“Мы — часовые вечные у Вечного огня…”

- 12:29Выхаваўчая прастора

Пост Памяці ў Брэсце з’яўляецца найстарэйшым дзіцячым калектывам Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста. Загад аб яго стварэнні пры Брэсцкім гарадскім доме піянераў і школьнікаў быў падпісаны 4 сакавіка 1972 года, а ўжо 9 мая на вахту заступіла першая змена юнармейцаў. 45 гадоў стаяць вартавыя ля Вечнага агню Брэсцкай крэпасці-героя. Для моладзі горада Пост Памяці з’яўляецца школай мужнасці і патрыятызму, усвядомленым выкананнем грамадзянскага абавязку перад Радзімай, памяццю пра загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Праз гэтую ваенна-патрыятычную школу прайшло не адно пакаленне — больш за 91 тысячу старшакласнікаў Брэста.

Юнармейскі рух у нашым горадзе захаваў традыцыі савецкай моладзі. Напрыклад, спаборніцтвы па агнявой, фізічнай і страявой падрыхтоўцы, змены Ганаровай варты, спаборніцтвы сярод мемарыяльных атрадаў горада за права нясення Вахты Памяці ў Дзень Перамогі. Вахту Памяці нясуць мемарыяльныя атрады ўсіх устаноў адукацыі Брэста на працягу аднаго тыдня. У мемарыяльныя атрады адбіраюцца лепшыя навучэнцы старшых класаў устаноў адукацыі горада. Абавязковай умовай з’яўляецца іх добраахвотнае жаданне.

З вучнямі працуюць, перадаюць свае веды і вопыт ваеннаслужачыя запасу падпалкоўнікі І.М.Чыкалаў, У.Д.Паграбняк, В.В.Пашкевіч. Дзейнасць Паста Памяці — гэта комплекс вучэбна-выхаваўчых мерапрыемстваў у рамках адукацыйнай праграмы “Вахта Памяці”. Для кожнага мемарыяльнага атрада арганізоўваюцца практычныя заняткі ў каравульным памяшканні Паста Памяці, праводзяцца тэматычныя экскурсіі па залах музея абароны Брэсцкай крэпасці-героя, урокі мужнасці, дэманструюцца кінафільмы пра абарону Брэсцкай крэпасці. Навучэнцы ахвотна супрацоўнічаюць з філіялам музея абароны — “5 форт”, археалагічным музеем “Бярэсце”. Юнармейцы наведваюць заставу імя Героя Савецкага Саюза А.М.Кіжаватава, праводзяць тэматычныя экскурсіі, выпускаюць насценгазеты і баявыя лісткі. Стала добрай традыцыяй штогадовае ўрачыстае ўшанаванне лепшых юнармейцаў мемарыяльных атрадаў горада ў Дзень абаронцы Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Пост Памяці выступае сімвалічным мостам дружбы паміж падлеткамі і моладдзю Украіны, Расіі, Беларусі. З 2001 года юнармейцы Брэста ўдзельнічаюць у міжнародных злётах мемарыяльных атрадаў і пошукавых груп гарадоў-герояў. Зводныя змены Брэсцкага Паста Памяці не раз прызнаваліся лепшымі вартавымі сярод Пастоў № 1 краін СНД і ўзнагароджваліся дыпломамі і граматамі за выдатную страявую вывучку і арыгінальнасць рытуалу заступлення на Пост да Вечнага агню.

Тройчы прадстаўнікі юнармейскага руху Беларусі, Расіі і Украіны сустракаліся на легендарнай зямлі Брэсцкай крэпасці. У сакавіку 2017 года, у рамках святкавання 45-годдзя Паста Памяці ля Вечнага агню Брэсцкай крэпасці-героя, у нашым горадзе прайшоў злёт Пастоў № 1 гарадоў-герояў, гарадоў — удзельнікаў міжнароднага міратворчага руху “Акадэмія міру і дзіцячай дыпламатыі”.

Ваенна-патрыятычная дзейнасць Паста Памяці стала абавязковым напрамкам у рамках прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі. Моладзь рыхтуецца да службы ў арміі, атрымлівае асновы ваеннай падрыхтоўкі. Дапрофільную падрыхтоўку з арыентацыяй на ваенныя прафесіі і характарыстыкі-рэкамендацыі для паступлення на ваенныя спецыяльнасці штогод атрымлівае каля 50 членаў мемарыяльных атрадаў горада.

Падвядзенне вынікаў Вахты Памяці штогод праводзіцца 25 верасня, у дзень адкрыцця мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, у канферэнц-зале Брэсцкага гарвыканкама ў прысутнасці прадстаўнікоў кіраўніцтва горада і вобласці, гарадскога Савета ветэранаў, абласнога ваеннага камісарыята. Пераможца спаборніцтва атрымлівае ганаровае права несці Вахту Памяці 9 мая каля Вечнага агню Брэсцкай крэпасці-героя.

Без Паста Памяці немагчыма ўявіць сучасны Брэст і гісторыю Брэсцкай крэпасці. Пост Памяці — своеасаблівая візітоўка нашага горада. “Пусть годы пронесутся, // Назад им не вернуться, // Но будет вечен Пост // У Вечного огня. // Мы смотрим в это пламя, // Храня святую память, // Мы — часовые вечные // У Вечного огня…”

Юлія ГЛЕБІК,
дырэктар Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста.