Ва ўстановах адукацыі Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці пільная ўвага ўдзяляецца прафарыентацыйнай рабоце. Пра гэта карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Цымбаленка.
— Мы клапоцімся пра тое, каб кожны навучэнец вызначыўся з прафесійным напрамкам і стаў паспяховым у жыцці. Для гэтага ў раёне ствараюцца ўсе ўмовы, — адзначае суразмоўніца. — Прафесійнаму самавызначэнню садзейнічае дзейнасць профільных класаў і груп. У раёне створаны 3 класы і 5 груп аграрнай накіраванасці для 44 навучэнцаў, 2 групы педагагічнай накіраванасці для 18 школьнікаў, 2 інжынерныя групы — для 14 і група ваенна-патрыятычнай накіраванасці — для 7.
Для ўключэння сельскіх школьнікаў у інавацыйную і прадпрымальніцкую дзейнасць, для прафарыентацыі і падрыхтоўкі іх да паспяховай дзейнасці ў сферы сучаснай сельскай гаспадаркі быў арганізаваны рэспубліканскі конкурс “АгроНТРИ-Беларусь”. Па яго выніках трое навучэнцаў раёна выйшлі ў фінал. У намінацыі “АграБІЯ” дзевяцікласніца Сталовіцкай сярэдняй школы Віярыка Боб узнагароджана дыпломам II ступені, а ў намінацыі “АграРОБАТЫ” дыплома III ступені ўдастоены васьмікласнік Русіноўскай сярэдняй школы Аляксей Хандрыка.
За мінулы год аддзел па адукацыі правёў 3 кірмашы мэтавай падрыхтоўкі для 9—11-х класаў, у гэтых мерапрыемствах прынялі ўдзел 750 чалавек. У выніку сельскагаспадарчымі арганізацыямі і ўстановамі адукацыі раёна заключана 26 мэтавых дагавораў.
З ліпеня ў раёне рэалізуецца цікавы праект «Формула поспеху. Адзін дзень з кіраўніком». Пераможцы конкурсу эсэ «Калі б я быў кіраўніком» сустрэліся са старшынёй Баранавіцкага райвыканкама Сяргеем Карпенкам і дырэктарам ААТ «Агракамбінат «Мір» Віталем Крамянеўскім. У снежні запланаваны тэматычны дзень з Баранавіцкім міжраённым пракурорам Аляксандрам Карлюком. Як паказвае практыка, такія сустрэчы вельмі эфектыўныя і карысныя.
У верасні 2023 г. адкрыўся ваенна-патрыятычны цэнтр «Адзінства» ў Жамчужненскай сярэдняй школе сумесна з вайсковымі часцямі № 7404 і 96577, у якім штомесяц задзейнічана каля 200 навучэнцаў старшых класаў з устаноў адукацыі раёна. У 2024-м плануецца адкрыццё міжшкольнага цэнтра дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі. Работа ў такіх цэнтрах дазваляе школьнікам вызначыцца з будучай прафесіяй, стаць сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара