Мінулае з’ядноўвае, сучаснасць натхняе, будучыня патрабуе адказнага выбару: чаму навучыў «Марафон адзінства»

- 13:23Марафон единства, Новости

«Марафон адзінства» выклікаў наймацнейшыя ўражанні. Безумоўна, галоўнае з іх — адчуванне непарыўнасці адзінства многіх пакаленняў. Наколькі гэта важна для беларусаў, паказвае рэзананс у рэгіёнах: ён не заціхае! У педагагічнай грамадскасці таксама працягваецца абмеркаванне падзей і абмен ідэямі, якія ўзніклі дзякуючы мерапрыемствам рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі. У прыватнасці, супадзенні асобных сюжэтаў у ходзе народнага марафону здараліся проста ўнікальныя — з ліку тых знакавых выпадковасцей-адкрыццяў, якія невыпадковыя насамрэч. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Вачыма педагога

Напрыклад, у Наваполацку перад наведваннем выставы Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны «Адзінства народаў — залог Вялікай Перамогі» мне давялося сустрэцца з настаўніцай гісторыі Ксеніяй Антонавай. Педагог з’яўляецца галоўным захавальнікам фондаў знакамітага Народнага музея баявой славы ў сярэдняй школе № 2 імя Я.А. Трапезнікавай. Суразмоўніца яшчэ да адкрыцця выставы дэталёва азнаёмілася з экспазіцыяй. Па яе словах, скарысталася службовымі сувязямі, каб вызначыць, на якія экспанаты потым звярнуць асаблівую ўвагу калег, вучняў і сяброў.

— Паглядзець было на што, уключаючы прадметы, знойдзеныя на месцах баёў у Брэсцкай крэпасці, асабістыя рэчы Пятра Машэрава, Івана Баграмяна і Аляксандры Захаравай, матэрыялы пра патрызан, падпольшчыкаў, воінаў-вызваліцеляў Віцебшчыны, сярод якіх яе ўраджэнцы, — расказала Ксенія Аляксандраўна. — Найбольшы эмацыянальны водгук я адчула перад карцінай, прысвечанай лётчыку Аляксандру Мамкіну. Для жыхароў Полаччыны і Наваполацка пранізлівая гісторыя подзвігу ў імя дзяцей вельмі блізкая, памятная.

«Дзеці Мамкіна»

Падчас акупацыі педагогі Полацкага дзіцячага дома № 1 на чале з дырэктарам стварылі падпольную арганізацыю. Дапамагалі партызанам, ратавалі дзяцей-яўрэяў і пры гэтым адукацыйны працэс стараліся не перапыняць. Калі даведаліся, што фашысцкія каты асудзілі іх выхаванцаў на паднявольнае донарства, то сумесна з партызанамі правялі дзёрзкую аперацыю «Зорачка». Падманам атрымалі ў нямецкага каменданта дазвол адправіць дзяцей у вёску Бельчыца. Маўляў, у сельскай мясцовасці з прадуктамі і дровамі прасцей, будучыя донары без выдаткаў для ўлады паправяць здароўе. Выбралі зручны момант — і з-пад носа гітлераўцаў разам з народнымі мсціўцамі вывезлі дзяцей у партызанскую зону, адтуль самалётамі сталі перапраўляць на Вялікую зямлю.

Сярод лётчыкаў, каму гэта даручылі, быў Аляксандр Мамкін. Восем яго рэйсаў завяршыліся паспяхова, падчас дзявятага самалёт падбілі. Паранены ў галаву пілот мог выскачыць з парашутам, але на борце было дзясяцера дзетак, выхавальніца дзіцячага дома і двое параненых партызан. Амаль навобмацак у палаючай кабіне герой здолеў пасадзіць самалёт за лініяй фронту. Ногі ў лётчыка згарэлі да касцей, акуляры ўплавіліся ў твар: раны, несумяшчальныя з жыццём, — кошт выратавання пасажыраў. За аперацыю «Зорачка» гвардыі лейтэнант Мамкін паспеў перавезці 90 дзяцей, жанчын і параненых… Тыя выхаванцы потым праз усё жыццё з гордасцю гаварылі пра сябе: «Мы – дзеці Мамкіна».

Дарэчы, мінулай восенню ў Полацку ўрачыста адкрылі помнік лётчыку-герою і дырэктару дзіцячага дома Міхаілу Фарынку — якраз на месцы, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны была названая ўстанова, а цяпер там знаходзіцца дзіцячая паліклініка. Сімвалічна, што адкрыццё было прымеркавана да святкавання Дня народнага адзінства.

Зброяй, словам і алоўкам

Малодшы навуковы супрацоўнік музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Валерый Голуб удакладніў, што эскіз да карціны, якая экспанавалася ў Наваполацку, зрабіў мастак і педагог Мікалай Гуціеў. Восенню 1941-га чырвонаармеец Гуціеў быў у ліку абаронцаў Полаччыны, трапіў у акружэнне і фашысцкі палон. Амаль праз год, у жніўні, з групай смельчакоў збег да партызан з размешчанага ў Баравусе (цяпер — мікрараён Наваполацка) лагера для ваеннапалонных Шталаг № 354. Мужна змагаўся з ворагам са зброяй і не менш эфектыўна з алоўкам і акварэллю ў руках. У баявых аперацыях народных мсціўцаў быў кулямётчыкам, разведчыкам і паспяваў займацца мастацкімі замалёўкамі. Ствараў партрэты таварышаў і карціны на баявыя сюжэты, маляваў сатырычныя плакаты-лістоўкі — іх раздрукоўвалі ў партызанскай тыпаграфіі і распаўсюджвалі па нямецкіх гарнізонах, навакольных вёсках.

Разам з калегам Мікалаем Абрыньбам, з якім пазнаёміўся ў канцлагеры, партызан-мастак заснаваў «Лясную Траццякоўку». Пасля вайны яе карціны самалётам даставілі ў Маскву, дзе працяглы час экспанавалі ў Траццякоўскай галерэі. Мікалай Цімафеевіч плённа працаваў, у тым ліку выкладаў на графічным факультэце Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). З яго малюнкамі выдаваліся творы класікаў айчыннай, рускай і сусветнай літаратуры. Мікалай Гуціеў стаў настаўнікам для многіх знакамітых сёння творцаў, сярод якіх выхадцы з Віцебскай вобласці Васіль Шаранговіч, Еўдакія Лось і Валерый Славук. Між іншым, у творчай спадчыне Мікалая Гуціева ёсць работы пра мірную працу, сюжэтна звязаныя з Полацкам і Наваполацкам, уключаючы прысвечаную будаўніцтву Нафтаграда станковую акварэльную серыю.

Мінулае з’ядноўвае

Упершыню за маршрут «Марафону адзінства» на выставе музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Наваполацку паказалі шэраг прадметаў ваеннага адзення: камбінезон генерала арміі Георгія Захарава, шынель Героя Савецкага Саюза палкоўніка Рыгора Худалеева, сукенку партызанскага камісара Аляксандры Захаравай… Побач можна было ўбачыць унікальныя прадметы, знойдзеныя на месцах баёў у Брэсцкай крэпасці, фуражку двойчы Героя Савецкага Саюза маршала Івана Баграмяна, самаробны партызанскі медаль брыгады імя Канстанціна Ракасоўскага, дзе камісарам быў Пётр Машэраў.

Як і Пётр Міронавіч, у даваенны час Аляксандра Захарава марыла працаваць настаўніцай і набыла педагагічную адукацыю, у гады акупацыі стала партызанскім камісарам, а пасля перамогі займала адказную дзяржаўную пасаду. Аляксандра — адна з васьмі жанчын, якія ўваходзілі ў камандны састаў буйных фарміраванняў народных мсціўцаў на тэрыторыі Беларусі. Пасля цяжкага ранення камісара было вырашана пераправіць на лячэнне ў савецкі тыл. За лініяй фронту, у шпіталі, яна даведалася аб узнагароджанні ордэнам Леніна. Яшчэ большай узнагародай для А. Захаравай прагучала вестка, што яе сын жывы і ваюе на фронце. У пасляваенны час яна была намеснікам старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.

— Для нас быў гонар прадставіць выставу «Адзінства народаў — залог Вялікай Перамогі» на гэтай гераічнай зямлі, — адзначыў у Наваполацку дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Варапаеў. — Полацк трымаўся супраць ворага 22 дні, Магілёў — 23 дні, многія вёскі змагаліся ў акружэнні да 10 дзён. За кожным экспанатам — гісторыя. Сучаснікам важна ведаць пра наша мінулае, подзвігі і лёсы герояў. У гарадах, з’яднаных «Марафонам адзінства», нашу выставу наведала мноства людзей. Гэта сведчанне вялікай цікавасці да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тады менавіта дзякуючы народнаму адзінству мы заваявалі Перамогу.

Крылы натхнення, адказнасць выбару

Нечаканае супадзенне: у Полацкім дзяржаўным хіміка-тэхналагічным каледжы перад «НЕсумнымі НЕлекцыямі» з намеснікам міністра адукацыі Кацярынай Пятруцкай таксама зрабілі акцэнт на ўнікальным адзенні. Гаспадары прапанавалі азнаёміцца з мадэлямі, створанымі навучэнцамі пад кіраўніцтвам педагогаў.

Як паведаміла дырэктар установы адукацыі Ганна Бурэнь, эксклюзіўныя калекцыі вырабляюцца з тканін айчыннай вытворчасці, пераважна з ільну, а ўпрыгожваюцца вышыўкай. Звычайна аўтары аддаюць перавагу адаптаваным варыянтам па матывах народнага касцюма і традыцыйнай беларускай вышыўкі.

Асобна вылучаецца «Гжэль» — гэта ўжо пра адзінства народаў Беларусі і Расіі. Узровень майстэрства навучэнцаў, які далёка пераўзыходзіць рамкі вучэбных праграм, пацверджаны дыпломамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

«Марафон адзінства» паказвае нашу гісторыю і сучаснасць, дынамічнае развіццё Беларусі за апошнія 30 гадоў, — падзялілася назіраннямі Ганна Бурэнь. — Гэта запатрабаваны фармат, нацэлены на важнае, асабліва для маладога пакалення, усведамленне значнасці дзяржаўнага курсу на павышэнне дабрабыту грамадзян, стабільнасць, пераемнасць і адзінства пакаленняў, стваральную працу, захаванне гістарычнай праўды і традыцыйных каштоўнасцей, шырокія сацыяльныя гарантыі і падтрымку моладзі. Дарэчы, 298 нашых навучэнцаў падчас цяперашняй электаральнай кампаніі ўпершыню прагаласуюць за кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Яны прымуць удзел у адказным выбары, ад якога залежыць наша будучыня. У імкненні вучыцца і працаваць, шукаць цікавае і рабіць карыснае, развівацца, гадаваць дзяцей у роднай краіне пад мірным небам мы адзіныя.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара