Музыка ва ўмелых руках Наталлі Пашковай становіцца ўнікальным інструментам, які дазваляе пашырыць кругагляд дзяцей

- 11:05Образование

Музыка ва ўмелых руках Наталлі Пашковай з дзіцячага сада № 1 Веткі становіцца ўнікальным інструментам, які дазваляе пашырыць кругагляд выхаванцаў, сфарміраваць эстэтычны густ, развіць эмацыянальны інтэлект. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Наталля Уладзіміраўна — чалавек свята! Без непасрэднага ўдзелу музычнага кіраўніка не абыходзіцца ніводны святочны ранішнік у дзіцячым са­дзе. Яна і сцэнарыст, і рэжысёр, і пастаноўшчык, і арганізатар, і ідэйны натхняльнік усіх музычных і харэаграфічных нумароў, якія выклікаюць у бацькоў выхаванцаў самыя шчырыя эмоцыі. Дзень за днём спецыяліст закладвае цаглінкі падмурка музычнай культуры, узбагачае ўнутраны свет малышоў, садзейнічае фарміраванню іх музычнага густу, стварае перадумовы для іх творчай самарэалізацыі ў будучыні.

У педагога багаты вопыт работы ў сферы культуры. Раней спецыяліст вучыла дзяцей асновам музычнага мастацтва па класе домры ў Веткаўскай дзіцячай школе мастацтваў. Цяпер развівае пачуццё рытму, мастацка-творчыя здольнасці дашкалят у садку.

— Мне падабаецца праца­ваць з дзецьмі! — шчыра дзеліцца педагог. — Я ад іх зараджаюся пазітывам. Пагутарыш з хлопчыкамі і дзяўчынкамі — і адразу ўзнімаецца настрой, малыя заўсёды адкрытыя, добразычлівыя і шчырыя. Шукаю ў кожным з іх іскрынку, мне падабаецца раскрываць у выхаванцах грані таленту. Мая задача не толькі далучыць дзяцей да мастацтва, выхоўваць любоў да музыкі, развіваць мастацкае ўспрыманне, эмацыянальную спагадлівасць, фарміраваць музычны густ, але і выявіць і ўсяляк садзейнічаць развіццю музычных здольнасцей. Радуюся, калі яны працягва­юць творчы музычны шлях. Хтосьці неверагодна прыгожа спявае, хтосьці танцуе — слухаць і гля­дзець на іх з задавальненнем можна гадзінамі, такія разумнічкі! Гэтыя дзеці — мая гордасць, яны працягваюць рэалізоўваць сябе, спадзяюся, што ў дарослым жыцці яны ярка і на ўсю краіну зая­вяць пра сябе.

На занятках у садзе знаёмства з музыкай не абмяжоўваецца толькі праслухоўваннем падабраных педагогам твораў. Пад яе чулым кіраўніцтвам дзеці вучацца спяваць, танцаваць, даведваюцца пра магчымасці розных музычных інструментаў. Аб’яднанні па інтарэсах па харэаграфіі “Каб­лучок” і па вакале “Чароўныя ноткі” для дзяцей 4—5 і 5—6 гадоў, якімі кіруе педагог, станоўча ўплываюць на фарміраванне і развіццё эмацыянальнай сферы дзіцяці. Дарэчы, выхаванцы найбольш любяць народныя танцы, напрыклад, “Калінка-малінка”. Сярод песень, канечне, у лідарах кампазіцыі пра сям’ю і галоўнае зімовае свята.

— Акрамя таго, актыўна прымаем удзел у конкурсах, — падкрэслівае суразмоўніца. — Так, заўсёды выступаем на дзіцячым музычным фестывалі творчасці “Как прекрасен этот мир!”, раз у два гады на конкурсе “Веткаўская зорачка”. Дэманструем нумары на святах, прысвечаных Дню настаўніка, Новаму году, ці на раённым выпускным вечары. Калі праходзіць ранішнік у дзіцячым садку, назіраю, як бацькі ловяць кожны рух ці кожнае меладычнае слова сваіх дзяцей, як гараць у іх вочы і з’яўляюцца слёзы радасці. Ві­даць, што мамы і таты, а таксама бабулі і дзядулі задаволены, ганарацца разам са мной поспехамі сваіх дзяцей і ўнукаў. Калі дарослыя дзякуюць за праведзенае свята, адзначаючы душэўнасць моманту, — значыць, мая праца зроблена сумленна. Але ж, вядома, больш гляджу на дзяцей, бо ім бывае неабходна мая дапамога і падказка. Я заўсёды іх хвалю, матывую і падбадзёрваю, для маленькіх зорачак гэта вельмі важна.

У дыялогу з музычным кіраўніком адчуваецца, як з трапятаннем і вялікай адказнасцю яна ставіцца да сваёй справы, да выхаванцаў. Кожнае слова, кожная жыццёвая гісторыя, звязаная з малымі і іх поспехамі, прасякнуты цяплом, дабром і пазітывам:

— Лічу, што прафесійны выбар зрабіла сэрцам. Люблю сваю справу. Чэрпаю сілы і шукаю натхнення, назіраючы за крэатыўнымі знаходкамі іншых творчых лю­дзей. Ідэя можа да мяне прыйсці падчас канцэрта ці нарадзіцца ў дыялогу з калегам.

Наталля Пашкова ў рабоце з дзецьмі аддае перавагу інфармацыйна-камунікацыйным тэхналогіям, што робіць працэс навучання і выхавання яркім, запамінальным, павышае матывацыю дзіцяці да асваення новых ведаў, развіваецца творчая ініцыятыва, лагічнае і вобразнае мысленне:

— Гэта таксама дазваляе прыўнесці ў заняткі сюрпрызны момант. Напрыклад, падчас знаёмства з музычнай кампазіцыяй на маніторы выводзіцца шэраг ілюстрацый пра кампазітара, інструменты, паказваецца, як яны гучаць у аркестры. Таксама яскрава дзеці знаёмяцца з рознымі відамі мастацтва: тэатр, балет, опера. Развіць голас і дыханне можна з дапамогай прэзентацыі: выкарыстоўваецца артыкуляцыйная гімнастыка ў суправаджэнні відэароліка. Дзеці вучацца кіраваць сваім голасам з дапамогай практыкаванняў, прытрымліваючыся схематычных малюнкаў, яны ведаюць, калі варта спяваць кароткую і доўгую ноту. Свет творчасці — дзіўны свет, поўны эмоцый і ўражанняў.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара