Міні-музей «Спадчына» адкрылі ў ДЦРД № 2 Віцебска. Экспанаты можна не толькі разглядаць, але і гуляць з імі

- 10:06Новости

У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 Віцебска, які з’яўляецца рэсурсным цэнтрам грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту Першамайскага раёна горада, адкрылі міні-музей «Спадчына», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

У ім некалькі тэматычных экспазіцый: «Гісторыя ўзнікнення лыжкі», «Як вырошчвалі хлеб раней», «Як пякуць хлеб зараз», «Печ — сімвал экалагічнасці», «Дзіцячая творчая майстэрня».

— Асноўная мэта стварэння музея — далучэнне дзяцей да вытокаў беларускай народнай культуры. Ён аб’ядноўвае адукацыйны працэс з рэальным жыццём, знаёміць з прадметамі і з’явамі. Тут дзіця — творца экспазіцыі, суаўтар. Экспанаты можна не толькі разглядаць, але і гуляць з імі, перастаўляць, — адзначыла загадчыца дашкольнага цэнтра Ілона Марчанка.

Выхаванцы ўважліва слухалі экскурсавода Валянціну Лёлю, якая расказвала пра паходжанне лыжкі, пра тое, што спачатку яе рабілі з каменя, гліны, дрэва і металу. Педагог Святлана Мужалёва нагадала аб каштоўнасці хлеба і азнаёміла з працэсам вытворчасці хлебабулачнай прадукцыі, што быў прадстаўлены на серыі фота: ад моманту засявання поля да выпякання смачных вырабаў.

Цэнтральнае месца ў міні-музеі займае макет беларускай печы. Выхавальнікі Ніна Карпіцкая і Таццяна Паўлава паказалі дзецям чыгунок, ручнікі і іншыя экспанаты. Сюрпрызам для малышоў стаў сапраўдны каравай, якім яны падчас святочнага чаявання пачаставаліся. Дашкольнікі чыталі вершы, спявалі песні, вадзілі карагоды, ігралі на лыжках. Творчыя нумары падрыхтавалі музычныя кіраўнікі Вікторыя Сняткова і Аліна Окунева.

Міні-музей наведалі і выхаванцы малодшых груп, экскурсію для іх правялі маленькія экскурсаводы са старшай групы Аліна Ласякіна і Вераніка Селязнёва. Дзеці разглядалі кнігі, альбомы з рэпрадукцыямі, старадаўнія прадметы і фатаграфіі, з якіх даведваліся пра гісторыю роднага краю. А ў творчай майстэрні малышы вучыліся, як можна самім стварыць музейную экспазіцыю.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы