Моладзь у актыве

Штогод больш за сем соцень маладых настаўнікаў уліваюцца ў вялікую педагагічную сям’ю Гродзеншчыны. І адразу пападаюць пад павышаную ўвагу прафесійнага саюза. Старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі В.В.Грышэчка лічыць, што ўвага кіраўніцтва ўстаноў адукацыі, падтрымка вопытных калег і прафсаюзных арганізацый дапамагае адаптацыі маладых людзей у прафесійнай сферы, іх удасканаленню як спецыялістаў і станаўленню як грамадзян. Аб рабоце з моладдзю гутарым з В.В.Грышэчка.

— Вера Віктараўна, якія новыя формы работы з маладымі спецыялістамі з’явіліся ў апошні час, якія формы добра паказалі сябе на працягу часу?

— У вобласці склалася пэўная сістэма сумеснай работы ўпраўленняў і аддзелаў адукацыі, адукацыі, спорту і турызму выканкамаў, райкамаў прафсаюза, устаноў адукацыі з маладымі спецыялістамі па іх прафесійнай і сацыяльнай адаптацыі. А пачынаецца ўсё з ганаравання маладых спецыялістаў на жнівеньскіх нарадах, сустрэчы з кіраўнікамі раённых выканаўчых камітэтаў.

У калектывах за маладымі настаўнікамі замацоўваюцца вопытныя педагогі. Працуюць школы маладых педагогаў як на ў­зроўні раёнаў, так і на ўзроўні ўстаноў адукацыі, арганізоўваецца наведванне маладымі спецыялістамі майстар-класаў вопытных педагогаў, удзел іх у раённых злётах, форумах, навукова-практычных канферэнцыях, падводзяцца вынікі стажыроўкі. Як паказала апытанне, лічаць важнымі для свайго прафесійнага росту гэтыя формы работы ад 50% да 75% рэспандэнтаў.

Ёсць і новыя формы: конкурсы прафесійнага майстэрства маладых педагогаў, клубы маладых спецыялістаў, сеткавыя прадметныя супольнасці. Новыя формы работы з’явіліся і на ўзроўні вобласці. Створана сеткавая супольнасць маладых педагогаў Гродзеншчыны.

Штогод напярэдадні Дня настаўніка адбываецца ўрачыстае залічэнне маладых педагогаў усіх раёнаў Гродзенскай вобласці ў дыстанцыйную школу маладога педагога, работу якой каардынуе Гро­дзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Су­працоўніцтва членаў дыстанцыйнай школы ажыццяўляецца з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій, у тым ліку і воблачных. Абкам прафсоюза з’яўляецца суарганізатарам штогадовага фестывалю педагагічных ідэй “Прызванне — педагог”, летняй школы маладога педагога. Галоўным упраўленнем адукацыі створана віртуальная Кніга гонару маладых педагогаў.

У 2018 годзе Гродзенскай абласной арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і абласным грама­дскім аб’яднаннем “Белая Русь” заснавана штогадовая прэмія “Паспяховы старт”. Уручаюцца пяць прэмій (па дзесяц­ь базавых велічынь кожнаму) маладым педагогам, якія маюць заслугі ў працоўнай дзейнасці і займаюць актыўную жыццёвую і грама­дзянскую пазіцыю. У гэтым годзе заснавана прэмія для настаўнікаў моладзі — “Лідар настаўніцтва”. Гэта таксама пяць прэмій па пятнаццаць базавых велічынь.

Замацаванне маладых спецыялістаў у Гродзенскай вобласці за апошнія тры гады складае ў сярэднім 70%. Больш за 80% маладых спецыялістаў замацоўваецца ў Навагрудскім, Смаргонскім, Лідскім, Ашмянскім раёнах.

— У структуры Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі працуюць дзевяць пярвічных прафсаюзных арганізацый навучэнцаў. Якія асаблівасці работы прафсаюза з вучнёўскай моладдзю?

— А гэта 11 555 членаў прафсаюза, ахоп прафсаюзным членствам вучнёў­скай моладзі складае 97,8%. Сацыяльныя гарантыі, жыллёва-бытавыя ўмовы, ахова здароўя і арганізацыя адпачынку вучнёў­скай і студэнцкай моладзі ўключаны асобным раздзелам у Пагадненне паміж галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскай абласной арганізацыяй Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

Гродзенскім абласным камітэтам устаноўлены выплаты для аспірантаў (магістрантаў) і студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і работнікаў філіялаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, для навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Прайшоў абласны конкурс на лепшы прафсаюзны маладзёжны праект. Пераможцы па рашэнні прэзідыума абкама прафсаюза атрымалі фінансавыя сродкі для рэалізацыі праекта. У 2020 го­дзе абласным камітэтам сумесна з Мала­дзёжным саветам Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі адбыўся конкурс на лепшую мастацкую паштоўку, прысвечаную 75-годдзю Вялікай Перамогі. Перамагла Ангеліна Цяплова, студэнтка Гро­дзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Макет яе паштоўкі быў выкарыстаны пры вырабе віншавальнай паштоўкі для ветэранаў вайны і працы з Днём Перамогі.

У красавіку— маі 2020 года Мала­дзёжным саветам сумесна з пярвічнымі прафсаюзнымі арганізацыямі студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы была праведзена серыя інтэлектуальных анлайн-гульняў “Уніквіз”. Кожная гульня была прысвечана пэўнай тэме: беларускай культуры, традыцыям, мове, перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне, полікультурнаму кірунку. Удзел прынялі больш за 50 каманд навучэнцаў, студэнтаў і працуючай моладзі Гродзенскай вобласці.

— Вера Віктараўна, вы ўзгадалі Маладзёжны савет абкама прафсаюза. Як ён дзейнічае?

— Савет узначальвае старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы Дзіяна Трафімовіч. Члены савета актыўна ўключыліся ў работу з маладымі спецыялістамі. Так, падчас правядзення курсаў павышэння кваліфікацыі ў інстытуце развіцця адукацыі Маладзёжны савет правёў трэнінгі з выкарыстаннем сучасных тэхналогій наладжвання эфектыўнай камунікацыі, дзелавую гульню “Выбар моладзі”.

 Сярод педагогаў было праведзена анкетаванне, якое дазваляе вызначыць ступень задаволенасці ўмовамі працы, выкананне гарантый і льгот, прадугледжаных для маладых спецыялістаў, а таксама ролю і ўдзел пярвічных прафсаюзных арганізацый у рабоце па забеспячэнні сацыяльна-эканамічных правоў моладзі. Вынікі анкетавання былі прааналізаваны і сталі асновай для карэкціроўкі далейшых планаў.

Работа з моладдзю заўсёды ў цэнтры ўвагі прафсаюзнага актыву Гродзенскай вобласці і прэзідыума абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Актыўнае супрацоўніцтва з маладымі членамі прафсаюза, ініцыятыўнымі, якія маюць шмат ідэй па ўдасканаленні работы, па сацыяльнай абароне, актыўным жыцці, — у гэтым моц кожнай арганізацыі, у тым ліку і прафсаюза. І гэта заўсёды будзе ў прыярытэтах нашай дзейнасці.

Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.