Мультымоўны цэнтр, вучэбная бізнес-кампанія, профільны музей: чым ганарыцца Ваўкавышчына

- 11:36Образование

У Ваўкавыскім раёне працуе 40 устаноў адукацыі. І кожная з іх мае сваю місію, сваё непаўторнае аблічча ў адукацыйнай прасторы рэгіёна. Безумоўна, некаторыя напрамкі дзейнасці сталі візітоўкай не толькі раёна, але і вобласці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Так, у гімназіі № 1 Ваўкавыска створаны STEAM-клас, дзе навучэнцы асвойваюць розныя напрамкі робататэхнікі, праграмаванне, 3D-мадэляванне. У межах супрацоў­ніцтва з Акадэміяй МУС ствараюцца профільныя групы прававой накіраванасці, у якіх грамадазнаўства вывучаецца на павышаным узроўні. Арганізацыя летняга профільнага прававога лагера “АдВОЛКаты” — гэта асаблівая форма работы ў працяг вучэбнай дзейнасці. На базе ўстановы адкрыты раённы цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі, мэтай якога з’яўляецца ваенна-патрыятычнае выхаванне, прафарыентацыйная работа школьнікаў.

Для развіцця пазнавальнай цікавасці і творчых здольнасцей малодшых школьнікаў, а таксама з мэтай выяўлення адораных і таленавітых дзяцей у гімназіі з 2009 года быў задуманы і паспяхова рэалізуецца на працягу 13 гадоў раённы інтэлектуальны турнір “Твае магчымасці” для вучняў 3—4 класаў. Больш за 10 гадоў на базе ўстановы право­дзіцца канферэнцыя “Крокі ў навуку”. 

Гімназія № 2 Ваўкавыска — гэта мультымоўны цэнтр — установа, у якой вывучаюцца 3 замежныя мовы (іспанская, французская, кітайская). Штогод навучэнцы гімназіі становяцца пераможцамі абласнога і за­ключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды менавіта па замежнай мове. На базе гімназіі актыўна працуе цэнтр вывучэння кітайскай мовы і культуры РІКК БДУ. Працягваецца работа па развіцці партнёрскіх адносін з установамі адукацыі Расійскай Федэрацыі, Кыргызстана, КНР.

Ганарыцца раён і сярэдняй школай № 4, якая дае навучэнцам выдатную магчымасць для рэалізацыі творчага патэнцыялу ў галіне музыкі і выяўленчага мастацтва. Музей “Адукацыя Ваўкавышчыны” з яго рознабаковай краязнаўчай і ідэйна-маральнай работай — добры памочнік у справе выхавання падрастаючага пакалення. Гэта майстэрня для фарміравання дзіцячай душы.

У Вярэйкаўскай сярэдняй школе для вучняў 10, 11 класаў з Вярэйкаўскай і Шылавіцкай школ арганізавана навучанне па прафесіі трактарыст-машыніст сельскагас­падарчай вытворчасці. Гэтую прафесію выбіраюць не толькі юнакі, але і дзяўчаты. Заняткі арганізаваны ў шосты школьны дзень. Ва ўстанове добрая кадравая, матэрыяльна-тэхнічная база: трактар з агрэгатамі, кабінет прафесійнага навучання з ноўтбукамі і электрыфікаванымі стэндамі. Прафесійнае навучанне дае магчымасць азнаёміцца з рознымі прафесіямі, звязанымі з сельскай гаспадаркай.

Вучэбная бізнес-кампанія “Сябрына” на базе Мацвееўскай сярэдняй школы дзейнічае пяты год. Стартавала яна з вырабу рамак для пчол, бочачак для мёду і іншай атрыбутыкі з драўніны. Сёння ў бізнес-кампаніі ёсць яшчэ адзін напрамак — выраб друкаванай прадукцыі. У лютым 2022 года па выніках рэспубліканскага конкурсу бізнес-ідэй і бізнес-праектаў “Прыступкі поспеху” ўдзельнікі “Сябрыны” ўзнагароджаны дыпломам І ступені.

На працягу 26 гадоў у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі працуе тэатр моды “Спадчына”, добра вядомы ў краіне і за яе межамі. Гэта ўнікальнае, мастацка-арыгінальнае і паспяховае аб’яднанне навучэнцаў, накіраванае на захаванне традыцыйных і пошук новых відаў і тэхнік дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў кантэксце сучаснай беларускай культуры. Кіраўніком тэатра з’яўляецца Ала Сурмінава.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара