У дзіцячым садзе Гальшан Ашмянскага раёна народныя акцэнты гучаць ва ўсіх гульнях. Нават у “Кафэ” дашкольнікі гуляюць, выкарыстоўваючы меню беларускіх страў у малюнках. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У спальнях ложкі акуратна прыбраны льнянымі пакрываламі з элементамі вышыванкі, а любімыя дзецьмі Барбі і Кены апрануты ў беларускія нацыянальныя касцюмы.

— Багатая гісторыя нашых мясцін уплывае на змест работы ўстановы адукацыі па фарміраванні ў дзяцей патрыятычных пачуццяў. Асаблівую ўвагу ўдзяляем арганізацыі актыўных відаў дзіцячай дзейнасці. І героямі нашых дапаможнікаў і гульняў нярэдка выступаюць мясцовыя славутасці і гістарычныя асобы, — гаворыць загадчыца дашкольнай установы Ганна Міхайлаўна Каваліцкая і дэманструе драўляную гульню-пазл, дзе сабраць трэба Гальшанскі замак.
Разнастайныя лэпбукі з акенцамі, канверцікамі і кішэнькамі, кнігі ў ільняных вокладках, самаробныя выданні з казкамі… Тэматыка самая разнастайная: казачная, здаровае харчаванне, усё для юных даследчыкаў, фальклор і беларускі арнамент, падарожжы ў свет лялек, памятныя даты і нацыянальныя святы.
— Мы заўсёды ў пошуку такіх падыходаў у афармленні развіццёвага асяроддзя, у якім кожны выхаванец зможа адчуць сябе часткай сваёй малой радзімы і ў цэлым краіны. Для гэтага стварылі ў групах міні-музеі “Беларуская саломка”, “Беларускі лён”, “Беларуская выцінанка”, “Беларускае ганчарства”, — не перастае здзіўляць кіраўнік дашкольнай установы.
Толькі ў міні-музеі “Беларускі лён” налічваецца больш за 50 экспанатаў.
Тут размешчаны вырабы з ільну, зробленыя рукамі як майстроў, так і педагагічных работнікаў, бацькоў. Прадстаўлены метадычны і прэзентацыйны матэрыял аўтарства педагогаў, які знаёміць дзяцей з тэхналагічнымі этапамі апрацоўкі льну ад вырошчвання да атрымання гатовага вырабу.

— Усё гэта спрыяе развіццю густу. Але мэта іншая. Напрыклад, музейны пакой “Сялянская хатка” не толькі адлюстроўвае культуру, побыт, традыцыі жыхароў нашай мясцовасці. Ён стварае асяроддзе для знаёмства дзяцей з вуснай народнай творчасцю. У сучасных дашкольнікаў нярэдка ўзнікаюць цяжкасці ў разуменні загадак, казак, прымавак, бо ў многіх з іх згадваюцца верацяно, кудзеля, калаўрот і іншыя прадметы сялянскага побыту, якія зніклі з нашага штодзённага жыцця. Калі незразумелае слова сустракаецца ў казцы, усе разам ідзём у музей. Яго можна назваць месцам абмену інфармацыяй розных пакаленняў, — адзначае Ганна Каваліцкая.
Экспанаты не проста можна, а трэба чапаць. А ў стварэнні экспазіцый прымаюць актыўны ўдзел і дзеці, і іх бацькі. Увогуле, работа з дарослымі заслугоўвае асобнай увагі. Мамы і таты выхаванцаў — актыўныя ўдзельнікі цікавых праектаў і мерапрыемстваў.

— У мінулым годзе сумесна з бацькамі і выхаванцамі старшай групы рэалізавалі праект “Дзецям аб Вялікай Айчыннай вайне”. Усім яго ўдзельнікам прапанавалі распытаць у людзей старэйшага пакалення пра герояў-землякоў, арганізавалі экскурсіі да помніка воінам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, і ў музей Гальшанскай сярэдняй школы, правялі сустрэчу з былым вязнем фашысцкага канцлагера Марыяй Ягораўнай Селядцовай, якая пражывае ў нашым аграгарадку, — працягвае размову намеснік загадчыка Наталля Скурновіч.
Сярод вынікаў рэалізацыі праекта — распрацоўка комплексу заняткаў, афармленне тэматычных лэпбукаў і альбомаў. Да таго ж педагогамі была аформлена сцяна памяці з прозвішчамі загінуўшых і прапаўшых без вестак землякоў, фотаздымкамі тых, хто змагаўся за вызваленне роднага краю.
У гэтым годзе ідэя атрымала свой арыгінальны працяг. Сабраная інфармацыя легла пад вокладку тэматычнага альбома, які здзіўляе сваім афармленнем: драўляны форзац з разнымі ўзорамі і выкананыя простым алоўкам тэматычныя малюнкі да кожнай старонкі.
Дарэчы, патрыятычнае выхаванне пачынаецца яшчэ на тэрыторыі дзіцячага сада. Штодзень выхаванцы праходзяць каля вялікай карты краіны, створанай з рознакаляровых каменьчыкаў. І амаль кожны дашкольнік з лёгкасцю пакажа на ёй той куток, які займае яго малая радзіма на сілуэце Гродзенскай вобласці.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара





