Люты — суровы, мужчынскі месяц. Нездарма ў ім столькі памятных дат, калі мы ўшаноўваем абаронцаў Айчыны і наогул усю моцную палову чалавецтва. Менавіта ў гэты месяц грамадства пераконваецца ў тым, як гэта велічна і годна — любіць і абараняць Радзіму.
8 лютага ва ўстановах адукацыі нашай краіны традыцыйна адзначылі Дзень памяці юнага героя-антыфашыста. Гэта мы, савецкія дзеці, добра ведаем, хто такія Зіна Партнова, Валя Коцік, Лёня Голікаў і іншыя маленькія героі вялікай вайны. А сучасным школьнікам неабходна расказваць пра неўміручы подзвіг іх аднагодкаў у гады Вялікай Айчыннай. Герою Савецкага Саюза (званне прысуджана пасмяротна) Марату Казею, ураджэнцу вёскі Станькава, што ў Мінскай вобласці, было ўсяго 12, калі ён стаў партызанам-разведчыкам. За смеласць і адвагу падлетак быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, а таксама медалямі “За адвагу” і “За баявыя заслугі” — сапраўднымі салдацкімі медалямі, якія выдаваліся ў гады вайны толькі за праяўленыя храбрасць і мужнасць. Паранены, Марат уздымаў байцоў у атаку і сам неаднойчы ішоў на смерць. Загінуў зімой 1943 года, падарваўшы сябе і некалькіх гітлераўцаў гранатай, каб не трапіць у іх палон. Гэта хлопчык, якога сапраўдным мужчынам зрабіла вайна і ўласная сіла духу…
15 лютага мы ўспаміналі мужных герояў іншай вайны. Дзень вываду савецкіх войскаў з Афганістана — Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў Беларусі. Іх, маладых беларусаў, шмат засталося на той, чужой, вайне. І гэта незгасальны боль нашага грамадства. Калі я была школьніцай, вайна ў Афганістане яшчэ не была скончана, таму я добра памятаю страх перад гэтай рэальнай вайной. І памятаю выступленні маладога земляка на школьных мерапрыемствах, які сам папрасіўся служыць у Афганістане, ваяваў там, страціў таварышаў, бачыў смерць і вярнуўся жывым. Ён быў героем у 80-я, з’яўляецца героем і сёння. Як і тысячы воінаў-афганцаў.
23 лютага мы будзем віншаваць мужчын з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Мы, беларусы, мірныя людзі, але сваёй зямлі мы нікому не аддадзім. Быць мужчынам — значыць абавязкова быць гатовым абараняць родную зямлю і людзей, што на ёй жывуць і працуюць. Быць гатовым абараніць слабых. Быць гатовым прымаць рашэнні. Быць гатовым браць на сябе адказнасць за сям’ю і дзяцей. І тычыцца гэта не толькі вайскоўцаў, але і ўсіх нас.
Такая яна, сапраўдная мужчынская работа.
І тут справа не ва ўзросце, не ў воінскіх званнях і медалях. Браць на сябе адказнасць можна і ў 13 гадоў, як некалькі дзён назад зрабіў 13-гадовы Багдан з вёскі Макраны, што ў Маларыцкім раёне. Хлопчык выратаваў на пажары дзвюх сваіх сястрычак. Думаю, Багдану было вельмі страшна, але ён у той самы важны для сябе момант зразумеў, што ён — мужчына і гэта яго абавязак — выратаваць сясцёр. “Героі сярод нас. Багдан, я ганаруся табой”, — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook старшыня Маларыцкага райвыканкама Міхаіл Бацэнка. Так у мірныя дні наш юны зямляк стаў героем.
Карыстаючыся момантам, хачу павіншаваць усіх мужчын-педагогаў з надыходзячым святам — Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Здароўя вам і сілы духу. Моцнага тылу і добрых вучняў. Упэўнена, кожны з вас ведае, што выконвае надзвычай важную мужчынскую работу — выхоўвае будучыню нашай Беларусі. І хай ніколі вам не давядзецца ўзяць у рукі баявую зброю, каб гэтую будучыню абараняць.