялістаў тут арганізуецца павышэнне кваліфікацыі, для незанятага насельніц­тва — падрыхтоўка і перападрыхтоўка. А для старшакласнікаў праводзіцца прафесійная падрыхтоўка па спецыяльнасцях “Швачка”, “Прадавец”, “Слесар па рамонце селькагаспадарчых машын і абсталявання”, “Слесар па рамонце аўтамабіляў”. Дарэчы, штогод каля 250 школьнікаў вучацца на базе каледжа. Зараз абмяркоўваецца пытанне навучання школьнікаў на атрыманне ва­дзіцельскага пасведчання.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Ігара ГРЭЧКІ