«Мэтавае накіраванне — гэта выдатная магчымасць для выпускнікоў». Меркаванні педагогаў

- 9:48Актуально, Образование

Уступныя выпрабаванні абітурыентаў, якія паступалі па мэтавых накіраваннях, прайшлі сёлета ў новым фармаце. Настаўнікі, якія ўвайшлі ў склад экзаменацыйных камісій, падзяліліся з карэспандэнтамі “Настаўніцкай газеты” сваімі ўражаннямі.

Вольга Лонская, настаўніца матэматыкі гімназіі № 7 імя В.Ц.Калакольнікава Гродна:

— Я была членам экзаменацыйнай камісіі на ўступным экзамене па матэматыцы ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. Іспыт праходзіў у вуснай форме. 50 пытанняў да яго былі загадзя размешчаны на сайтах Міністэрства адукацыі і ўніверсітэта. Іх распрацаваў НІА. Абітурыенты паступалі па мэтавым накіраванні на спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт”, “Фінансы і крэдыт”, “Менеджмент”. У экзаменацыйнай камісіі былі два чалавекі. Ра­зам са мной экзамен прымала выкладчык эканамічнага факультэта аграрнага ўніверсітэта Алена Анатольеўна Суханава. У аўдыторыі прысутнічалі старшыня экзаменацыйнай камісіі — кандыдат фізіка-матэматычных навук выкладчык інжынерна-тэхналагічнага факультэта ўніверсітэта Аляксей Андрэевіч Дзяніскавец, а таксама прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі вобласці і дзяржкантролю. Вёўся аўдыя- і відэазапіс.

На экзамен, які пачаўся ў 9 раніцы, прыйшлі ўсе 14 абітурыентаў з заяўленага спіса. Заходзілі ў аўдыторыю па 6 чалавек, пры сабе мелі пашпарт і экзаменацыйны ліст. Выцягвалі білет (у кожным было па два пытанні, якія не выходзілі за рамкі школьнай праграмы), атрымлівалі праштампаваны ліст для работы і садзіліся рыхтавацца. На падрыхтоўку адводзілася 90 мінут. Усё праходзіла ціха і мірна. Нягледзячы на тое, што вусны экзамен — гэта апытанне па загадзя вядомых пытаннях, у дзяцей усё ж прысутнічаў страх публічна адказваць перад незнаёмымі людзьмі, некаторыя баяліся да дрыжыкаў у каленках. Але члены экзаменацыйнай камісіі былі настроены добразычліва. Калі абітурыент губляўся ў пачатку адказу, каб падтрымаць яго, мы задавалі навадныя пытанні. Скажу шчыра: удзель­нікі камісіі хваляваліся за дзяцей. На дыялог з адным абітурыентам ішло прыблізна 15 мінут. Мы выяўлялі глыбіню ведаў, уменне выказвацца, аналізаваць, ду­маць лагічна. Абітурыентам было нялёгка яшчэ і таму, што на ўроках у школах настаўнікі часцей праводзяць франтальнае апытанне навучэнцаў і больш увагі ўдзяля­юць практычным навыкам, а не тэарэтычным. Тым не менш усе абітурыенты справіліся. Нездавальняючых адзнак не было. Ацэньвалі дзяцей адразу. Адзнаку абмяркоўвалі і выстаўлялі ў прысутнасці абітурыента ў экзаменацыйную ведамасць. Спачатку ацэньвалі адказ на першае пытанне, затым на другое, а вынік выводзілі як сярэдняе арыфметычнае гэтых адзнак. 

Лічу, што мэтавае накіраванне — гэта выдатная магчымасць для выпускнікоў, бо дае больш шансаў паступіць на жаданую спецыяльнасць на бюджэт, але галоўная яго перавага — гарантаванае месца работы.

Асабіста мне на вусным экзамене па матэматыцы хацелася б убачыць яшчэ і практычныя навыкі рашэння задач. Мэтазгодна, каб замест двух тэарэтычных пытанняў прапаноўвалася адно тэарэтычнае і адно практычнае.

Асобныя пытанні раздзела “Стэрэаметрыя” былі для абітурыентаў вельмі складанымі. Напрыклад, пытанне аб перпендыкулярнасці плоскасцей (азначэнне, уласцівасці і прыметы). Тэма “Функцыі” (асабліва трыганаметрычныя) таксама давалася цяжка. Што тычыцца лёгкіх білетаў, то ў кожнага яны былі свае. Адной дзяўчынцы, напрыклад, трапілася пытанне аб паралелаграме (азначэнне, уласцівасці, прыметы, формулы плошчы). Яна адказвала добра, упэўнена, прывяла доказ адной з уласцівасцей.

Падводзячы вынік, магу з упэўненасцю сказаць, што для матэматыкі як навукі і вучэбнага прадмета павінны быць на адным узроўні і тэорыя, і практыка.

Святлана Расальская, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 10 Маладзечна:

—  Калі мне прапанавалі прыняць удзел у якасці члена камісіі ва ўступным экзамене па рускай літаратуры ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, я з задавальненнем згадзілася: было цікава паглядзець, як будзе прахо­дзіць экзамен у вуснай форме і як да яго падрыхтаваны абітурыенты.

Усіх членаў камісіі 6 чэрвеня запрасілі ў актавую залу БДПУ. Нас праінструктавалі аб арганізацыі і правядзенні экзамену, прадставілі старшыню і іншых членаў прыёмнай камісіі. А 7 чэрвеня ў 10.00 пачаўся экзамен.

Старшынёй камісіі была кандыдат філалагічных навук дацэнт Алена Уладзіміраўна Гранкіна, другім экзаменатарам — кандыдат філалагічных навук Аляксандр Леанідавіч Царкоўскі. Мне як настаўніку рускай мовы і літаратуры гімназіі было прыемна супрацоўнічаць з калегамі з універсітэта. З першай мінуты сумеснай работы і на працягу ўсяго экзамену паміж намі было паразуменне. Таксама на экзамене прысутнічаў прадстаўнік Дзяржаўнага кантролю. Вёўся відэа- і аўдыязапіс экзамену.

У аўдыторыі падчас правядзення ўступнага іспыту была створана спакойная, добразычлівая атмасфера. 16 навучэнцаў прэтэндавалі на дзённую форму атрымання вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Абітурыенты маглі загадзя азнаёміцца з праграмай уступных іспытаў па рускай літаратуры і з пытаннямі да ўступнага выпрабавання. Уся інфармацыя была размешчана на афіцыйных сайтах Міністэрства адукацыі і БДПУ.

Абітурыентам пры ўваходзе ў аўдыторыю выдалі памятку і бланк для запісу свайго адказу. У білеце былі два пытанні па школьнай праграме. На падрыхтоўку абітурыентам адводзілася 90 мінут, на адказ — 15.

На жаль, былі абітурыенты, якія не змаглі адказаць ні на адно пытанне білета, нягледзячы на тое, што многія тэмы пераклікаліся. Напрыклад, калі ведаеш жыццёвы і творчы шлях А.П.Чэхава, то гэтую інфармацыю часткова можна выкарыстоўваць пры адказе на іншае пытанне пра пісьменніка і яго творчасць. Была навучэнка, якая не змагла ўспомніць ніякіх звестак з біяграфіі майстра кароткага апавядання, ніводнага яго твора, хаця творчасць гэтага аўтара вывучаецца ў 5, 6, 8 і 10 класах.

Але трэба сказаць, што абітурыенты ў большасці сваёй ішлі на экзамен падрыхтаванымі. Яны ведалі найважнейшыя біяграфічныя звесткі пра пісьменнікаў, тэксты твораў, іх ідэйны змест, мастацкае, гістарычнае і грамадскае значэнне; аналізавалі мастацкія творы ў адзінстве зместу і мастацкай формы, а некаторыя абітурыенты цытавалі ўрыўкі з лірычных твораў, дэманстравалі валоданне тэарэтыка-літаратурнымі паняццямі.

На мой погляд, было правільным уключыць у склад камісіі школьнага настаўніка. Сур’ёзных разыходжанняў у выстаўленні адзнак за адказ паміж мной і ўніверсітэцкімі выкладчыкамі не ўзнікала. Але былі нюансы, ад якіх залежала адзнака абітурыента. Напрыклад, у вучэбнай праграме па рускай літаратуры для 10 класа ўстаноў, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання, для вывучэння прапаноўваецца адна з п’ес А.М.Астроўскага: “Навальніца” ці “Беспасажніца” (па выбары настаўніка). У пытаннях да ўступных іспытаў ва УВА на сайце ўніверсітэта прадугледжваўся выбар твораў для аналізу. А ў білетах на экзамене быў прапісаны канкрэтны твор, без магчымасці выбару. У гэтай сітуацыі якраз і спатрэбілася кансультацыя настаўніка.

У цэлым у мяне прыемнае ўражанне ад арганізацыі ўступнага іспыту і падрыхтоўкі навучэнцаў. Экзамен па рускай літаратуры ў вуснай форме дазволіў убачыць не толькі глыбіню ведаў абітурыентаў па вучэбным прадмеце, але і іх матывацыю да выбранай прафесіі. Радуе, што шэрагі настаўнікаў і выкладчыкаў папоўняць таленавітыя навучэнцы.

Надзея ЦЕРАХАВА і Наталля САХНО