Мы можам многае, нават калі нас мала

- 12:03Выхаваўчая прастора

У Паплаўскім яслях-садзе — базавай школе навучаецца ўсяго 28 дзяцей. Але нават у такім маленькім калектыве можна адчуць перавагі дзеянняў супольна. У нас дзейнічае піянерская дружына “Спадчына”, дзіцячае аб’яднанне “Акцябраты”, першасная арганізацыя БРСМ “Брыганціна”.

Піянерская дружына “Спадчына” складаецца з двух атрадаў, якія аб’ядноўваюць піянераў 5—8 класаў. Усяго ў дружыне 13 піянераў — гэта навучэнцы школы ад 10 да 14 гадоў. Старшыня савета дружыны Дар’я Крыцкая, дэпутат раённага Маладзёжнага парламента, рэгулярна арганізоўвае дзяцей на добрыя справы. Піянеры наведваюць і аказваюць дапамогу адзінокім і састарэлым людзям: складваюць дровы, прыбіраюць агарод і двор, прыносяць ваду, зімой расчышчаюць дарожкі ад снегу. Дзеці збіраюць макулатуру, металалом, даглядаюць месцы пахавання салдат Вялікай Айчыннай вайны ў вёсках Паплаўцы і Ёдзічы.

Члены валанцёрскага атрада “Добрае сэрца” прынялі ўдзел у асенняй дабрачыннай акцыі “Тыдзень добрых спраў” пад дэвізам “Ні дня без добрай справы”, якая праводзіцца пад эгідай Бераставіцкага РК БРСМ. Дзеці з атрада вядуць прапагандысцкую работу сярод насельніцтва вёскі: распаўсюджваюць памяткі, лістоўкі па розных напрамках пад дэвізам “Разам за бяспеку”, “Здаровы лад жыцця — у кожны дом” і інш.

У піянерскай дружыне праводзяцца вахты памяці, дэкады патрыятычнай работы, мерапрыемствы ў рамках акцый “За любімую Беларусь!”, “Беларусь — мая Айчына”, “Ганаруся табой, Беларусь!”, “Беларусь моцная, Беларусь свабодная”, піянерскія суботнікі, дні здароўя, спартландыі і інш. Піянеры дружыны прымалі актыўны ўдзел у акцыях і конкурсах па ЗЛЖ “Стоп — СНІД!”, “Мы супраць наркотыкаў і тытунекурэння”, акцыях “Місія — жыць!” і г.д.

9 навучэнцаў пачатковай школы — акцябраты, аб’яднаныя ў атрад “Усмешка”. Гэта 70% ад дзяцей 7—10 гадоў. 4 навучэнцы 2 класа рыхтуюцца да ўступлення ў акцябраты, ім пакуль не споўнілася 7 гадоў. Малодшыя школьнікі актыўна ўдзельнічаюць у гульні “Хто хоча стаць піянерам?”, якая праводзіцца з мэтай вывучэння правіл акцябрат.

Выхаванне юных грамадзян — асноўная мэта работы з акцябратамі. Гэтая работа вядзецца плённа, адпавядае ўзроставаму этапу. Задача піянерважатых — дапамагчы дзецям зразумець, што яны не толькі школьнікі, але і дружная група, у якой ёсць свая вялікая гульнявая праграма, уласныя правілы, якія яны павінны засвоіць і выконваць.

Кожны год дружына прымае ў свае рады новых членаў, якія актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх школьных справах і адказна выконваюць усе даручэнні. Прыём у арганізацыю па традыцыі праходзіць ва ўрачыстай атмасферы ля помніка Воіну-вызваліцелю ў цэнтры вёскі. Для новых членаў арганізацыі піянеры рыхтуюць урачыстыя словы і віншаванні, музычныя нумары і вершы. Навічкі ў сваю чаргу паказваюць свае веды па гісторыі піянерыі, гавораць урачыстае абяцанне, пасля чаго іх старэйшыя сябры завязваюць ім піянерскія гальштукі.

Піянеры з задавальненнем прымаюць удзел у Днях сельскага школьніка, занятках цэнтра вольнага часу, якія праводзяцца Бераставіцкім ЦТДіМ. Дзеці заўсёды гатовы да ўдзелу ў выязных мерапрыемствах.

У школе забяспечана работа па выхаванні грамадзяніна і патрыёта праз арганізацыю педагагічнай падтрымкі дзейнасці дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў. Важную ролю ў выхаванні маладога пакалення выконвае дзейнасць першаснай арганізацыі БРСМ “Брыганціна”.

Малады спецыяліст Яўгенія Юр’еўна Жылінская каардынуе ўсе справы, якія праводзяцца, як куратар і член БРСМ. Педагог працуе ў цеснай сувязі з класнымі кіраўнікамі, бацькамі, адміністрацыяй школы.

Набыты сацыяльны вопыт у рамках сельскай малакамплектнай школы, дзе ўсе навучэнцы цесна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, з’яўляюцца адначасова членамі многіх арганізацый, адцягвае іх ад негатыўных тэндэнцый у маладзёжным асяроддзі, нягледзячы нават на тое, што ў некаторых сем’ях ёсць непасрэднае адмоўнае ўздзеянне з боку бацькоў. Навучэнцы максімальна і часта задзейнічаны ў мерапрыемствах, акцыях і ім проста няма калі думаць пра негатыўнае.

Удзел у раённых мерапрыемствах заўсёды праходзіць актыўна. Калі школьнікі наведваюць іх, то ўдзельнічаюць ва ўсіх конкурсах, выходзяць на сцэну, спяваюць, разгадваюць загадкі і г.д. Фарміруецца своеасаблівы сацыяльны імунітэт да адмоўных выклікаў у маладзёжным асяроддзі. І гэта галоўны паказчык эфектыўнай работы педагагічнага калектыву і дзіцячых грамадскіх арганізацый.

Алена КАЛАМЕЕЦ,
дырэктар Паплаўскага ясляў-сада — базавай школы.