Развіваць экатурызм у гістарычным месцы ўзяліся педагогі і навучэнцы Капыльскага дзяржаўнага каледжа.
Падрамаць пад гудзенне пчол, папарыцца ў лазні-бочцы, пакаштаваць гарбату на травах з мёдам, прагуляцца басанож па экасцежцы да кантактнага міні-заапарка, пакарміць трусоў, коз або парсючкоў — усё гэта можна зрабіць у сядзібе “Мядовая заімка”, што знаходзіцца ў вёсцы Усава, за 5 кіламетраў ад Капыльскага дзяржаўнага каледжа.
Развіццём экатурызму педкалектыў і навучэнцы займаюцца вось ужо чацвёрты год. Гэта адзін з 9(!) напрамкаў вучнёўскай бізнес-кампаніі “Эргана”, якая функцыянуе ва ўстанове адукацыі з 2013 года. Нядаўна праект “Мядовая заімка” перамог на занальным этапе рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.
Месца для заімкі было абрана не выпадкова. Яно са сваёй цікавай гісторыяй. Тэрыторыя сядзібы знаходзіцца на землях, якія належалі літаратару і грамадскаму дзеячу Станіславу Рэйтану. Каля возера захавалася капліца знакамітага роду.
Старт праекта
— У аснове развіцця сельскага турызму — рэалізацыя дзвюх бізнес-ідэй навучэнцаў “Поспех на крылах пчалы” і “Выхадны дзень Міншчыны”, — расказвае, з чаго пачынаўся праект, Наталля Лукашэвіч, загадчыца вучэбна-вытворчай майстэрні і кіраўнік “Эрганы”. — Абдумваючы, якім можа быць тур выхаднога дня, мы вырашылі паспрабаваць аб’яднаць мноства розных ідэй, каб максімальна ўлічыць меркаванні і задумы ўсіх навучэнцаў і супрацоўнікаў, а таксама зрабіць адпачынак гасцей насычаным і запамінальным.
Сёння некалі закінутыя 4 га тэрыторыі не пазнаць. Першае, што зрабілі педагогі і вучні, дружна ўзяўшы ў рукі граблі і рыдлёўкі, — добраўпарадкавалі прыбярэжную зону, навялі прыгажосць у старым садзе. А яшчэ ўсталявалі лавачкі, вертыкальныя кветнікі і скульптуры з металу. Затым узнікла ідэя стварыць экасцежку з 12 тэматычных станцый. Першай стала станцыя “Вадаём”. Тут госці даведваюцца аб біяцэнозе вадаёма, а затым з задавальненнем разглядаюць месца пражывання баброў на “Бабровай запрудзе”.
Працягласць станцыі “Малая экалагічная сцежка” складае 30 метраў. Па ёй, дарэчы, можна прайсціся басанож, і вядзе яна да станцыі “Міні-заапарк”, якую насяляюць перапёлкі, фазаны, качкі, паўліны, дэкаратыўныя куры і пеўні розных парод, белыя галубы, трусы, парасяты, камерунскія козы. А яшчэ тут жывуць марская свінка, пугач Філя, якога нядаўна навучэнцы знайшлі на тэрыторыі каледжа, і поні Маша. У наступным годзе, калі яна крыху падрасце, яе пачнуць прывучаць да сядла, каб можна было катаць маленькіх гасцей.
Лазня, мёд і… сон на пчолах
Для аматараў пары прыемнае дапаўненне да наведвання сядзібы — лазня-бочка. А вось “Пчальнік”, дзе жывуць 14 пчоласямей, якія ў сярэднім у год даюць каля 500 кілаграмаў якаснага мёду, некаторыя госці стараюцца абмінуць. Затое ў экзатычных хатках для апітэрапіі многія затрымліваюцца. Тут наведвальнікам прапануецца 45-мінутны сон на мяккім матрацы з духмянага сена пад манатоннае гудзенне пчол. Гэта дапамагае нармалізаваць сон, апетыт, настрой, пазбаўляе ад стомы і раздражняльнасці.
— Займаючыся арганізацыяй і добраўпарадкаваннем станцый, удзельнікі бізнес-кампаніі засвойваюць шмат новага вучэбнага матэрыялу, атрымліваюць веды па біялогіі, геаграфіі, гісторыі, эканоміцы, — звяртае ўвагу Наталля Аляксандраўна. — На “Метэастанцыі” ёсць спецыяльнае абсталяванне для вымярэння вільготнасці паветра, тэмпературы, вызначэння напрамку і сілы ветру, а хутка з’явіцца і сонечны гадзіннік. Улетку займацца гаспадаркай, даглядаць жывёлу, арганізоўваць мерапрыемствы дапамагаюць навучэнцы з ліку дзяцей-сірот. Яны з задавальненнем праводзяць цёплыя дні на прыродзе і вучацца працаваць на зямлі.
Дарэчы, домік на дрэве побач з вадаёмам — ідэя навучэнцаў. Тут можна пасядзець за кубкам гарбаты, любуючыся прыгожым пейзажам з вышыні птушынага палёту. На беразе таксама размясціліся некалькі альтанак з мангаламі, летняя кухня з сапраўднай печкай, дзіцячая спартыўная пляцоўка. Па папярэдным заказе будучыя кухары могуць згатаваць для гасцей юшку, салдацкую кашу ці зладзіць чаяванне з блінамі.
Увесну гэтага года яблыневы сад папоўніўся дваццаццю маладымі дрэвамі, пладова-дэкаратыўнымі кустамі, таксама ў сядзібе з’явілася алея хвойных саджанцаў. Прымяніўшы веды па вырабе пешаходнай пліткі і бардзюраў, навучэнцы каледжа абсталявалі на беразе возера крынічку. Неўзабаве ўсе сцяжынкі ад станцыі да станцыі плануюць таксама вылажыць пліткай.
У найбліжэйшых планах педагогаў і навучэнцаў — адкрыццё музея мёду. Гэта павінна адбыцца ўжо ў канцы наступнага месяца, бо 26—27 жніўня чакаецца вялікі наплыў гасцей — у Капылі пройдзе культурна-спартыўны фестываль “Вытокі”.
Ну а ў доўгатэрміновай перспектыве збіраюцца дамовіцца з мясцовымі ўладамі аб далучэнні да тэрыторыі заімкі вадасховішча, дзе можна будзе разводзіць рыбу. Таксама педагогі і навучэнцы мараць пабудаваць невялікую харчэўню і некалькі гасцявых домікаў, каб наведвальнікі “Мядовай заімкі” змаглі заставацца тут на начлег. Жадаючых, напэўна, будзе нямала, бо з кожным годам прыхільнікаў гэтага месца становіцца ўсё больш.
Марына КУНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.