Паспяховае мацярынства музычны кіраўнік Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета Мастоўскага раёна Ірына Сідар сумяшчае з паспяховай рэалізацыяй сябе ў прафесіі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Створана з любоўю
Тры яе дачкі хочуць быць падобнымі да маці, якая кіруе калектывам са званнем узорнага “Фартуна”, з’яўляецца нязменным удзельнікам усіх святочных мерапрыемстваў аграгарадка, а пра сваю сям’ю расказала нават усёй краіне. Яшчэ ў 2017 годзе складам у 4 “Я” сям’я Сідар прадстаўляла Прынёманскі край у фінале рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года”.

— Тады ў нас было двое дзяцей і адзін з арганізатараў конкурсу, памятаю, з жартам заўважыў: “А вось калі б дзяцей было трое, сталі б першымі!” Так што цяперашнім складам маглі б паспрабаваць пакарыць рэспубліканскую вышыню, — з усмешкай пачынае размову з успамінаў суразмоўніца.
Яна акуратна гартае старонкі сямейнага фотаальбома, на тытульнай старонцы якога нібы дэвіз прапісана: “Наша сям’я — гэта маленькі свет, створаны з любоўю”. І ў правільнасці гэтых слоў у дачыненні сям’і Сідар сумнявацца не даводзіцца. Сёлета ўсім складам яны сталі героямі праграмы “Самыя шчаслівыя” абласной тэлерадыёкампаніі і ўдзельнікамі першага рэспубліканскага сямейнага фестывалю “Разам” у Валожынскім раёне. Зрэшты, у іх сям’і ўсё і заўсёды менавіта разам.
— За вакал заўсёды адказная я, але, калі неабходна, далучаецца муж. А для дзяўчынак гэта відавочна. Прычым нават для малодшай Аглаі, якой сёлета споўніцца толькі пяць гадоў, — працягвае Ірына Іванаўна.
На фестывалі “Разам”, дарэчы, сям’я Сідар спявала аб тым, што блізка і дорага сэрцу кожнага беларуса. Песня “Беларусь незалежная” тады стала завяршальным акордам святочнага канцэрта. Зрэшты, быць яркім фіналам канцэртнай праграмы любога ўзроўню Ірыне Сідар не прывыкаць. У жніўні яе выкананне песні “Наша заўтра” (разам з сямю іншымі педагогамі вобласці) стала яркім і эфектным завяршэннем галоўнай урачыстасці педагогаў напярэдадні новага навучальнага года.
Сцяжынкі творчасці
Што да яе шляху ў педагогіку, ён, зразумела, праходзіў самай творчай сцяжынкай. Пасля заканчэння вучобы ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў Ірына Сідар працавала ў сельскім Доме культуры і ў школу перайшла па запрашэнні намесніка дырэктара Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета. Уласна, з прыходам творчага чалавека ва ўстанове пачалася новая гісторыя ў літаральным сэнсе. Гэта гісторыя ўзорнай студыі эстрадных спеваў “Фартуна”.
— Летапіс нашай студыі пачаўся ў 2013 годзе. Пасля першых поспехаў на раённым і абласным узроўнях захацелася большага. Праз 5 гадоў падрыхтавалі праграму, прадставілі на суд вялікай камісіі і ў 2018 годзе атрымалі званне ўзорнай студыі. Паспяхова пацвердзілі яго ў 2021 годзе, — расказвае Ірына Сідар.
Цікава, што назву студыі падказаў выпадак. У 2013 годзе “Фартунай” называўся творчы дуэт таленавітых пачаткоўцаў з Лунна, адной з салістак якога была старэйшая дачка суразмоўніцы. Дзяўчынкі часта выступалі ў тым ліку на абласных конкурсах. На адным з такіх дуэт памылкова прадставілі як студыю “Фартуна”.

— Вось гэты выпадак можна лічыць пачаткам нараджэння ідэі стварэння нашага калектыву, — працягвае суразмоўніца.
Першыя ўдзельнікі студыі і сёння часта прыходзяць у госці да сваіх прадаўжальнікаў — так званых “фартунят”. Больш за тое, з задавальненнем выходзяць з імі на адну сцэну. На пытанне, у чым прычына такога роду творчага сяброўства, музычны кіраўнік з Лунна толькі паціскае плячыма. Тое, з якой цеплынёй яна гаворыць пра калектыў, падказвае адказ: уся справа ў амаль матчынай увазе да сваіх студыйцаў.
У інтэнсіўным руху
“Фартуна” сёння — гэта дзевяць творчых школьнікаў з 4 па 11 клас. І ў складзе калектыву, як і на старце яго гісторыі, ёсць дачка Ірыны Іванаўны. Толькі ўжо не старэйшая, а сярэдняя.
— Творчасць для школьніка — гэта магчымасць не толькі праявіць, але і паверыць у сябе. Прычым частыя конкурсы і канцэрты зусім не перашкода для выдатнай вучобы, — упэўнена кіраўнік узорнай студыі з Лунна.
Каб не быць галаслоўнай, яна прыводзіць прыклад зноў жа з уласнай сям’і. Старэйшая дачка Маша на выдатна скончыла ліцэй у Гродне і сёння вучыцца ў ГрДМУ на бюджэце. Толькі на выдатна засвойвае школьную праграму і сярэдняя Дар’я. Прычым сёлета творчыя поспехі яна сумяшчала яшчэ і з грамадскімі — стала ўдзельніцай праекта “Цягнік Памяці” ад Гродзенскай вобласці і з цікавасцю дзялілася ўражаннямі аб ім у адной з сацыяльных сетак: аб кожным пункце маршруту публікавала відэасюжэты з адпаведнымі каментарыямі.
Фактычна ўвесь час у жыцці Ірыны Сідар прысвечаны дзецям — сваім і школьным. Яе штотыднёвы распарадак практычна заўсёды запоўнены рэпетыцыямі, прагонамі, удзелам у конкурсах і творчых мерапрыемствах… Адказ на пытанне, як не стаміцца ад пастаянна інтэнсіўнага рытму, суразмоўніца пачынае з невялікай паўзы…
— Часам здараюцца дні, у якія мне не трэба вырашаць адразу некалькі задач і перапісваць расклад, каб усё паспець. У такія дні не пакідае адчуванне, што нешта ідзе не так. Адзіны стан, які ўспрымаю як нармальны, — заўсёды быць у руху, — з усмешкай гаворыць Ірына Сідар.
Сваім прыкладам
А на пытанне, якая ж яна мама, ужо без паўзы ў дыялогу суразмоўніца адказвае, што пра гэта больш правільна і лагічна пытацца ў дачок. Але і без таго зразумела — вартая прыкладу.

— Часам гавораць, што, гэтак жа як я, хочуць сумяшчаць работу і творчасць… А я ім заўсёды паўтараю, што для гэтага трэба сустрэць такога ж спадарожніка па жыцці, як наш тата. У аснове рэалізацыі сябе для любога чалавека ў любой прафесіі заўсёды ляжыць падтрымка і разуменне блізкіх. І мне ў гэтым плане вельмі пашанцавала, — дзеліцца Ірына Сідар.
У яе інтэрпрэтацыі парада, як выгадаваць актыўных і мэтанакіраваных дзяцей, фармулюецца адным словазлучэннем: сваім прыкладам. Прычым актуальнае гэтае перакананне для ўсіх яе дзяцей — дома і ў школе.
Не першы год таленавітыя выхаванцы Ірыны Сідар — жаданыя і пазнавальныя артысты ўсіх святочных мерапрыемстваў аграгарадка Лунна, частыя госці ў Мастах і Гродне. Сваю творчасць юныя таленты педагога дарылі нават сталічнаму гледачу.
— Памятаю на працягу шэрага гадоў за творчы складнік падчас раённай жнівеньскай канферэнцыі педагогаў у нас па чарзе адказвалі школы. Пры такім падыходзе аўтарамі канцэртнай праграмы ў Мастах наша ўстанова адукацыі станавілася ў год нараджэння малодшай дачкі… Разам з калектывам выходзіла на сцэну тады фактычна на апошніх месяцах цяжарнасці. І такія “фокусы” мне заўсёды даюцца з лёгкасцю. Бо творчасць — мой лад жыцця, а толькі потым работа. Нічога дзіўнага, што таленавітыя і артыстычныя ўсе нашы дзяўчынкі. Першыя авацыі яны атрымлівалі яшчэ да свайго з’яўлення, — працягвае размову Ірына Сідар.
Сумесны вынік
Сёння на Ірыне Іванаўне трымаецца амаль увесь творчы напрамак школьнага жыцця. Гэта канцэрты на працягу ўсяго навучальнага года і падрыхтоўка дзяцей да ўдзелу ў конкурсах. І калі падрабязней спыніцца на апошнім, выхаванцы Ірыны Сідар станавіліся пераможцамі і прызёрамі абласнога конкурсу “Таленты Панямоння”, абласнога этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, рэспубліканскага конкурсу сучаснай творчасці дзяцей і моладзі “ПУЛЬС-АРТ”, агульнаўніверсітэцкага адкрытага вакальнага конкурсу савецкай песні “Галасы пакаленняў” і іншых.

— Кожнае паспяховае выступленне — гэта не толькі сумесны з дзецьмі вынік. Вялікую ролю і падтрымку аказваюць бацькі. Не заўсёды паспяваю папрасіць аб дапамозе, напрыклад, падвезці дзяцей да канцэртнай пляцоўкі, як яна ўжо прапанавана. Гэта сведчыць аб абсалютным разуменні і падтрымцы захапленняў дзяцей з боку бацькоў. Пры такім падыходзе кожнае выступленне — пераможнае. Нават калі размова ідзе не пра 1-е месца, — робіць важную рэмарку суразмоўніца.
Зрэшты, падтрымку яе творчае пачынанне — “Фартуна” — сёння знаходзіць на ўсіх узроўнях: у роднай школе, у раённым упраўленні адукацыі і з боку мясцовай выканаўчай улады. У распараджэнні “фартунят” сёння не адзін варыянт сцэнічных касцюмаў і сучасныя радыёмікрафоны, апаратура для арганізацыі канцэртаў.
Мясцовыя жыхары часам жартуюць, што прыезджыя артысты ў Лунне не патрэбны. Тут ёсць свая “Фартуна” — калектыў, які сваёй творчасцю збірае і аб’ядноўвае ўвесь аграгарадок. Вельмі цёпла, душэўна і па-сямейнаму.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва суразмоўніцы





