Мінская гімназія № 33 і школа № 619 Калінінскага раёна Санкт-Пецярбурга падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве

- 12:06Новости

Каманда гімназіі № 33 Мінска прыняла ўдзел у XIV Пецярбургскім міжнародным адукацыйным форуме і Усерасійскім вучнёўскім пленуме «Будучыня ў сучаснасці». Мерапрыемства аб’яднала звыш 300 вучняў і педагогаў з 24 рэгіёнаў Расіі, Беларусі і Кітая, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

У першы дзень форуму адбылася сустрэча дырэктара гімназіі № 33 Аксаны Якубоўскай з віцэ-губернатарам Санкт-Пецярбурга Ірынай Пацехінай, намеснікам старшыні камітэта па адукацыі горада Паўлам Розавым, першым намеснікам кіраўніка адміністрацыі Калінінскага раёна Санкт-Пецярбурга Міхаілам Асташкевічам. Падчас сустрэчы быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве з сярэдняй школай № 619 Калінінскага раёна.

Вучнёўскі пленум працаваў на дзвюх пляцоўках: у школе № 619 і ў гістарычным мультымедыйным парку «Расія – мая гісторыя». У гэтым годзе тэма пленума – «Час карысных эксперыментаў». Для юных удзельнікаў дзейнічалі 23 эксперыментальныя лабараторыі, дзе школьнікі маглі пагрузіцца ў свет розных прафесій і паспрабаваць наблізіць навуку да вырашэння рэальных вытворчых задач. Так, хлопцаў і дзяўчат гасцінна запрашалі «Лабараторыя сучасных тэхналогій стварэння музыкі», «Атамная лабараторыя – радыенукліды ў вас дома: ядзерная фізіка ў прыродзе і лабараторыі», «Майстэрня здароўя. Чэк-ліст» і інш.

У межах пленума быў арганізаваны шэраг творчых і інтэлектуальных падзей: праектныя сесіі для педагогаў і кіраўнікоў, арт-фэст «Будучыня ў сучаснасці» (фестываль відэаролікаў), крэатыўная сесія «Школа карысных эксперыментаў», дыскусія ў фокус-групе ў фармаце дыялогу пакаленняў. Кожная каманда ў абавязковым парадку павінна была падрыхтаваць даклад для ўдзелу ў стэндавай сесіі «Лабараторыя карысных эксперыментаў», а таксама відэаролік школьнай (студэнцкай) праблематыкі для арт-фэсту.

– Каманда гімназіі прадстаўляла нашу краіну ў рабоце круглага стала, панэльнай дыскусіі на дыялогавых пляцоўках. Адзінаццацікласніца Ілона Камоска ўвайшла ў тройку лепшых вучняў форуму. Навучэнцы пагутарылі з маладымі навукоўцамі Санкт-Пецярбурга (ужо вядомымі ў Расіі), азнаёміліся з іх вопытам у прафесійнай дзейнасці і асобасным станаўленні. Да таго ж хлопцы і дзяўчаты абмяняліся думкамі з іншымі ўдзельнікамі, сустрэлі новых сяброў і атрымалі велізарны зарад энергіі, уражанняў і выдатных магчымасцей для дзейнасці на карысць любімай Беларусі, – адзначыла А. Якубоўская.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлена ўдзельнікамі форуму