Мінскі школьнік паедзе на мундзіяль у Рыа

- 16:03Апошнія запісы, Выхаваўчая прастора, Рознае

Вучань сталічнай гімназіі № 33 Ягор Янкавенка выйграў конкурс “На чэмпіянат свету па футболе FIFA 2014 разам з Макдональдс!” і летам паедзе ў Бразілію. Ён стане адным з тых юных шчасліўчыкаў, хто выведзе на стадыён “Маракана” ў Рыа-дэ-Жанэйра гульца еўрапейскай зборнай.

Па ўмовах конкурсу дзецям неабходна было намаляваць футбольны супермяч і зрабіць да свайго малюнка невялікі аповед. Пераможцу вызначала журы, у склад якога ўваходзілі паўабаронца футбольнага клуба “БАТЭ” Дзмітрый Бага, кіраўнік праекта SPORT.TUT.BY Кірыл Клімянкоў, мастак і дызайнер Надзя Бука. Яны ацэньвалі перш за ўсё адпаведнасць работ тэме конкурсу, фантазію, мастацкасць, літаратурны талент удзельнікаў.

Адметна, што за работу Ягора Янкавенкі члены журы прагаласавалі аднагалосна. Хлопчык з чатырох гадоў займаецца футболам, з’яўляецца нападаючым у дзіцячай камандзе ФК “Мінск”. Па выніках розных спаборніцтваў, у тым ліку міжнародных, узнагароджаны шасцю медалямі. Відавочна, што сваю работу і аповед да яе ён рабіў са шчырым жаданнем перадаць свае эмоцыі і перамагчы.
“Усё ў тваіх руках”, — кажа мой мяч. Я заўсёды памятаю пра гэта і ў 8 гадоў стараюся прыкласці ўсе намаганні для ажыццяўлення сваёй мары — стаць вядомым футбалістам… Я проста жыву футболам, футбол для мяне ўсё!!!” — напісаў у сваёй рабоце Ягор Янкавенка.

Дарэчы, кампанія “Макдональдс” разыгрывае падобныя пуцёўкі ўжо другі раз. Летам 2012 года на чэмпіянаце Еўропы па футболе мінчанін Віталь Селядцоў выходзіў на стадыён Данецка ў эскорце гульца зборнай Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Скота Паркера.
Сёлета, акрамя ўладальніка галоўнага прыза — пуцёўкі на дваіх у Рыа-дэ-Жанэйра, былі вызначаны пераможцы ў намінацыях “Самая спартыўная работа”, “Самая бразільская работа”, “Самая патрыятычная работа”, “Самая арыгінальная работа” і г.д. Усе яны атрымалі ў падарунак футбольныя мячы і памятныя дыпломы.

Галіна СІДАРОВІЧ.