Мой скетч — мае правілы

- 11:35Выхаванне, Дадатковая адукацыя

За пэўную суму скончыць прэстыжныя курсы хто заўгодна можа, а вы паспрабуйце атрымаць веды па модным напрамку абсалютна бясплатна…

Як і дзе? Пагутарым аб гэтым з Марынай Мікалаеўнай Жолудзевай, педагогам Аршанскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, і Ясмін Ісамаўнай Аль-Рабі, педагогам цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк” Мінска. Яны ўжо другі год вучаць сваіх падапечных моднаму майстэрству хуткага малюнка — скетчынгу.

Без ласціка

“Мой скетч – мае правілы”, — любіць паўтараць сваім навучэнцам Марына Жолудзева.

У перакладзе з англійскай скетч азначае “эскіз”, і сапраўды — удалы скетч ствараецца “па гарачых слядах” і пакідае ўражанне незакончанасці і нязмушанасці: творца не засяроджваецца на тэхніцы і дэталізацыі, а імкліва занатоўвае першае ўражанне. 

— На самай справе, тут ёсць свая філасофія: ствараючы малюнак тут і зараз, ты бярэш у рукі лінар і адразу малюеш набела, без выпраўленняў. Гэта такая пластычная задача для мозга, якая мне не адразу паддалася, — расказвае Марына Мікалаеўна. — Як прадстаўнік акадэмічнай школы я прывыкла, што ў мяне заўсёды ёсць магчымасць скарыстацца ласцікам, выправіць няроўнасці і хібы, давесці да ідэалу… А скетчынг ламае канон, вымушае змірыцца, што лінія можа быць крывой і недасканалай, вучыць любіць свой твор цалкам, з выпраўленнямі, каракулямі і недахопамі…

Менавіта таму сярод скетчараў не прынята вырываць няўдалыя малюнкі з блакнота і пачы­наць усё нанава з чыстай старонкі.

— Я за ўвесь час толькі пару разоў не вытрымлівала і выдаляла аркушы са скетчбука, калі там было ўжо вельмі накрэмзана, — прызнаецца Марына Жолудзева. — А каб хутка ствараць набела эфектныя скетчы, магу рабіць папярэднія эскізы. Нездарма ж кажуць, што найлепшая імправізацыя — гэта падрыхтаваная загадзя…

Сёння, калі зрабіць прыстойнае фота можа літаральна любы ўладальнік смартфона, скетчынг набывае характар эксклюзіўнасці і актыўна заваёўвае свет камерцыі: тут запатрабаваны фэшн-скетчынг (замалёўкі адзення, аксесуараў, фігур на подыуме), прамысловы скетчынг (малюнкі элементаў інтэр’ера, тэхнікі, побытавых сюжэтаў), фуд-скетчынг (ежа, сервіроўка, меню).

— На занятках у аб’яднанні па інтарэсах мы з навучэнцамі паслядоўна знаёмімся з усімі відамі скетчаў. Ад звыклых — анімалістычных, фларыстычных, партрэтных — да больш складаных гарадскіх і трэвел-скетчаў… Вядома, не ўсе яны аднолькава цікавыя дзецям. Некаторыя напрамкі зараз знаходзяцца ў топе папулярнасці — напрыклад, той жа фуд-скетчынг. На майстар-класах, якія часта ладзяцца ў кавярнях, заўсёды можна ўбачыць мастака, які спачатку замалёўвае свой заказ і толькі потым з’ядае. Вельмі зручна: адразу і палюбаваўся, і патрэніраваўся, і паласаваўся. Мы з дзецьмі таксама так зробім, — усміхаецца Марына Мікалаеўна.

Пакуль у яе аб’яднанні па інтарэсах прадуктовыя замалёўкі — гэта не свята для страўніка, а толькі ўцеха для вачэй. Раздзел “Фуд-скетчынг” яна выкладае па наступнай праграме: спачатку дзеці знаёмяцца з гісторыяй напрамку, потым стараюцца апетытна замаляваць хлебабулачныя вырабы. На наступных занятках ствараюць нацюрморт з піцай ці данатамі, затым ро­бяць скетчы кактэйлей у празрыстых шклянках, далей надыходзіць чарга дэсертаў і снеданняў з яечняй… А напрыканцы навучэнцаў чакае творчае заданне — намаляваць рэцэпт любімай стравы ці ства­рыць афішу для кафэ.

— Усё гэта — папулярныя сёння сюжэты фуд-скетчынгу. Яно і зразумела. Большасць з нас
натхняюць эстэтычныя рэчы: пенка капучына і круасан з ягадамі спыняць позірк хутчэй, чым сасіска з грэчкай, — расказвае педагог. — Аднак ніхто не забараняе стварыць скетч на будзённую макарону з катлетай. 

Сама Марына Мікалаеўна прызнаецца, што яе на твор­часць можа натхніць што заўгодна, а маляванне — медытатыўны занятак, які дапамагае зберагчы нервовыя клеткі і настроіцца на новы дзень:

— Магу прачнуцца зранку і намаляваць тое, што бачу на стале: ключ, кубак, цукерку… Запоўню старонку — мозг падзара­дзіцца, — і я гатова да штодзённай мітусні. Ніякай кавы не трэба.

Менавіта з-за імпульсіўнасці творчага парыву любімы нататнік (або скетчбук) для кожнага скетчара набывае асаблівую каштоўнасць. Па-першае, ён мае зручны фармат, каб закі­нуць у сумку і заўсёды насіць з сабой… Па-другое, папера ў ім спецыяльнай якасці — на ёй можна маляваць і маркерамі, і лінерамі, і акварэллю.

— Нарэшце, скетчбук — гэта род дзённіка, дзе ты пакідаеш не толькі малюнкі, але і занатоўваеш заўвагі, думкі, перажыванні… Нібы ствараеш уласную кнігу, — працягвае Марына Жолудзева. — Нездарма адны з першых заняткаў у маім аб’яднанні па інтарэсах прысвечаны стварэнню скетчбука і правілам яго афармлення — таніраванню старонак, аплікацыі, розным спосабам стварэння фонаў. Кожны такі нататнік вельмі індывідуальны. Разглядваючы яго, нібы гартаеш старонкі чужога жыцця.

Прыйшоў, убачыў, напісаў

Скетчынг — гэта стыльна і сучасна, лічыць будучы архітэктар Ясмін Ісамаўна Аль-Рабі, педагог цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк” Мінска. Гэта і прыцягвае дзяцей на заняткі.

У Мінску не засталося куточкаў, куды не зазірнула Ясмін Аль-Рабі з любімым блакнотам у руках.

— Навучэнцы ганарацца сваім захапленнем: іх аднакласнікі вельмі ярка рэагуюць, калі чуюць пра гурток скетчынгу. Дзецям прыемна, што яны не замалёўваюць банальныя кубы, конусы, яблыкі, а робяць нешта незвычайнае, ідуць у нагу з часам, — расказвае Ясмін Ісамаўна.

Ёй самой скетчынг не раз аказваў добрую паслугу:

— Заказчыкаў вельмі ўражвае, калі ты можаш адразу накідаць ідэю, імгненна прадставіць тое, што існуе пакуль толькі ў тваім уяўленні, на паперы. Ды і ў цэнтр дадатковай адукацыі я ўладкавалася зноў жа дзякуючы скетчынгу — тут тэрмінова шукалі педагога, які б валодаў тэхнікай хуткага малюнка. І для мяне гэта стала шчаслівым выпадкам — нават уявіць не магла, што мне так спадабаецца працаваць з дзецьмі, — працягвае Ясмін Ісамаўна. — Я атрымліваю вышэйшую адукацыю на архітэктурным факультэце БНТУ і часта чую ад выкладчыкаў, што архітэктар павінен спалучаць мноства навыкаў і ўменняў. Не толькі рабіць разлікі і чарцяжы, але і быць псіхолагам, умець дамаўляцца з людзьмі. Педагагічныя навыкі мне і ў будучай прафесіі вельмі спатрэбяцца.

Як аматар прыгожага дойлідства Ясмін часта замалёўвае элементы гарадскіх пейзажаў — ліхтары, фасады, вуліцы, прахожых, транспарт…

— Сёння людзі ўжо больш-менш прывыклі, што нехта можа маляваць прама на вуліцы ці се­дзячы ў кавярні… А раней да мяне часта падыходзілі, цікавіліся, што гэта я раблю. Спачатку было няёмка, а потым я прывыкла. Прахожыя стараюцца не перашка­джаць, не адцягваць увагу: крыху пастаяць, паназіра­юць, зробяць пару кампліментаў і адыдуць. Я заўважыла, што часцей пачынаюць размову людзі старэйшага ўзросту: яны смялейшыя, не баяцца паказаць сваю недасведчанасць ці нямоднасць, — расказвае педагог.

Са сваімі навучэнцамі Ясмін Ісамаўна таксама перыядычна выбіраецца ў горад.

— Калі мы праходзім гарадскі і блізкі да яго трэвел-скетчынг, то пачынаем рабіць замалёўкі з месца. У падобных скетчах важна “схапіць” настрой, рытм і характар лакацыі, перадаць сваё ўражанне ад насельнікаў горада, яго на­двор’я, пахаў… Мы з навучэнцамі не маем магчымасці выбірацца далёка і спасцігаць экзотыку, але і ў Мінску ёсць шмат месцаў, якія можна наведаць. А затым скласці, напрыклад, трэвел-карту свайго падарожжа: замаляваць дэталі, шыльды, лакацыі, славутасці, якія мы бачылі… Скетчынг дазваляе зрабіць гэта ў вельмі індывідуальнай творчай манеры, перастаць непакоіцца наконт правіл і тэхнікі. З яго, наогул, зручна пачынаць знаёмства з маляваннем: няма строгіх канонаў, патрабаванняў… Любы навічок можа адчуць сябе вольна і ўпэўнена з маркерам у руках.

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.