Мінчанін года Мікалай Курыловіч: «У нашай прафесіі ты заўсёды на хвалі сучаснасці, на хвалі адкрыццяў»

- 13:46Новости

У сталіцы вызначаны ўладальнікі ганаровага звання «Мінчанін года». Сярод іх — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 111 імя Міхаіла Каснерыка Мікалай Курыловіч, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— Вельмі ўдзячны кіраўніцтву горада, удзячны тым, хто бачыць працу чалавека на яго рабочым месцы. Гэта вельмі важна для кожнага. Мяне перапаўняюць радасныя эмоцыі. Думаю, што гэтыя незабыўныя ўражанні застануцца ў памяці на ўсё жыццё, — адзначыў пераможца.

У сферы адукацыі Мікалай Юр’евіч працуе ўжо 16 гадоў.

Ніколі не пашкадаваў, што выбраў педагагічную прафесію: ты заўсёды на хвалі сучаснасці, на хвалі адкрыццяў. Я імкнуся да таго, каб кожны з маіх падапечных змог паўдзельнічаць у жыццевырашальным мерапрыемстве. У нас насамрэч шмат інтэлектуальных, выхаваўчых конкурсаў. І дзеці, якія да мяне трапляюць, чакаюць, чым іх зацікавіць настаўнік, якія вяршыні таленту адкрые. Мая задача, як і ўсяго педагагічнага калектыву школы, — убачыць у кожным вучні адметныя якасці і здольнасці, якія дапамогуць яму выбраць правільны жыццёвы шлях і прафесію, — падкрэсліў суразмоўнік.

М. Курыловіч — уладальнік тытула «Лепшы класны», пераможца рэспубліканскага конкурсу «Лідар лічбавай адукацыі» і ўладальнік інтэрнэт-прэміі БРСМ за распрацоўку тэматычнага сайта для навучэнцаў па беларускай мове, які накіраваны на пашырэнне кола карыстальнікаў роднай мовы, прывіццё любові да яе, да нацыянальных традыцый, а таксама на правільнае выкарыстанне інфармацыйных рэсурсаў.

— Ужо на працягу чатырох гадоў мы з камандай школы, з навучэнцамі і выпускнікамі працуем у сферы лічбавізацыі па вывучэнні беларускай мовы. На нашым рахунку тры інавацыйныя праекты па паляпшэнні якасці вывучэння беларускай мовы ў сярэдніх школах. Разам са сваімі здольнымі вучнямі запусцілі адукацыйную платформу «Беларуская мова вучням». Гэта сем аўтарскіх мабільных дадаткаў з элементамі дапоўненай рэальнасці і галасавы памочнік «Ясь», які размаўляе на меладычнай роднай мове. Адна з апошніх распрацовак — аўтарскі інтэрактыўны комплекс па фразеалогіі «Цуды з праявамі», які дапаможа школьнікам, у тым ліку дзецям з парушэннямі зроку, у падрыхтоўцы да ЦЭ і ЦТ.

Радасна адзначыць, што наша дзейнасць мае пэўны вынік — навучэнцы атрымліваюць высокія вынікі на ЦТ і ЦЭ, перамагаюць у рэспубліканскіх спаборніцтвах рознага ўзроўню, — сказаў М. Курыловіч.

Сёлета ўладальнікамі звання «Мінчанін года» сталі 13 жыхароў сталіцы. Усе яны дасягнулі высокіх вынікаў у працоўнай і грамадскай дзейнасці, праяўляюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, ствараюць сацыяльна значныя праекты і штодзень робяць горад лепшым.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Агенцтва «Минск-Новости»