Мінскія педагогі рыхтуюцца да новага прафесійнага конкурсу

- 17:15Новости

Супрацоўнікі цэнтра падтрымкі і развіцця інавацыйнай адукацыйнай практыкі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі правялі семінары і навучальныя курсы па пытаннях падрыхтоўкі педагогаў да гарадскога конкурсу «Лідар сталічнай адукацыі — 2024», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Начальнік цэнтра падтрымкі і развіцця інавацыйнай адукацыйнай практыкі Людміла Венцарава і начальнік упраўлення каардынацыі конкурснага руху і адукацыйных ініцыятыў МГІРА Ала Міхеева азнаёмілі педагогаў з праграмай спаборніцтваў, парадкам прадастаўлення конкурсных матэрыялаў, патрабаваннямі, што да іх прад’яўляюцца, крытэрыямі ацэньвання.

Адзначалася, што конкурс праводзіцца з 4 сакавіка па 30 красавіка з мэтай выяўлення найбольш эфектыўных кіраўніцкіх практык калектываў устаноў адукацыі, падтрымкі іх кіраўнікоў. Ён накіраваны на стымуляванне інавацыйнай дзейнасці ўстаноў адукацыі горада, а таксама рэалізацыю маркетынгавай стратэгіі развіцця іміджу і фарміравання брэнда ўстановы адукацыі.

Педагагічныя калектывы паспаборнічаюць у трох намінацыях: «Лідар сталічнай адукацыі сярод гімназій», «Лідар сталічнай адукацыі сярод сярэдніх школ» і «Лідар сталічнай адукацыі сярод устаноў дашкольнай адукацыі».

Конкурс складаецца з двух тураў. У першым завочна ўстановам адукацыі неабходна прадставіць відэавізітоўку і праект «Эфектыўныя кіраўніцкія рашэнні як умова дасягнення стратэгічных прыярытэтаў павышэння якасці адукацыі», а вочна пройдзе стэндавая абарона распрацаванага праекта і брыфінг па яго рэалізацыі «Ёсць пытанне дырэктару!». Удзельнікі, якія набіраюць найбольшую колькасць балаў, праходзяць у другі тур, на якім вочна прадстаўляюць «Дзень ва ўстанове адукацыі». Гэты дзень складаецца з адкрытага масавага мерапрыемства выхаваўчага характару «Проста пра важнае», прэзентацыі сістэмы работы па ўдасканаленні прафесійных кампетэнцый педагогаў, фрагмента пасяджэння метадычных фарміраванняў, а таксама панарамы вопыту педагогаў «Навучу за 5 хвілін!» і майстар-класа кіраўніка ўстановы «Школа кіраўніцкага майстэрства. Кіраванне якасцю адукацыі» для маладых кіраўнікоў.

Пераможцы конкурсу прадастаўляюцца да ўзнагароджання ганаровымі граматамі камітэта па адукацыі і памятнымі знакамі «Лідар сталічнай адукацыі», рэкамендуюцца да прысуджэння гранта Мінгарвыканкама ў межах конкурсу «Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы».

На навучальных семінарах супрацоўнікі інстытута Наталля Паддубская, Жанна Багдановіч, Наталля Карпушава, Валянціна Маеўская вучылі педагогаў падрыхтоўцы і напісанню кіраўніцкага праекта, праектаванню выхаваўчых мерапрыемстваў і сістэматызацыі метадычнай работы ва ўстанове адукацыі. Таксама дырэктар мінскай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Наталля Бушная і загадчыца сталічнага дзіцячага сада № 239 Таццяна Кузьміч правялі кіраўніцкія майстар-класы, на якіх падзяліліся вопытам работы.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлена МГІРА