Музейная калекцыя Слабадской сярэдняй школы расказвае пра развіццё лясной гаспадаркі ў гэтай мясцовасці

- 17:08Новости

Музейная калекцыя Слабадской сярэдняй школы імя М.М.Пшонкі Лепельскага раёна расказвае пра работу лесаводаў і развіццё лясной гаспадаркі ў гэтай мясцовасці.

Лепельшчына славіцца сваімі ляснымі багаццямі. Стагоддзі назад землі за некалькі вёрст на поўдзень ад Лепеля, атуленыя непраходнымі ляснымі гушчарамі, мелі назву Свядская Пушча, якая згадваецца ў крыніцах ХVІ стагоддзя. Цяпер гэта тэрыторыя Слабадскога сельсавета. Колішняя Свяда ператварылася ў аграгарадок Слабада, дзе ў музеі Слабадской сярэдняй школы імя М.М.Пшонкі сярод шэрага экспанатаў можна пабачыць і “лясную” калекцыю старадаўніх прадметаў.

Слабадскі край і сёння багаты на лясы, сюды прымыкаюць абшары Бярэзінскага біясфернага запаведніка, а непасрэдна на тэрыторыі сельсавета месціцца Слабадское лясніцтва Лепельскага лясгаса. На працягу многіх стагоддзяў працоўная дзейнасць жыхароў тутэйшых мясцін была звязана з лесам.

Не адно пакаленне слабадскіх лесаводаў зрабіла значны ўклад у памнажэнне і зберажэнне лясных багаццяў Лепельшчыны. Так узнікла думка стварыць у школьным краязнаўчым музеі экспазіцыю пад назвай “Лесаводы Слабадскога краю”.

Некалькі гадоў разам са школьнікамі збіралі края­знаўчы матэрыял, экспанаты, звязаныя з лёсам людзей, якія працавалі ў лесе. Асноўная задума экспазіцыі — адлюстраваць праз музейную калекцыю работу лесаводаў, як развівалася лясная гас­падарка ў нашай мясцовасці на працягу вялікага прамежку часу, раска­заць наведвальнікам пра землякоў, якія прысвяцілі працоўную дзейнасць лясной гаспадарцы. Паказаць шырокаму колу наведвальнікаў, па-першае, тым лю­дзям, якія працуюць у лесе, ветэранам лясной гаспадаркі, лесаводам нашага краю, што па­мяць пра іх зберагаецца. Па-другое, каб будучыя пакаленні лесаводаў, іх нашчадкі паважліва ставіліся да прафесіі сваіх дзядоў і бацькоў. Таму шмат экспанатаў — фота­здымкі, узоры дакументаў, элементы ўніформы — прыносілі школьнікі, чые бацькі ці дзядулі шчыруюць у лясной ахове.

Адкрыццё “лясной” экспазіцыі праходзіла ў форме ўрачыстай лінейкі, на якой прысутнічалі ўсе вучні школы. У госці было запрошана шмат гасцей, у тым ліку ветэран лясной гаспадаркі былы ляснічы Слабадскога лясніцтва Мікалай Анікей, які ўзначальваў лясніцтва з 1979 па 2013 год, і яго пераемнік Дзмітрый Каротчык.

Кожны прадстаўлены ў экспазіцыі музейны прадмет унікальны. Напрыклад, у Полацкім занальным архіве быў знойдзены шэраг дакументаў, датаваных 1923 годам, на іх пастаўлены штамп ляснічага Свядскага лясніцтва Барысаўскага павета. А на старым фотаздымку, якому сто гадоў, адлюстраваны ўвесь склад Свядскага лясніцтва на фоне будынка лесаахоўнай установы.

Падчас наведвання музея дзеці звяртаюць увагу на бензапілы “Дружба” і “Урал”. Некаторыя з іх не адразу разумеюць, што гэта за дзіўныя экспанаты. Старую “Дружбу” вагой каля пуда яшчэ можна патрымаць у руках. Пасля гэтага прыходзіць разуменне, што працу лесаводаў лёгкай не назавеш.

Доўга збіралі прадметы ўніформы дзяржаўнай лясной аховы СССР. Пасля старанных пошукаў атрымалася зрабіць поўную рэканструкцыю: цяпер у нашым музеі можна пабачыць, як некалькі дзесяцігоддзяў назад выглядаў савецкі ляснік.

Падчас знаёмства з экспазіцыяй дырэктар Лепельскага лясгаса Андрэй Бародзіч высока ацаніў праведзеную ў Слабадской сярэдняй школе імя М.М.Пшонкі работу па зберажэнні гістарычнай памяці аб людзях адной з самых ганаровых у Беларусі прафесій і пажадаў далейшых поспехаў.

Цяперашнія вучні пра лясныя прафесіі ведаюць не са слоў дарослых. Штогод яны ўдзельнічаюць у акцыях, якія праводзяцца Міністэрствам лясной гаспадаркі. Па выніках акцыі “Тыдзень лесу — 2022” школьнікі разам з настаўнікамі сталі пераможцамі абласнога конкурсу сярод навучальных устаноў у намінацыі “Самы актыўны клас”. Пераможцам быў уручаны памятны падарунак — манаблок, які дапамагае навучэнцам спасцігаць веды ў камп’ютарным класе.

Сумесна з работнікамі Слабадскога лясніцтва школьнікі пасадзілі дзясяткі гектараў лясных культур. Такім чынам з дзяцінства яны прывучаюцца берагчы і шанаваць не толькі гісторыю, але і прыродныя багацці свайго краю, на ўласным вопыце знаёмяцца з ляснымі прафесіямі.

Вядома, блізкае знаёмства з гісторыяй лясной гаспадаркі, сяброўства з людзьмі, якія ахоўва­юць лес, паўплывала на прафесійны выбар шэрага выпускнікоў нашай школы. Сямёра з іх працуюць на розных пасадах у Лепельскім лясгасе. З лясной гаспадаркай вырашылі звязаць свой лёс і двое колішніх вучняў Яўген Гайко і Яраслаў Тухта, якія прымалі актыўны ўдзел у стварэнні лясной экспазіцыі. Для навучання хлопцы выбралі Полацкі лясны каледж і Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.

Са стварэннем “лясной” экспазіцыі пошук звестак пра слабадскіх лесаводаў не скончаны. Яшчэ шмат невядомых старонак з гісторыі лясной справы ў Слабадскім краі чакаюць сваіх даследчыкаў, а многія з цяперашніх школьнікаў нацэліліся ў будучыні зрабіць прафесійны выбар у бок лясных спецыяльнасцей.

Валерый ТУХТА,
настаўнік гісторыі Слабадской сярэдняй школы імя М.М.Пшонкі
Лепельскага раёна