Мінскія ўстановы адукацыі падзяліліся з прадстаўнікамі расійскай дэлегацыі вопытам супрацоўніцтва з архівамі

- 9:35Актуально, Новости

“Аб новых формах выкарыстання архіўных дакументаў у мэтах патрыятычнага выхавання моладзі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі” — тэма круглага стала, які прайшоў у Мінскім дзяржаўным каледжы лічбавых тэхналогій, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

 Удзельнікамі круглага стала сталі прадстаўнікі дэлегацыі Федэральнага архіўнага агенцтва Расійскай Федэрацыі, кіраўніцтва Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Беларусі, кіраўніцтва архіўных устаноў рэспублікі.

Месца правядзення было выбрана невыпадкова. Менавіта каледж лічбавых тэхналогій стаў першым у нашай краіне, хто падпісаў афіцыйнае пагадненне аб супрацоўніцтве з архівам, у прыватнасці з Нацыянальным гістарычным архівам Рэспублікі Беларусь.

— За ўсю гісторыю існавання архіваў такога яшчэ не было. Мы распрацавалі вучэбную праграму, якая разлічана на 16 гадзін і ўнесена ў вучэбны план каледжа. Нашы супрацоўнікі ў адпаведнасці з гэтай праграмай будуць знаё­міць навучэнцаў з архіўнымі дакументамі, асаблівасцямі работы архівістаў, право­дзіць экскурсіі. Такога вопыту ў суседняй дзяржаве пакуль няма — нам ёсць чым па­дзяліцца, — падкрэсліла намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Ірына Каўганава.

Акрамя таго, Нацыянальны гістарычны архіў наладзіў цеснае ўзаема­дзеянне са сталічнай школай № 27, дзякуючы якому там пачаў дзейнічаць гурток для школьнікаў старшых класаў “Юны архівіст”.

— Супрацоўніцтва з архівам дапамагае ў правядзенні даследчай дзейнасці, садзейнічае фарміраванню светапогляду навучэнцаў, выхоўвае павагу да гістарычнага мінулага, — акцэнтавала ўвагу дырэктар установы адукацыі Марына Міхайлічэнка.

Сёння ўжо ёсць і іншыя прыклады такіх партнёрскіх узаемаадносін. Так, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь падпісаў пагадненне аб узаемадзеянні з сярэдняй школай № 62 Мінска.

— На працягу месяца ў нашай школе размяшчалася выстава, арганізаваная Нацыянальным архівам і прысвечаная тэме генацыду беларускага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны. Супрацоўнікі архіва спачатку самі праводзілі экскурсіі, потым у іх перанялі эстафету вучні. У планах — правядзенне сумесных мерапрыемстваў, наведванне архіва і адкрыццё ва ўстанове адукацыі аб’яднання па інтарэсах, таму што дзеці праяўляюць вялікую зацікаўленасць у гэтым, — расказала дырэктар школы № 62 Ларыса Асановіч.

— Мы захоўваем унікальную дакументальную спадчыну аб гісторыі нашай краіны, таму рэгулярна запрашаем навучэнцаў на прэзентацыі, каб яны даведаліся як мага больш пра сваю Ра­дзіму. Школьнікі шукаюць інфармацыю пра сваякоў, якія ваявалі, месцы, дзе нарадзіліся іх продкі, — паведаміў дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Андрэй Дземянюк.

Расійскім калегам былі прадстаўлены самыя значныя праекты беларускіх архіваў, сярод якіх “Партызаны Беларусі”, “Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны” і “Дакументальны летапіс Беларусі”.

Асаблівую цікавасць у прадстаў­нікоў дэлегацыі Расійскай Федэрацыі выклікала тэма падрыхтоўкі каледжам кадраў і інклюзіўныя формы навучання, якія выкарыстоўваюцца ва ўстанове адукацыі.

— У нас працуюць тры татальна сляпыя выкладчыкі, якія рыхтуюць праграмістаў. Дарэчы, нашы будучыя праграмісты маюць магчымасць праходзіць практыку ў аддзелах Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Беларусі, удзельнічаюць у распрацоўцы электронных прадуктаў для архіўнай галіны. А супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва — нашы частыя і вельмі чаканыя госці, — адзна­чыў дырэктар каледжа Георгій Козел.

 Марына ЖДАНАВА
Фота аўтара