Мы — у культурна-гістарычнай прасторы горада

- 8:58Практыкум

На выпускным экзамене за курс сярэдняй школы правяраецца засваенне навучэнцамі зместу вучэбнага прадмета “Гісторыя Беларусі” са старажытных часоў да нашых дзён. Усякі экзамен ёсць выпрабаванне. Як дапамагчы выпускнікам падрыхтавацца да паспяховай здачы гісторыі? Лічу, што для перадэкзаменацыйнага паўтарэння можна выкарыстоўваць інтэрактыўны праект з элементамі квеста, робячы акцэнт на краязнаўчым матэрыяле, на ўпляценні яго ў агульную канву гісторыі нашай дзяржавы.

У Віцебскім філіяле Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі я прапанавала сваім навучэнцам выканаць квест “Адкрыццё Віцебска. Рыхтуемся да экзамену, вывучаючы горад”. Такога тыпу праект актуальны для ўстаноў, падобных да нашай. У ССНУ вучацца дзеці з розных рэгіёнаў. Экзамен здаецца на 1 курсе. Адкрываючы для сябе Віцебск, маладыя людзі адаптуюцца ў новым горадзе. Віцяблянам жа работа над гэтым праектам дазваляе павы­шаць агульнакультурны ўзровень, выяўляць асаблівасці гістарычнага развіцця рэгіёна, у якім яны жывуць, рухацца ў інтэлектуальнай дзейнасці ад прыватнага да агульнага, ад знаёмага мясцовага матэрыялу да гістарычнага абагульнення.

У праекце ўлічаны рэкамендацыі “Інструктыўна-метадычнага пісьма Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу пры вывучэнні вучэбных прадметаў “Сусветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі” ў 2016/2017 навучальным го­дзе”: у 10—11 класах (а гэта ўзрост навучэнцаў 1 курса ССНУ) праектная дзей­насць — эфектыўны метад навучання гісторыі. Выконваючы праекты, навучэнцы ўдасканальваюць даследчыя, камунікатыўныя кампетэнцыі: вучацца працаваць з крыніцамі інфармацыі, абмяркоўваць шляхі вырашэння праблемы, прадстаўляць вынікі індывідуальнай або калектыўнай работы, у тым ліку з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Праектная дзейнасць — сродак фарміравання прадметных, метапрадметных, асобасных кампетэнцый навучэнцаў. Вынікамі праектнай дзейнасці могуць быць рэферат, падбор экспанатаў для віртуальнай музейнай экспазіцыі і іх апісанне, складанне буклета, плаката, правядзенне сацыяльна значнай рэкламнай кампаніі, падрыхтоўка арыгінал-макета кнігі або часопіса і г.д.

Асноўваючыся на гэтым дакуменце, я падрыхтавала ў рамках квеста для кожнага навучэнца маршрутны ліст з пералікам пытанняў і інструкцыяй па выкананні праекта. У інструкцыі прапануецца:

1) азнаёміцца з пытаннямі маршрутнага ліста;

2) выкарыстоўваючы існуючыя веды, выканаць заданні, адказы на якія ўжо вядомы;

3) для пошуку інфармацыі па астатніх пытаннях скарыстацца вучэбным дапаможнікам, даведачным выданнем для падрыхтоўкі да экзамену, іншай літаратурай, інтэрнэт-крыніцамі, дапамогай сяброў, кансультацыяй выкладчыка;

4) з усяго пераліку заданняў квеста той, хто яго выконвае, можа выбраць не ўсе, а найбольш прывабныя і цікавыя. Аднак у гэтым выпадку адказы на іх трэба даваць больш разгорнутыя і абгрунтаваныя;

5) працаваць над праектам можна індывідуальна або ў пары;

6) для выканання квеста, выкарыстоўваючы сэрвіс GoogleMaps, карту або турыстычны даведнік, трэба лакалізаваць у гарадской прасторы месцазнаходжанне памятных аб’ектаў, адзначаных у маршрутным лісце;

7) потым трэба знайсці адзначаныя гістарычныя месцы ў горадзе, сфатаграфаваць іх або зрабіць сэлфі. Адказаць на квеставыя пытанні, звязаныя з імі;

8) на адным з наступных вучэбных заняткаў здзейсніць з выкладчыкам пешую экскурсію па гістарычнай частцы Віцебска з мэтай удакладнення і дапаўнення сабранай самастойна інфармацыі;

9) аформіць вынік сваёй дзейнасці ў адвольна выбранай форме (відэапрэзентацыі, сэлфі-роліка, даведніка, газеты або часопіса, комікса, калажу, “шпаргалкі” для экзамену і г.д.);

10) прэзентаваць выкананую работу.

Маршрутны ліст, акрамя інструкцыі, уключыў у сябе 50 квеставых заданняў. Многа. Але нагадаю, што можна было вы­браць толькі некаторыя. Я склала 50, таму што экзаменацыйных білетаў 25. У кожным — тры пытанні. Два тэарэтычныя, як адзначаюць рэкамендацыі Міністэрства адукацыі, якія патрабуюць вуснага разгорнутага адказу, і трэцяе, арыентаванае на выяўленне ўзроўню сфарміраванасці агульнавучэбных і спецыяльных гістарычных уменняў.

У змесце кожнага тэарэтычнага пытання я вылучыла мясцовы, краязнаўчы кампанент і на яго аснове сфармулявала заданні, якія матывуюць навучэнцаў суаднесці факты гісторыі дзяржавы з падзеямі ў нашым рэгіёне. Адказваючы на іх, навучэнцы апынуліся ва ўмовах, якія патра­буюць практычнага прымянення кампанента ведаў: сінхранізаваць падзеі, параўнаць, патлумачыць прычынна-выніковыя сувязі, ахарактарызаваць дзейнасць гістарычнай асобы і г.д. Такім чынам, выконваючы ўсе заданні квеста, навучэнцы непасрэдна або ўскосна закраналі 75 экзаменацыйных пытанняў.

Пры складанні квеставых заданняў для мяне былі актуальны рэкамендацыі метадыста Нацыянальнага інстытута адукацыі Алены Чарновай. Яны апублікаваны на сайце “Nastaunik.info” ў артыкулах “Фотаздымак як медыятэкст” і “Помнік як мэдыятэкст”.

Сярод пытанняў праекта “Адкрыццё Віцебска” былі, напрыклад, такія:

  1. Наша навучальная ўстанова размешчана на высокім беразе Заходняй Дзвіны. Гэтая рака— частка знакамітага шляху “з вараг у грэкі”. Адшукайце фотаздымкі ракі, зробленыя ў ХІХ ст. Зрабіце яе фотаздымкі ў наш час. Знайдзіце інфармацыю пра кнігу віцебскага краязнаўца А.Сапунова “Рака Заходняя Дзвіна. Гісторыка-геаграфічны аг ляд”. Параўнайце яго апісанне з нататкамі сучасных даследчыкаў. Апішыце ў некалькіх сказах ролю Дзвіны ў гісторыі Віцебска.
  2. Паспрабуйце прачытаць тэкст знойдзенай у Віцебску берасцяной граматы ХІІІстагоддзя. Якое паведамленне перадае грамата нашчадкам? Дзе ў нашым горадзе быў знойдзены гэты артэфакт? Дзе ў нашы дні можна ўбачыць гэтую рэліквію?
  3. Будынак пазямельна-сялянскага банка быў пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя ў стылі рускага рамантычнага напрамку “мадэрн”. Яго франтон упрыгожвае герб Віцебска. Як функцыянуе гэты архітэктурны помнік у прасторы сучаснага горада?
  4. Якія сэнсавыя пласты можна выявіць, пазнаёміўшыся з гісторыяй знакамітай віцебскай ратушы?
  5. У гэтым, асабліва любімым дзіцячай публікай, віцебскім тэатры і сёння працягваюцца традыцыі батлеечных паказаў. Якія каштоўнасці трансліруе дзейнасць гэтага тэатра?
  6. Чым цікавы раён Задзвінне для гара­джан, гасцей Віцебска і навучэнцаў нашай акадэміі?
  7. Ці можна лічыць трамвай адным з брэндаў Віцебска і чаму? Уявіце сябе пасажырам трамвая ў пачатку ХХ стагоддзя. У форме навучэнца вы дабіраецеся на заняткі. Якую суму вы заплаціце за праезд?
  8. У цэнтры былой Дварцовай плошчы знаходзіцца 26-метровы манумент з чырвонага фінскага граніту. Ён увенчаны двухгаловым арлом. У гонар якіх падзей пастаўлены гэты помнік? Зафіксуйце на фотаздымках не менш за дзесяць гісторыка-культурных аб’ектаў, размешчаных зараз на гэтай плошчы, якія адносяцца да розных эпох і розных сфер грамадскага жыцця.
  9. Нядаўна свой 150-гадовы юбілей адзначыла Беларуская чыгунка. Віцебскі вакзал — яе частка. Як яго жыццё апісала ў сваёй кнізе “Агні, якія гараць” муза, вялікае каханне і жонка Марка Шагала — Бэла?
  10. Якія прадпрыемствы былі пабудаваны ў Віцебску ў гады першай пяцігодкі? Як іх галіновая накіраванасць падкрэслівае асаблівасці правядзення індустрыялізацыі ў БССР?
  11. У 1926 годзе ў час правядзення палітыкі беларусізацыі ў Віцебску адкрыўся значны для культурнага жыцця горада аб’ект. У розныя гады ў ім служылі С.Станюта, Ф.Шмакаў, З.Канапелька, С.Акружная і многія іншыя. Як звязана з яго гісторыяй жыццё чалавека, чыім імем названа вуліца, на якой знаходзіцца наша навучальная ўстанова?
  12. Якое паведамленне сканструяваў аўтар у створаным памятным знаку, прысвечаным П.М.Машэраву на Замкавай вуліцы горада? Што вы ведаеце пра Пятра Міронавіча? Як у Віцебску ўвекавечана яго імя?

Вынікі работы афармляліся ў самастойна выбранай форме. У час прэзентацыі практычна кожны стараўся падаць свой адукацыйны прадукт арыгінальна і крэатыўна: відэаролікі, прэзентацыі з анімацыяй, дапаможнікі-часопісы, насценныя газеты-карты, альбомы са сваімі малюнкамі і апісаннямі памятных месцаў, сэлфі-альбомы.

Рэфлексуючы, навучэнцы разважалі аб праведзенай рабоце:

Алег Ціханаў: “Узяць інтэрв’ю ў карэннага жыхара Віцебска — вось што мне хацелася дабавіць да заданняў квеста”.

Дзмітрый Талочка: “Пра месцазнахо­джанне некаторых памятных месцаў мне прыходзілася пытацца ў незнаёмых людзей. Гэта стала для мяне цікавым вопытам. А яшчэ я паклаў кветкі да помніка “Дзецям вайны”.

Павел Піскуноў: “Да гэтага квеста я не вельмі разбіраўся ў гісторыі свайго горада. Мне было цікава адказваць на пытанні. Ведаеце, як я гэта рабіў? Браў з сабой маршрутны ліст, тэлефон і веласіпед. Катаўся па горадзе і патрошку адказваў на пытанні. Я не дабаўляў бы пытанні, іх хапае, месцамі яны цяжкія, але ад гэтага цікавейшыя”.

Артур Бусел: “З адказамі мне дапамог настаўнік гісторыі ў родным Наваполацку”. “На новым этапе работы па “адкрыцці Віцебска” хацеў бы не толькі вывучаць знешнія атрыбуты, але і паглыбляцца ў яго душу”. “Каб адказы фармуляваць дакладна і навукова, часта звяртаўся да вучэбнага дапаможніка і да білетніка”.

Зоя Гайдукова: “Я дрэнна ведаю Віцебск, але, выконваючы заданні, спрабавала зразумець гэты горад. Спадзяюся, што за гады вучобы ён стане для мяне родным”. “У час экскурсіі мы з сябрамі рабілі многа фотаздымкаў, якія і праз многа гадоў будуць нагадваць пра горад і нашу акадэмію”.

Антон Яцук: “Каб адказаць на пытанні, мне спатрэбілася дапамога маіх бацькоў, дзядзькі, бабуль, прабабуль. Дапамог таксама інтэрнэт”.

Ягор Рашатнёў: “Пошук адказаў на заданні маршрутнага ліста зацягваў, захапляў і патрабаваў ад мяне сіл і цярпення”.

Каця Шыманоўская: “Я не жыла ў гэтым горадзе, таму адкрываць яго было асабліва цікава”.

Дзмітрый Рубіс: “Афармляць прэзентацыю было ўтомна, але я рабіў яе з аднагрупнікам. Нам было цікава і весела: знайсці інфармацыю, апрацаваць яе, перагледзець фотаздымкі, зробленыя ў час экскурсіі”.

Валерыя Бераснева: “Работа была цікавая, таму што творчая. Я дабавіла б у вучэбную праграму па гісторыі больш урокаў-экскурсій. Лічу, што гэта нават цікавей, чым пошук звестак у інтэрнэце”.

Прааналізаваўшы вынікі сумеснай работы, мы з навучэнцамі вырашылі распрацаваць і рэалізаваць новыя праекты, якія дапамогуць цікава жыць, вучыцца з задавальненнем і паспяхова рыхтавацца да экзаменаў.

Алена КУНАШКА,
выкладчык кафедры гуманітарных навук
Віцебскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі.