Мы цяпер амаль зоркі

- 13:34Выбар прафесіі

Такімі словамі гродзенскія школьнікі апісваюць свае першыя ўражанні ад наведвання курсаў па хіміі і біялогіі на факультэце біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы. Тут у межах Школы дакладных навук кожную суботу дзеці будуць паглыблена асвойваць розныя раздзелы школьнай праграмы.

Ідэя рэалізаваць падобную задуму з’явілася на факультэце даўно. Яе неабходнасць пацвердзілі і патрэбы практыкаў: гродзенскія педагогі часта пыталіся ў выкладчыкаў пра арганізацыю адукацыйных курсаў для школьнікаў на базе ГрДУ. Адзіным фактарам, што адцягваў старт, была эпідэмічная сітуацыя.

Слухачамі на занятках, што стартавалі напрыканцы кастрычніка, сталі вучні 7—10 класаў. Групы дзевяцікласнікаў і дзесяцікласнікаў — самыя напаўняльныя сярод іншых (дзве групы па 13 чалавек у першым выпадку, і адна — з 13 юнакамі і дзяўчатамі — у другім). Большасць дзяцей наведвае заняткі па абодвух прадметах.

Звесткі пра курсы разлятаюцца хутка: нехта знахо­дзіць інфармацыю на сайце, некага скіроўваюць бацькі ці настаўнікі. Не абыходзіцца таксама і без сарафаннага радыё — да правядзення трэціх заняткаў вольных месцаў у аўдыторыях ужо не засталося.

— Настаўнікі былі зацікаўлены, каб школьнікі мелі магчы­масць атрымаць больш практычных навыкаў. Калі тэорыю дзеці могуць разабраць і зразумець разам з настаўнікам-прадметнікам, то практыка — не самы моцны бок у навучанні хіміі і біялогіі, — адзначае куратар курсаў, загадчык кафедры заалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл факультэта біялогіі і экалогіі, кандыдат біялагічных навук Вольга Янчурэвіч. — Таму практыка-арыентаванае навучанне стала для нас ключавым. На курсах дзеці вучацца праца­ваць з мікраскопамі, прэпара­ваць, праводзіць доследы, ра­шаць задачы і ўраўненні. Школьнікі лепш запамінаюць і разумеюць сутнасць рэакцыі, калі бачаць яе на ўласныя вочы.

На думку Вольгі Віктараўны, вучні 9—10 класаў — самы матываваны народ, бо пакрысе вызначаюцца з будучай прафесіяй і прыходзяць на заняткі мэтанакіравана, з задавальненнем. Словы выкладчыка пацвярджаюць зіхатлівыя вочы дзевяцікласніц Карыны Ценікавай з гімназіі № 3 Гродна і Маі Бачынскай са школы № 38. Сяброўкі прыйшлі ва ўніверсітэт, каб падцягнуць узровень хіміі і біялогіі. Карына пакуль не вызначылася з будучай прафесіяй, а Мая ўжо цвёрда ўпэўнена: яна стане касметолагам. Школьніцы прызнаюцца, што за кароткі тэрмін на курсах па біялогіі яны набылі шмат ведаў пра кроў — па яе складзе, згортванні і пераліванні. На занятках па хіміі ім спадабаліся лабараторныя доследы, дзе дзяўчаты вучыліся самастойна змешваць рэчывы і назіраць за не бачанымі раней рэакцыямі. Сяброўкі кажуць, што зараз ім крыху лягчэй даецца школьная праграма.

У школе дакладных навук дзеці спыняюцца на тых тэмах, якія сустрэнуцца ў школьным курсе хіміі і біялогіі ў канцы 10—11 класа. Апераджальнасць праграмы разлічана на тое, каб, будучы занятым працэсам паступлення ў выпускным класе, дзіця не затрачвала час на асваенне новага складанага матэрыялу, а толькі аднаўляла яго ў памяці, разабраўшы большасць пытанняў на курсах.

— У школьных лабараторыях існуюць некаторыя абмежаванні, хоць многія ўстановы стараюцца абнаўляць і ўдасканальваць свае базы. У нашых жа ўмовах мы можам паказаць дзецям больш. Калі ўзяць, напрыклад, батаніку і заалогію — хлопцы і дзяўчаты знаёмяцца з разнастайнасцю расліннага і жывёльнага свету праз вучэбныя гербарыі, калекцыі мхоў, лішайнікаў і інш. Разглядаючы біялогію толькі па карцінках, можна страціць цікавасць, — заўважае Вольга Янчурэвіч. — Тое, што не можам расказаць на ўзорах, паказваем на відэа. Таксама дзецям падабаюцца віртуальныя лабараторныя работы па нервовай і крывяноснай сістэмах. 

Маё знаёмства з васьмікласнікамі прыпадае на час, калі дзеці рашаюць ураўненні. Запісва­юць зыходныя даныя, заціхаюць, звяраюцца з дошкай, задаюць пытанні выкладчыку… Далей іх чакае самае цікавае: яны ўбачаць, як розныя рэчывы будуць паво­дзіць сябе пры змешванні. На вачах празрыстыя вадкасці ў колбах ператвараюцца ў розныя колеры вясёлкі: жоўты, сіні, чырвоны. “Ці карысны матэрыял, які вам расказваюць на курсах?” — пытаюся ў падлеткаў. “Вядома!”, “Канечне! Тут даюць усё паспрабаваць самому!”, “Стала прасцей разумець матэрыял на ўроках. У класе мы цяпер амаль зоркі”, — крыху збянтэжана, але ўпэўнена даносіцца з розных бакоў кабінета.

Не адстаюць ад старэйшых вучняў малодшыя слухачы курсаў — сямікласнікі. Іх па праве можна назваць і самымі сур’ёзнымі наведвальнікамі заняткаў: яны засяроджана ўбіраюць словы выкладчыка, не адцягваюць увагу на тое, што не мае дачынення да прадмета. Ды і матывацыю займацца дадаткова па выхадных абгрунтоўваюць зусім па-даросламу. Саша Мікрахімава не плануе звязваць будучыню з хіміяй і біялогіяй, але пераканана, што веды спатрэбяцца ёй для агульнага развіцця. Яна Банькова марыць быць правізарам, а Маша Хаванская бачыць сябе хірургам. Дзіма Шчалухін увогуле мясцовая знакамітасць. І не таму, што ў групе ён адзіны хлопец: дома сямікласнік часта “нешта падпальвае”, імкнецца право­дзіць доследы. На курсах жа хлопец найбольш уседлівы і ўдумлівы: тут яго энергію скіроўваюць у стваральнае рэчышча, падказваюць.

* * *

У 2022 годзе на базе факультэта пачнецца падрыхтоўка па спецыяльнасці “Біяхімія” (спецыялізацыі “Біяхімія лекавых сродкаў” і “Аналітычная біяхімія”). Студэнты атрымаюць паглыбленыя веды ў галіне фармацэўтычных біятэхналогій, нанабіятэхналогій, аналітычнай, клінічнай і медыцынскай біяхіміі, па тэхналогіях бялковых лекавых сродкаў і інш. Выпускнікі змогуць аналізаваць і кантраляваць якасць лекавых сродкаў і фітапрэпаратаў, маніторыць навакольнае асяроддзе і ацэньваць бяспеку прадуктаў харчавання, кіраваць тэхналагічнымі і вытворчымі працэсамі на фармацэўтычных прадпрыемствах.

Спецыяльнасці факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ прадстаўлены некалькімі напрамкамі: “Біялогія (навукова-педагагічная дзейнасць)”, “Біяэкалогія”, “Біялогія (біятэхналогія)” і “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання”. Пад­рыхтоўка будучых біятэхнолагаў грунтуецца на харчовых і фармацэўтычных біятэхналогіях. Навукова-педагагічны кірунак спе­цыяльнасці “Біялогія” адрозніваецца найбольшай фундаментальнасцю — менавіта тут пачына­юць рабіць першыя крокі ў навуку будучыя вучоныя. Пры падрыхтоўцы эколагаў робіцца ўхіл на адточванне такіх навыкаў, як устанаўленне хімічных і мікрабіялагічных паказчыкаў стану паветра, вады і глебы, а таксама эканамічная ацэнка прыродаахоўных мерапрыемстваў. Студэнты спецыяльнасці “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання” займаюцца праектаваннем аб’ектаў грамадскага харчавання з разлікам абсталявання, тэхналогій, аховы працы і эканамічных складнікаў.

Дар’я Ярмоленка — студэнтка другога курса (спецыяльнасць “Біялогія (біятэхналогія)”. Паступаць у ГрДУ дзяўчына прыехала з Магілёва.

— Многія пытаюцца: “Што ў цябе за спецыяльнасць такая?” Адназначна і не адкажаш. Біятэхналогія — гэта навука, звязаная з жывымі арганізмамі, таму сустракаецца ўсюды. Вакцыну ад каранавіруса стваралі біятэхнолагі, ёгурты з біфідабактэрыямі — яны ж, сучасныя збудаванні па ачыстцы вод ад хімічных забруджванняў распрацоўваюць навукоўцы з гэтай жа галіны.

Пра спецыяльнасць дзяўчына даведалася ў 11 класе. Выбіраючы паміж універсітэтамі Мінска, Пінска і Гродна, аддала перавагу апошняму. Дашу прывабіла тое, што пасля выпуску яна зможа быць не толькі біятэхнолагам, але і біёлагам і выкладчыкам біялогіі.

— Наўрад ці на факультэце змогуць вучыцца людзі, абыякавыя да біялогіі. Мы ж, акрамя заняткаў ва ўніверсітэце, праходзім палявую практыку, дзе збіраем гербарыі, ловім насякомых, прэпаруем. А колькі яшчэ ўсяго! — расказвае Дар’я.

Вадзім Гунько — трэцякурснік спецыяльнасці “Біяэкалогія” — у Гродна прыехаў з Брэста. Хлопец амаль жыве ва ўніверсітэце.

Біялогія з’явілася ў яго жыцці разам з алімпіядамі. А факультэт біялогіі і экалогіі ён выбраў таму, што аднойчы прыехаў сюды на экскурсію.

На факультэце хлопец асвоіўся ўжо праз месяц. Адзінае, да чаго прывыкаў крыху больш, — пастаянная работа ў лабараторыях. Менавіта гэты працэс, па словах Вадзіма, займае большую частку вучобы студэнта яго спецыяльнасці.

— Наш факультэт — атма­сфернае месца, дзе ўсе ведаюць адно аднаго. Тут студэнты мо­гуць дакранацца да біялогіі і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. У нас не змогуць вучыцца тыя, хто не любіць выходзіць з зоны камфорту і баіцца прыроды, хто прывык сядзець у цёплым пакоі і проста пісаць канспекты. У іншых выпадках, калі чалавек мае жаданне вучыцца, яму ў гэтым абавязкова дапамогуць.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.