Мы чытачы і выдаўцы

- 12:02Выхаваўчая прастора

Калі школьнік паспрабуе сябе ў творчасці, ён будзе значна больш чулым да аўтарскага слова. І маленькі пісьменнік стане вялікім чытачом. Пацвярджэннем таму з’яўляецца работа рэсурснага цэнтра “Выдавецкая дзейнасць ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі”, які функцыянуе на базе сярэдняй школы № 10 Барысава Мінскай вобласці.

Школа журналістыкі

Наўрад ці хто-небудзь будзе адмаўляць той факт, што вучыць прыдумляць трэба з самага ранняга ўзросту. Чым больш дзіця прыдумляе, тым больш яно праяўляе цікавасці да творчасці іншых. Такім чынам яно больш чытае. Выхаванне ўдумлівага чытача магчыма толькі пры ўключэнні навучэнцаў у актыўную літаратурна-творчую дзейнасць, для аптымальнай арганізацыі якой неабходна стварыць умовы, што спрыяюць развіццю здольнасцей да літаратурнай творчасці ў многіх дзяцей. Адной з такіх умоў з’яўляецца стварэнне навучэнцамі ўласнай друкаванай прадукцыі.

Амаль у кожнай школе існуе свая газета або часопіс. Навучэнцы спрабуюць размяшчаць у іх свае матэрыялы. Аднак развіццё журналісцкіх навыкаў не прадугледжана школьнай праграмай. Уменні правільна весці рэпартаж, браць інтэрв’ю, пісаць цікавую нататку не з’явяцца ў навучэнцаў без правільна арганізаванай работы.

У нашай установе адукацыі створаны прэс-цэнтр “Вужы”, кампанія ArtSmail, ажыццяўляецца выпуск часопіса для малодшых школьнікаў “Стрыж”, часопіса для падлеткаў “Погляд”, школьнай газеты “Дзясятачка”, серый літаратурных зборнікаў “Праменьчыкі”, “Промні ліхтарыка”, літаратурна-энцыклапедычных зборнікаў “Сябры прыроды”, альбомаў малюнкаў “Наш вернісаж”. Акрамя таго, выпускаецца друкаваная прадукцыя: плакаты, інфармацыйныя лістоўкі, расклады ўрокаў, каляндарыкі, візітоўкі, буклеты, бэйджы, памяткі, афтальматрэнажоры, табліцы, закладкі і г.д.

Фестываль выданняў

Але на гэтым творчыя ідэі нашых навучэнцаў і педагогаў не заканчваюцца. І доказам таму стала нядаўняе правядзенне фестывалю школьных выданняў “Мы чытачы і выдаўцы”, на якім былі прэзентаваны найбольш перспектыўныя і педагагічна змястоўныя мадэлі школьных выданняў.

На фестывалі былі прадстаўлены 24 выданні, створаныя навучэнцамі школы пад кіраўніцтвам класных кіраўнікоў і пры падтрымцы бацькоў. Побач з выданнямі, якія выпускаюцца ў школе на працягу доўгага часу, на фестывалі былі прадстаўлены пілотныя нумары выданняў, выпуск якіх, магчыма, стане сістэматычным.

Намінацыя “Творчыя альбомы і зборнікі” была прадстаўлена наступнымі выданнямі: “Тэатр экалагічнай казкі “ТЭК” прадстаўляе…” (3 “В” клас) — зборнік матэрыялаў, парад і ўражанняў пра экалагічныя спектаклі, якія былі паказаны ў школе юнымі артыстамі; “Экапатруль” (4 “Б” клас) — альбом экалагічных парад, ілюстраваны навучэнцамі; “Здорава жыць здарова” (2 “Б” клас) — альбом вершаў і малюнкаў навучэнцаў пра здаровы лад жыцця.

Удзельнікі фестывалю змаглі пазнаёміцца з незвычайнымі выданнямі, прадстаўленымі ў намінацыі “Газета”: “Тушылка” (7 “А” клас) — газета супрацьпажарнай тэматыкі; “Каляндар” (2 “Б” клас) — праект сезоннага насценнага перакіднога календара, які знаёміць з народнымі святамі; “Супердзіця” (4 “А” клас) — падборка насценгазет, створаных бацькамі навучэнцаў 1 класа; “Мара — “Зубраня” — насценгазета з уражаннямі пра знаходжанне навучэнцаў у лагеры “Зубраня”.

У намінацыі “Экскурсійны альманах” былі прадстаўлены выданні, у якіх сабраны ўражанні навучэнцаў пра экскурсіі: “І я тут быў…” (8 “А” і 8 “Б” класы) — электронны альманах, які знаёміць з гістарычнымі месцамі, дзе пабывалі навучэнцы; “Падарожжа па заапарку” (3 “А” клас) — творчы альманах, які змяшчае падборку твораў, вершаў і малюнкаў пасля наведвання Бярэзінскага запаведніка; “Як мы ездзілі ў Полацк” (5 “А” клас) — альманах — калектыўны твор з уражаннямі пра экскурсію.

Намінацыя “Буклет” была прадстаўлена наступнымі выданнямі: “Парады школьнікам” (11 клас) — падборка крэатыўных парад, якія дапамагаюць навучэнцам у запамінанні складанага і аб’ёмнага матэрыялу; “Утылізацыя бытавых адходаў” (6 “Б” клас) — парады па раздзельным зборы смецця; “Памнажаем разам” (6 “А” клас) — незвычайныя спосабы таблічнага множання і множання мнагазначных лікаў; “Пазнаём свет” (9 “Б” клас) — уражанні пра наведванне музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

У намінацыі “Лістоўка” былі прадстаўлены лістоўкі: “Экавока” (4 “В” клас) — серыя інфармацыйных лістовак па старонках экалагічнага календара; “Гэта наш дружны клас” (7 “В” клас) — пра цікавае жыццё навучэнцаў класа.

У намінацыі “Кніжкі-малышкі” навучэнцы 5 “Б” класа прадставілі серыю кніжак-малышак “Казкі”, падрыхтаваную для малодшых школьнікаў.

На фестывалі былі прадстаўлены і электронныя версіі выданняў у намінацыі “Кіначасопіс”: “Свята да нас прыходзіць” (7 “Б” клас) — электронны часопіс з парадамі да святкавання Новага года; “Падарожжа ў свет экалогіі” (2 “В” клас) — электронны часопіс, створаны па матывах экалагічнага верша, аўтарам якога з’яўляецца мама навучэнца; “Свет маіх захапленняў” (10 клас) — прэзентацыя сеткавага ўзаемадзеяння навучэнцаў класа; “Пластылінавая казка” (4 “В” клас) — электронны дыяфільм, створаны навучэнцамі.

Члены журы ацэньвалі выданні, улічваючы арыгінальнасць назвы, інфармацыйную насычанасць, творчы падыход да зместу, літаратурна-мастацкі ўзровень матэрыялаў, адпаведнасць нормам рускай (беларускай) мовы, кампазіцыйнае вырашэнне, эстэтычнае афармленне і прэзентацыю выдання. Некаторыя пілотныя нумары знойдуць свайго чытача і натхняць іх стваральнікаў на далейшую творчасць.

З 2016 года наша школа стала рэсурсным цэнтрам “Выдавецкая дзейнасць ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі” Барысаўскага раёна. Асноўная мэта яго дзейнасці — распаўсюджванне перспектыўнага педагагічнага вопыту па далучэнні школьнікаў да літаратурна-творчай дзейнасці праз стварэнне ўласнай друкаванай прадукцыі.

Мы спрабуем стварыць добрае асяроддзе для сістэматычных зносін і ўзаемадзеяння настаўнікаў, навучэнцаў, бацькоў, прадстаўнікоў прафесійных СМІ і іншых сацыяльных сфер, якія цікавяцца і падтрымліваюць школьную прэсу і выдавецкую дзейнасць ва ўстановах адукацыі раёна; арганізоўваем сацыяльнае партнёрства з рэдкалегіямі ўстаноў адукацыі Барысаўскага раёна, рэдакцыямі СМІ, бібліятэкамі, літаратурнымі аб’яднаннямі, узаемадзейнічаем з пісьменнікамі; ствараем мабільную сістэму бесперапыннага навучання педагогаў і навучэнцаў асновам выдавецкай дзейнасці і метадам работы над выдавецкімі праектамі; аказваем метадычнае, кансультатыўнае садзейнічанне рэдакцыйным калектывам, удзельнікам прэс-цэнтра ў ажыццяўленні выдавецкай дзейнасці; абагульняем набыты вопыт і распаўсюджваем яго праз публікацыі, форумы, семінары, канферэнцыі, перад педагогамі школы, раёна, вобласці, краіны.

Аб’ядноўвайся і развівайся

У 2016/2017 навучальным годзе пачалася рэалізацыя сумеснага праекта “Мы чытачы і выдаўцы” нашага рэсурснага цэнтра з Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя І.Х.Каладзеева па далучэнні навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Барысаўскага раёна да літаратурна-творчай дзейнасці праз стварэнне ўласнай друкаванай прадукцыі.

“У тваёй школе выдаецца газета? Марыш, каб яна стала яшчэ цікавейшай? Хочаш пазнаёміцца з юнымі карэспандэнтамі з іншых школ? Гатовы абменьвацца ідэямі? Тады праект “Мы чытачы і выдаўцы” — для цябе!” — такія запрашэнні атрымалі навучэнцы — члены школьных рэдкалегій Барысаўскага раёна на практычныя заняткі, дзе не толькі знаёміліся з азамі журналістыкі, але і набывалі неацэнны вопыт зносін.

Першыя заняткі былі праведзены ў форме дзелавой гульні “У рэдакцыі газеты”. Дзеці практыкаваліся ў жанры інтэрв’ю, напісанні ліда (уступу газетнага матэрыялу) і загалоўкаў. Юныя журналісты з галавой акунуліся ў работу. Некаторым з іх нават удалося здзівіць работнікаў бібліятэкі і прадстаўнікоў раённых СМІ, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, сваім прафесіяналізмам і аператыўнасцю ў рабоце.

Другія заняткі “Фестываль ідэй” праводзіліся ў форме круглага стала. Шмат новага і цікавага даведаліся ўдзельнікі сустрэчы, пазнаёміўшыся з друкаванымі выданнямі, якія выпускаюцца ў школах горада. У кожным выданні ёсць свае іскрынкі: незвычайныя ідэі, творчы падыход да падачы матэрыялу, крэатыўны выбар назвы і рубрык, дызайн… Кожная рэдкалегія ў сваіх прэзентацыях старалася раскрыць гледачам арыгінальнасць сваіх газет і часопісаў: часопісы “Адлюстраванне” (сярэдняя школа № 9), “ОзОрникOFF” (сярэдняя школа № 20), “Новы фармат” (сярэдняя школа № 16), “Проба пяра” (сярэдняя школа № 6), “Стрыж” (сярэдняя школа № 10), газеты “Школьны мерыдыян”(сярэдняя школа № 18), “Сакрэт поспеху” (сярэдняя школа № 20), “Дзясятачка” (сярэдняя школа № 10), часопіс-газета “Дзелавая карусель” (сярэдняя школа № 24).

На занятках “Віды школьных выданняў: выбірай, стварай…” дзеці змаглі пазнаёміцца з разнастайнасцю літаратурна-мастацкіх, даведачных, рэкламных выданняў, якія можна выпускаць у школах як перыядычна, так і сітуацыйна. З вялікім энтузіязмам юнкары ўключыліся ў практычную работу па напісанні ліда і загалоўкаў да матэрыялаў, а таксама па стварэнні тэматычнага спецвыпуску газеты-дайджэста, прысвечанага грашам. Дзеці ў групах займаліся афармленнем газетных старонак, а таксама знаёміліся з цікавай інфармацыяй пра гісторыю дэнамінацыі ў Рэспубліцы Беларусь, пра магчымасці зарабіць грошы ў час канікул, пра неабходнасць трымацца бяспекі ў інтэрнэце для прадухілення грашовых страт. Ды і прапанаваныя назвы створанай газеты-дайджэста вызначаліся крэатыўнасцю: “Скарбоначка”, “Банкнота”, “Будзь у курсе!”, “Грошы+…”.

Падчас семінара-практыкуму “Ствараем тэматычныя дайджэсты” навучэнцы працягнулі практычную работу па напісанні ліда і загалоўкаў, займаліся афармленнем газетных старонак, а потым стваралі тэматычныя дайджэсты рознай тэматыкі. Удзел у мерапрыемствах дазволіў дзецям пагутарыць у нефармальнай абстаноўцы з равеснікамі з іншых школ, абмяняцца ідэямі, прыняць удзел у сумеснай рабоце, праявіць творчасць, кемлівасць. Юнкары вызначыліся крэатыўнасцю і пры падборы назваў дайджэстаў, створаных падчас мерапрыемства: “Экзамены на “10”, “Жыццё пасля школы”, “Здароўе ў нашых руках!”, “Мода з камоды”, “Выконваем законы… і не толькі дарог”, “Ежа жывая і мёртвая”.

У рэсурсным цэнтры арганізавана навучанне педагогаў асновам выдавецкай дзейнасці і метадам работы над выдавецкімі праектамі.

Адно з апошніх мерапрыемстваў — пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў “Трансляцыя эфектыўнага вопыту работы педагогаў першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі на сайце ўстановы адукацыі і ў перыядычным друку: метадычны аспект і алгарытм дзеянняў”.

Для многіх педагогаў вельмі праблематычна прадставіць свой вопыт у пісьмовай форме, выкласці свае ідэі так, каб яны былі зразумелыя калегам і выклікалі ў іх цікавасць. Далёка не кожны валодае прыроджаным уменнем прыгожа перадаваць свае думкі на паперы. Часцей за ўсё гэтаму трэба вучыцца: чытаць публікацыі калег, наведваць тэматычныя семінары і, што немалаважна, спрабаваць выкладаць свой вопыт у пісьмовай форме. А калі ваш матэрыял не апублікавалі, не апускаць рукі, а аналізаваць і шукаць уласныя памылкі.

Што зрабілі не так? Чаму выдаўцам ваша праца аказалася малацікавай? Як стварыць цікавую публікацыю? Як расказаць на старонках друку пра свой вопыт, пра мерапрыемствы, якія праводзяцца ва ўстановах адукацыі? Чаму не кожная адпраўленая ў рэдакцыю нататка публікуецца на старонках выдання? Як зацікавіць сваім матэрыялам не толькі выдаўца, але і будучых чытачоў? Адказы на гэтыя пытанні спрабавалі знайсці ўдзельнікі семінара-практыкуму.

Падчас правядзення майстар-класа “Стварэнне тэматычных дайджэстаў” удзельнікі семінара пазнаёміліся з прыёмамі падбору загалоўкаў і напісання ліда да твораў на ўроках літаратурнага чытання, а потым уключыліся ў актыўную работу па прымяненні атрыманых ведаў на практыцы падчас стварэння тэматычных дайджэстаў (“Хочаш быць здаровым — будзь!”, “Грошы ў дом!”, “Хочаце палепшыць сваё жыццё? Ператварыце свой дом!”), дзе праявілі крэатыўнасць, вынаходлівасць і творчы падыход. У канцы мерапрыемства ўдзельнікі выказалі жаданне прымяняць атрыманыя веды на практыцы, выкарыстоўваць прыёмы далучэння навучэнцаў да літаратурна-творчай і выдавецкай дзейнасці на ўроках, бо стары лозунг “Ад маленькага пісьменніка — да вялікага чытача” не страціў сваёй актуальнасці і ў цяперашні час.

Вольга УГЛЯНІЦА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, кіраўнік рэсурснага цэнтра
“Выдавецкая дзейнасць ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі”,
настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 10 Барысава.