Мост паміж студэнтамі і работадаўцамі

- 9:10Выхаванне

Напрыканцы навучальнага года ўстановы адукацыі і іх падраздзяленні падводзяць вынікі сваёй работы. Не стаў выключэннем і Цэнтр кар’еры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які нядаўна завяршыў кампанію па размеркаванні выпускнікоў.

Вучэбны аддзел “Цэнтр кар’еры” — структурнае падраздзяленне Галоўнага ўпраўлення адукацыйнай дзейнасці БДУ, якое было створана ў 2018 годзе як пасрэднік паміж студэнтамі і работадаўцамі. Асноўнымі напрамкамі ўзаемадзеяння аддзела са школьнікамі, моладымі людзьмі і заказчыкамі кадраў з’яўляюцца правядзенне прафарыентацыйных мерапрыемстваў, дапамога ў арганізацыі практыкі студэнтаў і размеркаванне.

Цэнтр кар’еры — каардынатар прафарыентацыйных праектаў на факультэтах. Работа ў гэтым напрамку часта грунтуецца на выкарыстанні магчымасцей шостага школьнага дня. Супрацоўнікі і студэнты БДУ праводзяць дні адкрытых дзвярэй у анлайн- і афлайн-фармаце, кансультуюць у рэжыме гарачых ліній, займаюцца арганізацыяй школ юных (ва ўніверсітэце іх 15), інтэрактыўных урокаў і прававых гульняў, ініцыіруюць праф­арыентацыйныя экскурсіі школьнікаў па факультэтах. Вялікае значэнне надаецца адукацыйным праектам з удзелам падлеткаў: алімпіядам па геаграфіі і гісторыі, Міжнароднай алімпіядзе па філасофіі для школьнікаў, рэспубліканскай алімпіядзе “Інтэлектуальная ўласнасць — аснова бізнесу”, Школьнай лізе адкрытай алімпіяды па сусветнай эканоміцы, алімпіядзе “Абітурыент БДУ”, што праводзіцца на фізічным, механіка-матэматычным факультэтах і факультэце прыкладой матэматыкі і інфарматыкі. Да апошніх праектаў, арганізаваных пры падтрымцы цэнтра, адносяцца конкурсы “Студэнт на тыдзень” (штогод гасцямі розных факультэтаў БДУ становяцца каля 400 школьнікаў з усёй краіны), літаратурнае спаборніцтва для студэнтаў і школьнікаў “БрамаМар”, рэспубліканскія летнія навукова-даследчыя школы, адукацыйны праект “Віртуозы навукі БДУ”, школа “Фінансавая дасведчанасць пакалення Z”, “Анлайн-канікулы з ФФСН БДУ”, “Акадэмія камунікацыі”, дзень дзіцячай журналістыкі і інш.

Што да размеркавання, то су­працоўнікі цэнтра вядуць маніторынг працаўладкавання выпускнікоў, аналізуюць яго эфектыўнасць, кансультуюць маладых людзей. Спецыялісты адсочваюць запыты работадаўцаў (часта патрэба ў пэўных спецыялістах фарміруецца за некалькі гадоў да іх выпуску). Значны аб’ём работы прыпадае на правядзенне спецыялізаваных мерапрыемстваў — трэнінгаў, семінараў, Кар’ернага форуму БДУ — і ўзаемадзеянне з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў.

Кар’ерны форум — традыцыйнае ўніверсітэцкае мерапрыемства, накіраванае на падтрымку студэнтаў пры працаўладкаванні і забеспячэнне эфектыўных зносін паміж моладдзю і заказчыкамі кадраў. У межах форуму праводзяцца кірмашы вакансій, майстар-класы і трэнінгі ад вядучых кампаній, практыкуюцца хуткія субяседаванні з работадаўцамі. Летась мерапрыемства прайшло ў анлайн-фармаце і сабрала больш за 300 маладых людзей.

Яшчэ адным значным мера­прыемствам, якія курыруе Цэнтр кар’еры, з’яўляецца “Цень на дзень БДУ” (Shadow day BSU) — студэнцкі праект хімічнага факультэта. Мэта ініцыятывы — даць студэнтам шанс паглядзець на іх магчымае месца работы знутры. Арганізатары разам з супрацоўнікамі кампаній-партнёраў імкнуцца раскрыць дзейнасць прадпрыемства праз рабочую атмасферу кампаніі, далучаючы моладзь да вытворчага працэсу.

Нягледзячы на тое, што вучэбны аддзел “Цэнтр кар’еры” — маладая структура, вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць: пачынаючы з 2018 года паказчык размеркавання выпускнікоў у БДУ не зніжаецца ніжэй за 100%. Сёлета паміж універсітэтам і арганізацыямі-работадаўцамі заключана 23 дамовы аб узаемадзеянні.

Па словах начальніка вучэбнага аддзела “Цэнтр кар’еры” Марыны Танасевіч, ключавымі арганізацыямі, куды найчасцей размяркоўваецца моладзь з БДУ, сталі Нацыянальная акадэмія навук (асноўная частка выпускнікоў паступае сюды з біялагічнага, хімічнага і фізічнага факультэтаў), Дзяржаўны мытны камітэт, Следчы камітэт, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства юстыцыі (выпускнікі юрыдычнага факультэта і факультэта міжнародных адносін). ІТ-кампаніі аддаюць перавагу маладым спецыялістам з факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, механіка-матэматычнага факультэта. Увага рэдакцыйна-выдавецкіх устаноў прыцягнута да моладзі з філфака і журфака, а банкаўскіх арганізацый — да выпускнікоў эканамічнага і механіка-матэматычнага факультэтаў.

— Да найбольш запатрабаваных спецыялістаў адносяцца юрысты, журналісты, эканамісты і спецыялісты ў ІТ-сферы. Таксама адзначаецца істотная патрэба ў педагагічных кадрах, — заўважае Марына Аляксандраўна. — У найбліжэй­шых планах цэнтра — пашырэнне праф­арыентацыйнай дзейнасці (распрацоўка новых праектаў, увя­дзенне разнастайных фарматаў) і працаўладкаванне студэнтаў падчас летніх і зімовых канікул.

Ірына ІВАШКА.
Фота прадастаўлена Цэнтрам кар’еры БДУ.