Моладзь запрашае гасцей

- 10:11Выхаваўчая прастора

З 1 па 10 сакавіка БРСМ праводзіць акцыю “Прылятайце ў Беларусь”. Арганізатары сумясцілі ў гэтым мерапрыемстве дзве важныя задачы. Па-першае, моладзь заклікае замежных турыстаў наведаць нашу краіну і пазнаёміцца з яе культурай. Па-другое, актывісты БРСМ ствараюць добрыя ўмовы для птушак, якія зусім скора вернуцца ў Беларусь пасля зімоўкі.

На адкрыцці акцыі прысутнічалі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў, міністр адукацыі Ігар Карпенка, першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў. Максім Рыжанкоў, у прыватнасці, зазначыў, што пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін, нядаўна ўведзены ў Беларусі, дае магчымасць нашым гасцям убачыць сапраўдную Беларусь. “Моладзь таксама хоча, каб у Беларусь прыязджала шмат гасцей, хоча ганарыцца сваёй краінай, хоча, каб за мяжой нас бачылі не толькі праз прызму сацыяльных сетак, а такімі, якія мы ёсць на самай справе”, — падкрэсліў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Госці актыўна падтрымалі ініцыятыву моладзі і самі прынялі ўдзел у падрыхтоўцы шпакоўняў. Яны па-майстэрску валодалі інструментамі і выкарыстоўвалі аўтарскі дызайн для ўпрыгожвання птушыных домікаў.
У першы дзень акцыі было створана некалькі шпакоўняў. Працавалі над імі школьнікі, прадстаўнікі Рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, члены БРСМ. Актыўна падтрымалі ініцыятыву беларускай моладзі студэнты МДЛУ з Туркменістана. Грукат малаткоў і шыпенне балонаў з фарбамі каля будынка Рэспубліканскага дома моладзі прыцягвалі ўвагу ўсіх, хто ішоў некуды па сваіх справах. Людзі спыняліся, цікавіліся падрабязнасцямі акцыі.

Хаткі для птушак упрыгожвалі ўзорамі, элементамі беларускага нацыянальнага арнаменту. Такім чынам арганізатары падкрэслілі славутую беларускую гасціннасць. Калі некалькі дзясяткаў шпакоўняў ужо былі поўнасцю падрыхтаваны для будучых жыхароў, удзельнікі мерапрыемства аднеслі іх на тэрыторыю сталічнай школы № 4. Ярка размаляваныя птушыныя домікі таксама будуць з’яўляцца у парках, скверах, каля ўстаноў адукацыі. За 10 дзён акцыя ахопіць усе рэгіёны Беларусі. Паўдзельнічаць у ёй зможа кожны жадаючы. Трэба пабудаваць шпакоўню, упрыгожыць яе нацыянальным арнаментам і гасціннымі словамі, а фотаздымкі размясціць у інтэрнэце з хэштэгам #прылятайце ў Беларусь.

Кацярына ЗАБАРОНАК.
Фота аўтара і БелТА.