Музейная прастора сярэдняй школы № 4 Навагрудка пачынаецца… на вуліцы

- 11:20Образование

Музейная прастора сярэдняй школы № 4 Навагрудка пачынаецца на вуліцы з прыгожай клумбы­-гадзінніка, пераходзіць у калідоры ўстановы адукацыі, акцэнтуе ўвагу на сцяне памяці і вядзе ў цікавыя музеі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Нават падчас летніх канікул не прыпынялася работа па зборы новых экспанатаў, пашырэнні існуючых экспазіцый, афармленні памяшканняў установы адукацыі ў выбраным напрамку. Асобная ўвага — экспазіцыі па генацыдзе, увекавечанні імён землякоў на сцяне памяці, падтрыманні ў належным стане і развіцці гісторыка-краязнаўчага і музея часу. Акцэнт на гэтых каштоўнасцях быў зроблены і падчас аздараўленчай кампаніі.

— Музейная педагогіка, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне — адны з найважнейшых напрамкаў работы нашай установы адукацыі, — адзначыла дырэктар сярэдняй школы № 4 Навагрудка Ірына Міхайлаўна Скобля. — Для арганізацыі дзейнасці гэтых кірункаў створаны пэўныя ўмовы. Не забываючыся традыцыйныя, выкарыстоўваем і новыя формы. Калі гава­рыць пра адукацыйны працэс, то гэта, безу­моўна, класныя і інфармацыйныя га­дзіны, экскурсіі па славутых мясцінах малой ра­дзімы, Рэспублікі Беларусь, гэта музейная педагогіка, розныя акцыі і мерапрыемствы, дзейнасць кінаклуба. У шосты школьны дзень збірае навучэнцаў на заняткі клуб “Патрыёт”, які працуе па праграме дадатковай адукацыі дзяцей і навучэнскай моладзі.

На базе школы працуюць два музеі: гісторыка-краязнаўчы, створаны ў лістападзе 2014 года, і музей часу, які адкрыўся ў снежні 2021 года. Іх экспанаты, безумоўна, прыцягваюць увагу і навучэнцаў, і гасцей установы адукацыі. Але перш чым трапіць у іх, ты апынаешся ў музейным асяроддзі, якое выхоўвае лепш за любы падручнік ці ўрок. Сцяна памяці, экспазіцыя, якая адлюстроўвае жахі генацыду беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны, карта спаленых вёсак Навагрудчыны, макеты спаленых вёсак Паздзерава і Купіск.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Жанна Іванаўна Клімко расказала, што сцяна памяці была адкрыта напярэдадні 9 Мая мінулага года. Кожны клас шукаў інфармацыю пра сваіх родных — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. На адкрыцці кожны клас, з 1-га па 11-ы, прэзентаваў свайго героя, беражліва складваючы па цаглінках гісторыю подзвігу навагрудчан. На QR-кодах кароткая інфармацыя пра кожнага з іх.

— У цэнтры сцяны памяці партрэт Пятра Аляксеевіча Мазуры — першага дырэктара нашай школы, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, — паказвае Жанна Клімко. — Ідэя стварыць такі аб’ект якраз і ўзнікла, калі мы вырашылі ўшанаваць памяць Пятра Аляксеевіча. А потым вырасла ў такі маштабны і вельмі каштоўны для нашай школы праект. Сцяна памяці прадаўжае папаўняцца, кожны год знаходзім усё больш удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Тут праходзяць важныя школьныя мерапрыемствы, вахты Памяці. Экскурсіі для наведвальнікаў установы праводзяць настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства, юныя экскурсаводы.

У рамках традыцыйнага месячніка па ваенна-патрыятычным выхаванні ў лютым гэтага года была адкрыта экспазіцыя “Генацыд беларускага народа”. З чаго пачыналася гісторыя яе стварэння?

— Мы адштурхнуліся ад гістарычнага факта, калі ў ноч з 9 на 10 лістапада 1938 года нацысцкі рэжым арганізаваў хвалю антысеміцкіх пагромаў у Германіі. Гэтая падзея вядома як “Крыштальная ноч”, ці “Ноч разбітых вітрын”, і сваёй назвай абавязана шклу бітых вітрын, якім былі ўсыпаны вуліцы пасля нападаў. Вобраз разбітых асколкаў шкла лёг у аснову ідэі нашай экспазіцыі. На імправізаваных кавалачках шкла — разбітыя лёсы людзей, якія трапілі ў канцэнтрацыйныя лагеры ў розных абласцях нашай краіны. Мы паказалі месцы, дзе ішло масавае знішчэнне беларус­кага народа. Тут фота і кароткая інфармацыя. З дапамогай QR-кода можна атрымаць больш падрабязную інфармацыю па кожнай вобласці. Мы таксама прадоўжылі тэму генацыду і расказалі пра пакуты людзей у час Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Навагрудскага раёна, — расказала Жанна Клімко.

З цягам часу ўвесь трэці паверх будынка ператворыцца ў музейную прастору. У адміністрацыі і педагогаў установы адукацыі ёсць задума на сценах зрабіць графіці, прысвечаныя грамадзянска-патрыятычнаму і ваенна-патрыятычнаму выхаванню школьнікаў.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара