Выхаванцы дзіцячага сада № 119 Магілёва кожны дзень далучаюцца да родных вытокаў. Ва ўстанове стварылі міні-цэнтр фарміравання грамадзянска-патрыятычнай культуры. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Станаўленне асобы дзіцяці адбываецца ў дашкольным узросце, таму і пачынаць вучыць патрыятызму трэба ў гэты перыяд. Тады мы зможам вырасціць пакаленне, адданае роднай зямлі. Стараемся рабіць працэс патрыятычнага выхавання нязмушаным і цікавым для малышоў. Пачынаем з самага блізкага і зразумелага ім — сям’і, дома, дзіцячага сада, горада. Паступова далучаем малых да народных песень, танцаў, гульняў, казак, промыслаў. Фальклор заўсёды знаходзіць станоўчы водгук у выхаванцаў. Гэта і заахвоціла да стварэння адпаведнай творчай прасторы, — паведаміла загадчыца Вольга Лялькова.

Да афармлення патрыятычнага цэнтра далучыліся і бацькі: сумесна ажыццяўлялі пошук экспанатаў, стваралі ў кабінеце атмасферу сапраўднай беларускай хаты.
— Агульнымі намаганнямі знайшлі старадаўні калаўрот, самавар, гліняны посуд, тканыя ручнікі, драўляную лаву і стол. Уласнаручна вырабілі макет печы, арганізавалі выставу вырабаў, якія дэманструюць спрадвечныя беларускія рамёствы, — адзначыла Вольга Барысаўна.
Зараз міні-цэнтр пастаянна наведвае кожная група выхаванцаў. Раз на тыдзень для дзяцей тут праводзяцца тэматычныя заняткі. Педагогі расказваюць малышам, як жылі іх прадзеды, у што верылі, якіх каштоўнасцей прытрымліваліся.
— Дзеці ў літаральным сэнсе дакранаюцца да мінулага. Яны даведваюцца, які выгляд мела сялянская хата, вывучаюць асаблівасці сельскагаспадарчай працы. Займальныя заняткі станоўча ўздзейнічаюць на эмацыянальнае ўспрыманне малых, закладваюць у іх павагу да нацыянальнай гісторыі, — расказала Вольга Лялькова.
Патрыятычнае выхаванне скразной лініяй праходзіць праз усе адукацыйныя напрамкі дзіцячага сада. Так, педагогі ўмела інтэгравалі выхаваўчыя аспекты ў навучанне дзяцей робататэхніцы. Яны распрацавалі аўтарскія дыдактычныя матэрыялы па такіх тэмах, як “Прамысловасць горада Магілёва”, “Народныя святы”, “Беларускі арнамент” і інш. Першачаргова метадычныя дапаможнікі і гульні нацэлены на навучанне праграмаванню, але разам з тым хлопчыкі і дзяўчынкі пашыраюць веды пра дзяржаўныя сімвалы, славутасці, выбітных ураджэнцаў і герояў краіны.

Вялікую ўвагу педагогі ўдзяляюць прывіццю малышам навыкаў бяспечнай жыццядзейнасці. Ва ўстанове аформлены адпаведны іміджавы пакой, дзе выхаванцы вучацца правілам дарожнага руху, пажарнай бяспецы, паводзінам дома, на вуліцы, у прыродзе.
— Не забываем і пра фізічнае развіццё хлопчыкаў і дзяўчынак. Папулярызацыя фізкультуры і спорту — у ліку прыярытэтных кірункаў нашай дзейнасці, — падкрэсліла Вольга Барысаўна. — Максімальна раскрываем патэнцыял усіх выхаванцаў, каб выпусціць іх з дзіцячага сада шчаслівымі, упэўненымі ў сабе, любячымі сваю Радзіму. Верым, што нашы дзеці стануць дастойнымі грамадзянамі Беларусі, здольнымі ўнесці ўклад у яе росквіт.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





