Стваральнік мурала, прысвечанага легендарнаму лётчыку Герою Савецкага Саюза Івану Міхайлавічу Ерашову, — выпускнік установы мастак Аляксей Ляшчоў, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— Наша гімназія, якой летась споўнілася 90 гадоў (спачатку гэта была Лепельская сярэдняя школа), з 1964 г. з гонарам носіць імя свайго выпускніка Івана Міхайлавіча Ерашова, — адзначае дырэктар установы адукацыі Святлана Карабань. — Мы захоўваем памяць аб яго подзвігу, перадаём моладзі павагу да гісторыі і гераізму. Для навучэнцаў праводзяцца ўрокі мужнасці, лінейкі памяці, мы ўскладаем кветкі да мемарыяльных дошак. Працягваем і традыцыі піянерыі: дружына носіць імя І.М. Ерашова, а гімназісты вывучаюць яго біяграфію, удзельнічаюць у патрыятычных акцыях.
Калектыў гімназіі падтрымлівае кантакт з сям’ёй героя. Яго родныя дзеляцца ўспамінамі, дапамагаюць у стварэнні музейнай экспазіцыі. Вучні падрыхтавалі даследчыя праекты: «Подзвіг І.М. Ерашова ў кантэксце гісторыі Вялікай Айчыннай вайны», «Лісты з фронту: па матэрыялах архіва сям’і Ерашовых», «Імя героя на карце горада: мемарыялы і вуліцы». Лепшыя работы знаходзяцца ў музеі, адпраўляюцца на конкурсы.
…Іван Ерашоў — выпускнік педагагічнага тэхнікума. У 1933 г. ён надзеў лётную форму, скончыў Сталінградскае авіявучылішча, а пазней — Ваенна-Паветраную акадэмію. У маі 1943-га капітан Ерашоў прыбыў на фронт. Да сярэдзіны студзеня 1944 г. маёр Ерашоў выканаў 106 баявых вылетаў на бамбардзіроўку і штурмоўку жывой сілы і тэхнікі праціўніка.
За ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання Іван Ерашоў узнагароджаны ордэнам Аляксандра Неўскага, двума ордэнамі Баявога Чырвонага Сцяга, а 4 лютага 1944 г. удастоены звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». Пасля перамогі І. Ерашоў пражыў усяго тры гады. Пайшоў з жыцця 8 мая 1948 г.
Стварэнне мурала памяці стала знакавай падзеяй для гімназіі. Ініцыятарам гэтай крэатыўнай ідэі стала дырэктар гімназіі С. Карабань, якая заняла сваю пасаду адносна нядаўна, у жніўні 2023 г. Да гэтага была дырэктарам Поўсвіжскай базавай школы Лепельскага раёна, дзе разам з калектывам праводзіла вялікую работу па прысваенні ўстанове імя земляка Героя Савецкага Саюза Мікалая Мікалаевіча Тамашэвіча.
Са сваёй прапановай Святлана Анатольеўна звярнулася да выпускніка гімназіі прафесійнага мастака Аляксея Ляшчова.
— Малады чалавек пагадзіўся адразу ж. Вырашыў, што гэта стане яго падарункам любімай установе, — падкрэсліла С. Карабань. — На работу ў майстра пайшло некалькі месяцаў, былі і перапынкі. Узорам для мурала стала фота 33-гадовага Івана Ерашова, якое захоўваецца ў музеі. Самай складанай творчай задачай было намаляваць вочы героя. Так, каб яны былі люстэркам душы, перадавалі яго характар, жыццёвую энергію. Вынік перасягнуў чаканні!
Усе, хто заходзіць на тэрыторыю гімназіі, ужо здаля ловяць на сабе пранізлівы погляд Героя Савецкага Саюза. Пры набліжэнні да выявы становіцца зразумелым, чыё імя з гонарам носіць установа. Гэта да многага абавязвае як педагагічны калектыў, так і вучняў.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара





