Аб вядучых напрамках работы выхаваўча-аздараўленчых устаноў у час летняй аздараўленчай кампаніі 2024 года карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Асмалоўская.
Бяспека ў прыярытэце
— Таццяна Вітальеўна, пры арганізацыі летняй аздараўленчай кампаніі прыярытэтам з’яўляецца стварэнне бяспечных умоў для дзяцей. Якім нарматывам трэба пры гэтым карыстацца?
— Кожная выхаваўча-аздараўленчая ўстанова адукацыі ў перыяд летняй аздараўленчай кампаніі павінна быць камфортным і бяспечным месцам для знаходжання дзяцей. Згодна з пастановай Міністэрства адукацыі № 227 ад 3 жніўня 2022 г. “Аб зацвярджэнні правіл бяспекі, правіл расследавання і ўліку няшчасных выпадкаў, якія адбыліся з навучэнцамі” распрацаваны Правілы бяспекі ў тым ліку пры арганізацыі аздараўлення. Выкананне гэтых правіл абавязковае для ўсіх работнікаў, выхаванцаў і іх бацькоў, а таксама наведвальнікаў. Распрацаваны і іншыя рэкамендацыі. У рэгіёнах неабходна ўвесці свой комплекс мер па гарантаванні бяспекі жыцця і здароўя супрацоўнікаў і выхаванцаў выхаваўча-аздараўленчых устаноў, распрацаваць інструкцыі па ахове працы, забяспечыць кантроль за іх выкананнем. Павінен быць забяспечаны сумесна з аддзеламі ўнутраных спраў строгі прапускны рэжым на тэрыторыі лагераў. Перад пачаткам летняй аздараўленчай кампаніі неабходна абследаваць будынкі, збудаванні, спартыўнае абсталяванне і арганізаваць паўторныя праверкі. Пад кантролем кіраўніцтва лагера павінна быць выкананне санітарных норм і правіл у арганізацыі харчавання выхаванцаў, яго якасць і збалансаванасць. Неабходна зацвердзіць парадак арганізацыі купання дзяцей, правесці аналіз стану месцаў для купання дзяцей з прыцягненнем супрацоўнікаў Асвода.
Важна, каб самі дзеці і іх бацькі выконвалі правілы бяспекі, валодалі неабходнымі ведамі і ўмелі іх выкарыстоўваць у розных сітуацыях. Неабходна прадоўжыць правядзенне мерапрыемстваў для дзяцей па псіхалагічнай бяспецы, папярэджанні булінгу, прафілактыцы ўжывання наркатычных і таксічных рэчываў, спайсаў і вэйпаў. Таксама трэба ажыццяўляць пастаянны маніторынг і весці прафілактычную работу сярод дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы або стаяць на ўліку ў ІСН.
Модульныя праекты і не толькі
— Раскажыце пра асаблівасці арганізацыі выхавання ў летніх лагерах гэтага года. Якія тэхналогіі рэкамендуюцца да выкарыстання?
— Пры выбары педагагічных тэхналогій неабходна ўлічваць спецыфіку часовага дзіцячага аб’яднання, якім лічыцца змена ў лагеры. У якасці базавых педагагічных тэхналогій аздараўленчага лагера рэкамендуецца выкарыстоўваць тэхналогію калектыўна-творчай дзейнасці, здароўезберагальныя тэхналогіі, тэхналогію праектнай дзейнасці, самакіравання, модульныя і рэфлексіўныя тэхналогіі. Перавагу пажадана аддаваць тым напрамкам, якія даюць магчымасць максімальна ўключыць выхаванцаў у тую ці іншую дзейнасць на добраахвотнай аснове. Акцэнты трэба рабіць на формах работы каштоўнасна-арыентаванай, пазнавальнай, гульнявой, працоўнай, фізкультурна-аздараўленчай, сацыяльна-камунікатыўнай, мастацка-эстэтычнай, рэфлексіўнай накіраванасці.
Павышэнню актыўнасці выхаванцаў будзе садзейнічаць і шырокае выкарыстанне групавых форм работы (у іх ліку органы дзіцячага самакіравання, клубы, творчыя групы і інш.), камандных спаборніцтваў, стварэнне сітуацый поспеху і інш. Папулярнай формай работы з’яўляюцца тэматычныя дні, а адной з альтэрнатыўных форм — модульныя праекты.
Можна правесці асобны модуль “Дарогамі касмічных арбіт”, прысвечаны гістарычнаму палёту ў космас першага касманаўта Рэспублікі Беларусь Марыны Васілеўскай.
Сёлета арганізацыя выхаваўчай работы звязана з ганаровымі датамі ў гісторыі Беларусі, дзяржаўнымі святамі, юбілеямі вядомых людзей. Самыя значныя мерапрыемствы прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Неабходна вывесці на новы ўзровень выкарыстанне ў выхаваўчым працэсе ў аздараўленчых лагерах музейнай педагогікі. Музеі, музейныя экспазіцыі, музейныя стэнды павінны стаць неад’емнай часткай работы па арганізацыі патрыятычнага выхавання. Тэма Вялікай Айчыннай вайны, генацыду беларускага народа павінна быць вядучай у музейнай педагогіцы.
— Ці будзе весціся ў летніх лагерах профільная падрыхтоўка?
— Так, летам будуць працаваць профільныя лагеры. Іх дзейнасць павінна быць арыентавана, у першую чаргу, на напаўненне практычным зместам тэарэтычных ведаў, атрыманых на працягу навучальнага года. Пры падрыхтоўцы і правядзенні ў лагерах змен па профілях рэкамендуецца выкарыстоўваць комплексы метадычных матэрыялаў, падрыхтаваныя НДЦ “Зубраня”, якія ўключаюць метадычныя рэкамендацыі і практычныя матэрыялы з вопыту работы цэнтра і іншых выхаваўча-аздараўленчых устаноў. Мэтазгодна прыцягваць да распрацоўкі зместу профільнай падрыхтоўкі ў летні перыяд спецыялістаў устаноў вышэйшай адукацыі і іншых структур.
Унесеныя ў гэтым годзе змяненні ў нарматыўныя прававыя акты даюць магчымасць арганізоўваць у лагерах профільныя атрады. Рэкамендуецца прадоўжыць летам работу з дзецьмі, зацікаўленымі ў пашырэнні ведаў па вучэбных прадметах, у тым ліку і ў палатачных лагерах у рамках экспрэс-інтэнсіваў. Неабходна выкарыстоўваць кааперацыю аздараўленчых лагераў, размешчаных недалёка адзін ад аднаго, з мэтай іх прафілізацыі і рацыянальнага выкарыстання фінансавых сродкаў.
Пры падрыхтоўцы адукацыйнай праграмы па профілі прапаноўваем выкарыстоўваць Тыпавыя праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, абноўленыя ў 2023 годзе, а таксама нормы Палажэння аб установе дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У лагерах працы і адпачынку неабходна больш увагі ўдзяляць працоўнаму выхаванню праз вучэбныя бізнес-кампаніі, самаабслуговую, бытавую і грамадска значную працу. Змест праграм, якія рэалізуюцца ў лагерах па профілі, павінен мець і прафарыентацыйны характар. Важным элементам прафесійнай арыентацыі могуць быць прафесійныя святы, якія адзначаюцца ў летні перыяд. Высокі выхаваўчы патэнцыял маюць сустрэчы з паспяховымі прафесіяналамі, экскурсіі на прадпрыемствы, у ведамствы і г.д.
— Эфектыўнай формай выхавання дзяцей і падлеткаў з’яўляюцца аздараўленчыя лагеры ваенна-патрыятычнага профілю.
— Так, і гэта ўжо пацверджана часам. Пры арганізацыі такіх лагераў мы традыцыйна будзем узаемадзейнічаць з міністэрствамі абароны, унутраных спраў, па надзвычайных сітуацыях, з Дзяржаўным пагранічным камітэтам, ДТСААФ. У ваенна-патрыятычным напрамку мы робім акцэнт на ўдасканаленні ведаў аб ідэалогіі нашай краіны, яе гісторыі, на фарміраванні пачуцця адказнасці за будучыню беларускай дзяржавы, актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Найбольш эфектыўнымі формамі работы ў гэтым напрамку з’яўляюцца ваенна-патрыятычныя гульні, конкурсы строю і песні, спаборніцтвы па ваенна-прыкладных відах спорту і фізічнай падрыхтоўцы, конкурсы знаўцаў ваеннай гісторыі. Рэкамендуем выкарыстоўваць тэматычныя інтэрнэт-платформы “Партызаны Беларусі”, “Мемарыял” і інш. Неад’емнай часткай выхаваўчай работы ў аздараўленчым лагеры з’яўляецца супрацоўніцтва з БРПА і БРСМ, дзейнасць якіх накіравана на фарміраванне здаровага ладу жыцця, развіццё валанцёрскага руху, прававую асвету і пашырэнне інфармацыйнай маладзёжнай прасторы.
У пошуку новых ідэй
— Як сёлета будзе фарміравацца кадравы склад педагогаў у выхаваўча-аздараўленчых установах?
— Неабходна адказна паставіцца як да падбору кадраў для выхаваўча-аздараўленчых устаноў (улічваючы не толькі прафесійныя, але і маральна-этычныя якасці педагогаў), так і да іх падрыхтоўкі на ўсіх узроўнях — ад курсаў павышэння кваліфікацыі на базе ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых да арганізацыі метадычнай работы ва ўстановах адукацыі.
Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на якасную падрыхтоўку студэнтаў-практыкантаў да работы ў аздараўленчых лагерах, наладзіўшы ўзаемадзеянне з куратарамі педагагічнай практыкі да пачатку аздараўленчай кампаніі. Мэтазгодна арганізаваць дыстанцыйныя экспрэс-курсы, якія дазваляюць студэнтам-практыкантам азнаёміцца са спецыфікай дзейнасці канкрэтнага аздараўленчага лагера, з тымі праграмамі, якія там рэалізуюцца. Работа па павышэнні метадычнага ўзроўню педагагічных работнікаў павінна працягвацца і ў перыяд правядзення змен. Неабходна шырэй прыцягваць педагогаў да пошуку новых ідэй праз правядзенне конкурсаў рознага ўзроўню, а таксама праводзіць планамерную і якасную работу па атэстацыі на прысваенне (пацвярджэнне) кваліфікацыйных катэгорый педагагічным работнікам, якія накіроўваюцца для работы на пасадзе выхавальніка ў выхаваўча-аздараўленчыя ўстановы (пісьмо Міністэрства адукацыі “Аб атэстацыі” ад 16 жніўня 2023 г. № 06-01-43/9194/дс).
Важным складнікам работы з педагагічнымі кадрамі павінен стаць ідэалагічны напрамак — асвятленне асноўных мэт і прыярытэтаў развіцця нашай краіны, далучэнне да духоўных каштоўнасцей і нацыянальных традыцый, да ўдзелу ў грамадскіх справах. Паказала сваю эфектыўнасць і такая форма работы з кадрамі, як культуралагічныя практыкумы. З мэтай аказання метадычнай і інфармацыйна-педагагічнай падтрымкі дзейнасці выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі НДЦ “Зубраня” праводзіць традыцыйную выязную метадычную акцыю “Летні інфабус”. У рамках акцыі спецыялісты цэнтра наведваюць выхаваўча-аздараўленчыя ўстановы ва ўсіх рэгіёнах краіны, праводзяць заняткі, кансультацыі. Таксама плануецца арганізацыя работы кансультацыйнай анлайн-пляцоўкі (https://tri-o-zubronok.by/pedagogam/). Будзе ажыццяўляцца і рэспубліканскі праект “Бацькоўскі ўніверсітэт”, які адаптуюць да летняй аздараўленчай кампаніі, што дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць узаемадзеяння з бацькамі.
Дарэчы, у перыяд летняй аздараўленчай кампаніі 2024 года пройдзе рэспубліканская акцыя “Эфектыўнае лета” пад дэвізам “Наша лета эфектыўна: з карысцю, ярка, крэатыўна!”. Гэта акцыя, у якой у Год якасці акцэнт зроблены на якасным правядзенні летняй аздараўленчай кампаніі, задавальненні адукацыйных і аздараўленчых запытаў нашых дзяцей і іх бацькоў.
У ліку асноўных яе мерапрыемстваў — рэспубліканскі злёт выхаванцаў летніх лагераў, конкурс педагагічнага майстэрства спецыялістаў выхаваўча-аздараўленчых устаноў “Мар! Дзейнічай! Перамагай!”, рэспубліканскі агляд-конкурс на лепшы аздараўленчы лагер у намінацыях “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета ярчэйшым”, “Лепшы аздараўленчы лагер у арганізацыі грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей у лагеры “Ганаруся табой, мая краіна!”, “Лепшы аздараўленчы лагер у рэалізацыі мерапрыемстваў Года якасці”, рэспубліканскі экскурсійны марафон “Дзіцячы аўтапоезд” і шмат іншага.
Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА