Музыкантамі нараджаюцца ці становяцца? Сваім меркаваннем дзеліцца педагог гімназіі № 16 Мінска Алеся Карповіч

- 12:27АРТ-квартал, Образование

Першы раз да струн цымбалаў Алеся Карповіч дакранулася 35 гадоў назад і з таго дня з імі не развітвалася. Першую палову гэтага прамежку часу яна сама вучылася на іх іграць, а другую — дапамагае асвоіць гэтае майстэрства навучэнцам сталічнай гімназіі № 16, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Алеся Аляксандраўна, раскажыце, як вы звязалі сваё жыццё з музыкай і чаму менавіта з цымбаламі?

— Калі я была яшчэ ў дзіцячым садзе, педагогі з суседняй сярэдняй школы № 170 праводзілі ў нас праслухоўванні, адбіраючы дзяцей з музыкальным слыхам. Тады гэтая ўстанова адукацыі была з музычным ухілам і мела такі ж статус, як і музычная школа, выдавала такія ж пасведчанні. І мяне пасля праслухоўвання адабралі ў музычны клас. Інструмент для мяне выбраў тата: на першым жа бацькоўскім сходзе ў школе трэба было вызначыцца, на чым я буду іграць, і ён выбраў… самы танны інструмент. Гэта былі 90-я гады, тое ж фартэпіяна было непад’ёмным па кошце, таму тата не вагаўся. Але я ні разу не пашкадавала аб яго выбары. Я шчыра палюбіла цымбалы. З маленства гаварыла настаўніцы: калі вырасту, буду іграць у аркестры Жыновіча. Праўда, калі вырасла, ужо не імкнулася туды трапіць — мне хацелася быць педагогам і вучыць іграць на цымбалах дзяцей. І я займаюся гэтым ужо 18 гадоў. Да таго ж, акрамя дзіцячых ансамб­ляў, у нашай гімназіі дзейнічае і педагагічны ансамбль. Як музыкант прымаю ­ўдзел і ў іншых творчых праектах.

— Атрымліваецца, усё ваша жыццё напоўнена музыкай?

— Акрамя субот, калі мы з сям’ёй выязджаем на дачу. Там для мяне самае каштоўнае — цішыня. Якраз у гэтай цішыні я і шукаю натхненне, незвычайныя ідэі для ансамбля. А нядзелі для мяне напоўнены іншай музыкай: я кіраўнік царкоўнага хору.

— Якія навыкі развівае ў дзіцяці ігра на інструменце?

— Ігра на музычных інструментах вельмі добра развівае мозг, удзельнікі ансамб­ля вучацца камунікаваць, саступаць, падстройвацца адзін пад аднаго, чуць іншых у ансамблі. Ды і ўвогуле музыканты выгадна адрозніваюцца ад іншых. Я кіраўнік метадычнага аб’яднання гімназіі і часта ў зносінах з юнымі музыкантамі і іх педагогамі з іншых навучальных устаноў заўважаю, што яны іншыя. У іх ёсць стрыжань. Бо з ранніх гадоў яны займаюцца карпатлівай работай, дзе галоўнае — самаарганізацыя: як бы ні хацеў, ты павінен сесці і пазаймацца, павінен умець трымаць сваю нервовую сістэму і, калі хвалюешся, не выно­сіць гэта на публіку. Ты павінен падчас ігры даць вынік, чаго б табе гэта ні каштавала і як бы ў цябе ні трэсліся рукі ад хвалявання. Гэта загартоўвае, дапамагае ў жыцці. У параўнанні з іншымі, музыкант больш камунікабельны, ініцыятыўны, працаздольны.

— А як вы лічыце: музыкантамі нара­джаюцца ці становяцца?

— Па-рознаму бывае. Я не магу ска­заць, што я прыродны музыкант. Прыродны — гэта калі, не маючы музычнай адукацыі, сеў за фартэпіяна і іграеш выдатна, маеш яскравае музычнае ўяўленне і кампазітарскі талент. Я ў большай ступені рамеснік і ўпартая вучаніца: маю чырвоны дыплом Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, добра скончыла ўніверсітэт культуры, ніколі не прапускала заняткі і была вельмі стараннай. Таму я не прыродны, а хутчэй характарны музыкант.

А вось мой муж якраз музыкант ад прыроды: бас-гітарыст-самавучка, які ўсё жыццё займаецца музыкай. Яшчэ ў юнацтве ён купіў сабе гітару, да гэтага дня з ёй не расстаецца. Яго запрашаюць у рэспубліканскі сама­дзейны царкоўны аркестр, ён можа пада­браць любы голас, калі выконвае песню.

Ды і ў нашых дзяцей ужо адчуваецца музыкальная генетыка. Калі была цяжарная, я да апошняга дня іграла, кіравала хорам, ансамблем. Старэйшая Ася ўжо мая калега. Яна скончыла МДКМ, працуе ў нашай гімназіі педагогам па вакале і адначасова вучыцца ва ўніверсітэце культуры. Сярэдняя дачка Міла, якой 13 гадоў, іграе на цымбалах, а 11-гадовы Савелій — на гітары. Выкладчыкі нашых дзяцей часта гавораць, што ім не трэба прыкладаць шмат намаганняў, ім многае ўжо дадзена і яны ўсё ўспрымаюць на ляту. Хаця мэтанакіравана я не развівала дзяцей у музычным напрамку. Канечне, заўважала чыстае інтанаванне ў Асі, яна трапляла ва ўсе ноты, але з ёй я не займалася. І толькі калі музычны кіраўнік у дзіцячым садзе заўважыла ў Асі музыкальныя даныя, прапанавала рыхтаваць яе да конкурсаў. Гэта для мяне паказчык гена, калі ты з ранняга дзяцінства маеш каардынацыю слыху і голасу.

— Раскажыце, наколькі папулярныя цымбалы сярод дзяцей? Ці шмат жадаючых навучыцца на іх іграць?

— Я заўсёды без праблем набіраю дзяцей у свой ансамбль. І потым яны верныя цымбалам усе 9 гадоў вучобы. Але чэргі да мяне пад дзвярыма не выстройваюцца, як на фартэпіяна і гітару. І тут ёсць вельмі важны нюанс. Цымбалы — гэта адзін з галоўных музычных сімвалаў нашай краіны. Але пра яго так мала веда­юць людзі! Спытайце ў бацькоў, хто з іх захоча ад­даць сваё дзіця вучыцца іграць на цымбалах. Хутчэй за ўсё, шмат жадаючых вы не знойдзеце. Тое ж і са школьнікамі. Многія ў вочы не бачылі гэты інструмент і ні разу не чулі яго. Затое, калі я прывяду да іх сваіх навучэнцаў, калі яны сыгра­юць, паўкласа захоча далучыцца да нас. А вось на фартэпіяна і гітару яны бягуць без усялякай рэкламы, бо гэтыя інструменты добра ведаюць. І гэта наша бяда, што на цымбалы ідуць толькі пасля рэкламы. А я пераканана: і цымбалы вартыя чэргаў пад дзвярыма!

Акрамя музыкі, мы абмяркоўваем з дзецьмі і жыццёвыя рэчы: кожны можа папрасіць параду па любым пытанні — ад вырашэння канфлікту з аднакласнікамі да выбару будучай прафесіі. Гэта робіць прафесію педагога-музыканта яшчэ больш адказнай.

— Раскажыце пра вашых навучэнцаў. З якімі дзецьмі працаваць лягчэй: з таленавітымі ці стараннымі? Падзяліцеся сваімі педагагічнымі знаходкамі.

— Мне так шанцуе, што заўсёды да мяне прыходзяць старанныя, адказныя, надзейныя дзеці. Гэта самае каштоўнае. А ўсяго астатняга мы дасягнём з імі разам на занятках. Гэта больш важна, чым мець музыкальны талент. Бо талент без старання нічога не варты.

З теленавітым дзіцем працаваць, канечне, прасцей. Яно схоплівае ўсё імгненна. У яго ўжо ёсць увесь набор музыкальных здольнасцей: памяць, пачуццё рытму, слых. А калі нечага з гэтага набору дзіцяці не хапае, яго могуць замяніць уседлі­васць, цярпенне і ўменне размяркоўваць свой час. Акрамя маіх заняткаў, у большасці гімназістаў ёсць і іншыя: танцы, мастацкая школа, тэатральныя заняткі і г.д. Таму, дарэчы, я ніколі не задаю дамашніх заданняў. Я сама мама і ведаю, як цяжка дзецям знаходзіць на іх час: у першую чаргу — вучоба. Я імкнуся ўсяму вучыць на занятках. Мая фішка ў тым, што мы ўсё робім тут, на ўроку. Для гэтага я і працую. І таму бацькі здзіўляюцца: як жа так, дома дзіця за інструментам не сядзіць, а на канцэрце ў яго атрымліваецца ўсё шыкоўна! Мае навучэнцы становяцца пераможцамі на розных конкурсах. Ёсць у мяне яшчэ і такая хітрасць: калі я набіраю дзяцей з аднаго класа, яны амаль заўсёды ў такім жа складзе давучваюцца да 9 класа, бо падтрымліваюць адно аднаго, падцягваюцца да мацнейшых. Усе свае канцэрты мы запісваем на відэа, адпраўляем спасылкі ў бацькоўскі чат, каб таты і мамы маглі паглядзець на сваіх дзяцей, пераслаць відэа родным і сябрам.

— Як падбіраеце рэпертуар?

— З музычнай школай, дзе даюць акадэмічную адукацыю, у нас розны падыход. Там ёсць пэўная і вельмі строгая праграма. У нас жа — факультатыўныя заняткі і безацэначнае навучанне, таму мы можам дазволіць сабе больш свабоды і іграць тое, што нам падабаецца, неабавязкова санаты і г.д. Іграем і музыку сучасных аўтараў, напрыклад, творы кампазітара Аліны Бе­зансон. Дарэчы, Аліна Іванаўна выкладала кампазіцыю ў музычнай школе маёй дачцэ Асі. Надаўна яна падарыла мне свае творы, якія мы актыўна іграем з нашымі цымбалістамі.

— Дзякуй за гутарку. Творчых поспехаў вам, вашай музычнай сям’і і навучэнцам!

 Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара